ZALAты юбілей

Значная сама па сабе, лічба, аднак, і блізка не адлюстроўвае глядацкую цікавасць жыхароў вобласці да інтэрактыўнага тэлебачання ZALA. Правільным будзе, калі павялічыць яе разы ў 3-4 – па колькасці чалавек, што  складаюць сярэднестатыстычную ячэйку грамадства і, адпаведна, з’яўляюцца карыстальнікамі гэтай параў-нальна новай паслугі ад “Белтэлекам”.

У нашым раёне, як паведаміў начальнік Ляхавіцкага РВЭС Анатолій Лукашэвіч, абаненцкая база інтэрактыўнага тэлебачання складаецца ўжо больш як з 2250 падключэнняў. Да таго ж – знаходзіць усё новых сваіх прыхільнікаў, пашыраецца літаральна з кожным днём. Вось і юбілейным 50-тысячным  на тэрыторыі вобласці абанентам інтэрактыўнага тэлебачання ZALA стала наша зямлячка. Шчаслівы білет “выцягнула” ляхавічанка, прадавец-кансультант аднаго з мясцовых прыватных прадпрыемстваў Наталля Траяновіч. ”Зрабіла гэта па парадзе сяброў, родных. У маёй дачкі падключана інтэрактыўнае тэлебачанне, у бацькоў. Усе вельмі задаволены: і якасцю “карцінкі”, і разнастайнасцю каналаў, і дадатковымі сэрвісамі. Напрыклад, ёсць жаданне паглядзець канкрэтны “эфір”, аднак, быць у гэты час дома не атрымліваецца. Ніякіх праблем: ZALA дае магчымасць прагляду тэлеперадач, якія трансліраваліся раней. Вельмі зручна, і не толькі гэтым”, – так па просьбе карэспандэнта абгрунтавала яна сваё рашэнне стаць карыстальнікам інтэрактыўнага тэлебачання.

Як “залатому абаненту” Наталлі Траяновіч быў уручаны     сертыфікат Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам” на права бясплатнага на працягу 6 месяцаў карыстання паслугай ZALA.  З  гэтай нагоды Ляхавічы наведалі начальнік упраўлення маркетынгу РУП “Белтэлекам” Вольга Віткоўская і начальнік камерцыйнай службы Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам” Юрый Астапчук. Пасля,  безумоўна, прыемнага моманту, калі сертыфікат       перайшоў да свайго законнага ўладальніка, Юрый Сцяпанавіч падзяліўся думкамі наконт укаранення новых тэхналогій у  галіну электрасувязі. Адзначыў, у прыватнасці, што паслуга  ZALA прапаноўваецца структурнымі падраздзяленнямі РУП “Белтэлекам” параўнальна нядаўна. Тым не менш, той факт, што за адносна непрацяглы тэрмін колькасць яе карыстальнікаў на Брэстчыне перавысіла 50-тысячны рубеж, гаворыць сам за сябе.

Паслуга вельмі папулярная і вартая значна больш, чым прыкладна 25 тысяч рублёў              штомесячнай абаненцкай платы. Адкрываюцца абсалютна іншыя магчымасці звычайнага тэлебачання. У тым ліку непараўнальна больш выгадная – лічбавая – якасць адлюстравання. Падключэнне толькі да базавага пакета “Прэм’ера”  дае магчымасць прагляду 41 тэлевізійнага канала. Пачынаючы ад вядомых кожнаму класічных і да рознага роду вузкаспецыялізаваных. Адзін дотык да пульта кіравання тэлевізійным прыёмнікам здольны пераўтварыць ZALA у, вобразна кажучы, кіназалу, залы  тэатральную, музейную, спартыўную і шмат якую яшчэ. Усё гэта – не ўстаючы з канапы. Дарэчы,       адзін з некалькіх дадатковых пакетаў праграм інтэрактыўнага тэлебачання ад “Белтэлекам” іменна так і называецца – “На канапе”.

Для таго, каб карыстацца ZALA, не патрэбна пракладваць дадатковы кабель ці ўстанаўліваць нейкія там антэнныя прыстасаванні. Дастаткова быць абанентам стацыянарнай тэлефоннай сеткі. Пры гэтым, прагляд інтэрактыўнага тэлебачання ніякім чынам не ўздзейнічае на работу звычайнай тэлефоннай сеткі. Інакш кажучы, падчас прагляду тэлевізійных праграм тэлефон не з’яўляецца занятым, працуе ў звычайным рэжыме.

Акрамя прагляду тэлевізійных перадач у так званым жывым эфіры, абанентам ZALA даступны дадатковыя сэрвісы. Напрыклад, пастаноўка тэлеперадачы на паўзу з магчымасцю ўзнаўлення яе далейшага прагляду, прагляд тэлепраграм, трансляцыя якіх адбывалася раней, ці запіс тых тэлепраграм, якія пойдуць у эфіры пазней, і іншае.

Вы яшчэ не ў ZALA? У такім выпадку, калі ласка, на Ляхавіцкі РВЭС!

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *