Дайце шанц Нікіціну!

Дзякуючы ажыццяўленню дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіццё вёскі, сёння відавочныя яе пераўтварэнні. Пабудаваны аграгарадкі і вытворчыя аб’екты, укараняюцца новыя тэхналогіі вытворчасці.

Але ёсць і так званыя неперспектыўныя вёсачкі, дзе ўсё больш дамоў сустракаюць замкнёнымі дзвярыма і шчыльна занавешанымі вокнамі. Моладзь усё ж не так часта, як хацелася б, застаецца, каб прадоўжыць хлебаробскую справу бацькоў, выязджае ў горад у пошуках шчасця. Але бывае і так, што з горада едуць у вёску. І такія выпадкі наводзяць людзей на розныя думкі, часам з нядобразычлівым ухілам. Тое, што вяртаецца да зямлі хлебароб, іменна той чалавек, які ёй вельмі патрэбен, не бярэцца на ўвагу.

…Ва Улазавічы прыехала  з Гомеля маладая сям’я Нікіціных — у бабулін дом, які стаяў пусты, з забітымі вокнамі і заросшымі сцежкамі-дарожкамі. Аляксей як галава сям’і адразу ўзяўся за ўладкаванне сядзібы і стаў выношваць планы арганізацыі фермерскай гаспадаркі. Спачатку прывёў у парадак зямельны ўчастак ля дома – і ажыла сядзіба. Там, дзе была трава па пояс, сёння стаяць цяпліцы з памідорамі, адведзены ўчастак пад капусту, перац, пасадзілі і крыху бульбы. За 7 гадоў, што працуюць Нікіціны на бабулінай сядзібе, суседзі не нарадуюцца: заўсёды можна ў старанных маладых людзей прыкупіць агародніны. Вось і сёлета выдатны ўраджай памідораў, хопіць і сабе, і вяскоўцам. Можна сказаць, шанцуе жыхарам Улазавіч, бо ў вёсцы гэта ўжо трэцяя гаспадарка, дзе вырошчваецца агародніна на продаж. Канкурэнты? Гэта здаровая з’ява ў эканоміцы, якая не палохае сапраўдных гаспадароў.

Аляксей Нікіцін умее ладзіць з вяскоўцамі, калі трэба што – абавязкова дапаможа. Некаторыя пажылыя жыхары Улазавіч прапанавалі яму апрацоўваць і іх участкі: запусцення не будзе. І такіх, па 20 сотак, набралася 2 гектары. Аднак, як лічыць Аляксей, гэта не выхад са становішча, калі ўжо і вопыт ёсць у агародніцтве, і жаданне працаваць на зямлі, і магчымасці: фермерская гаспадарка павінна быць афіцыйна аформленай, як належыць, са сваім статутам, рахункам і г.д.

Якраз праз дарогу, насупраць бабулінага дома, раскінулася зямля, якая, па сутнасці, пустуе. Пустазелле ў рост чалавека развейвае сваё насенне па акрузе. Звярнуўся ў сельсавет і праўленне СВК “Жарабковічы” з просьбай выдзеліць для арганізацыі фермерскай гаспадаркі гэтыя 5,3 гектара.

Здавалася б, у чалавека добрыя намеры, якія, па ўсёй верагоднасці, павінны быць падтрыманы мясцовай сельскай уладай і праўленнем гаспадаркі. Але чамусьці атрымалася зусім наадварот: СВК “Жарабковічы” агульным сходам, які правяло праўленне гаспадаркі, катэгарычна адмовіла Нікіціну ў яго просьбе. Цэлы год ён абівае парогі шматлікіх інстанцый, яго падтрымліваюць паўсюдна, але і зноў усе спадзяванні разбіваюцца аб сцяну неразумення СВК. Дарэчы, пасля таго, як Аляксей пачаў шукаць падтрымку, у адзін з дзён на пустку прыехала некалькі адзінак тэхнікі, быў скошаны бур’ян, работнікі разабралі рэшткі былой фермы. Па пошце ён атрымаў афіцыйны адказ праўлення гаспадаркі, што на гэтай зямлі  зробяць перазалужэнне, і жыхары вёскі будуць пасвіць там сваю жывёлу. Праўда, пасля таго, як быў скошаны бур’ян, па словах Нікіціна, на пустцы ніякага руху не назіраецца…

Прааналізаваўшы выпіску з пратакола № 2 агульнага сходу ўпаўнаважаных членаў СВК “Жарабковічы” ад 16.02.2011г., на якім была разгледжана заява Нікіціна аб вы-дзяленні яму зямельнага ўчастка, можна зрабіць выснову. Малады чалавек, які мае моцнае жаданне і намер працаваць на зямлі і не можа мірыцца з безгаспадарчымі адносінамі да карміцелькі, наступіў праўленню на “балючы мазоль”, калі напісаў, што ”ў СВК нерацыянальна выкарыстоўваецца зямля”. У гэтым жа пратаколе занатаваны словы старшыні Віталія Бусько: “… у апошнія гады гаспадарка займае першыя месцы ў вобласці па выхаду кармавых адзінак з 1 га ворыва. У 2010 годзе ён склаў 82,3 ц, а ў 2009      – 100,3 ц/га”. Аднак, усім вядома, што самая вялікая ў раёне па плошчы гаспадарка мае і самыя ўрадлівыя землі. Ды і размова ішла іменна пра пустку, якая давала да нядаўняга часу ўраджай пустазелля. Далей Віталій Бусько зазначыў: ”Нікіцін А. А. сказаў, што яму ўчастак патрэбен для вырошчвання агародніны. Тэхнікі не мае. Ёсць рабочыя рукі і жаданне працаваць”… А хіба гэтага мала? Сёння такія людзі – рэдкасць, то чаму б ім не даць шанц, не скарыстаць  добрыя намеры, жаданне і імкненне?! Тым больш, што маладую сям’ю падтрым-ліваюць і людзі. Нават у той жа пратакол занесена: “Талмачынская Л. А сказала, што Нікіцін добрасумленны чалавек і насельніцтва купляе ў яго агародніну”. І не важна, што ён зарэ-гістраваны ў Ляхавічах, а вядзе гаспадарку на бабуліным участку ва Улазавічах. Ён працуе і вельмі стараецца. За 7 гадоў набыў добрыя практычныя навыкі, стаў выкарыстоўваць насенне вышэйшых рэпрадукцый, эфектыўныя сродкі аховы раслін. І, як запэўніў Аляксей, у яго ёсць магчымасць набыць тэхніку, калі, зразумела, будзе ў гэтым неабходнасць.

Відаць, пры разглядзе заявы Нікіціна не звярнуў увагі на важныя нюансы і начальнік райсельгасхарчу Мікалай Варажун. Відавочна, што асноўная база Нікіціна знаходзіцца ва Улазавічах, вядома  і тое, што ў пачынаючага земляроба яшчэ няма ў наяўнасці дастаткова тэхнікі. То ці рацыянальна прапаноўваць “размясціць фермерскую гаспадарку на землях СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”(былое садаводчае таварыства “Бярозка”)”…

Тым часам Аляксею Нікіціну паведамілі, што яго дакументы на адкрыццё гаспадаркі гатовы. Яна будзе называцца “Алнік-Агра”. Іх засталося забраць. І толькі пякуць рукі паперы, атрыманыя з СВК “Жарабковічы”: “ У сувязі з тым, што землі ў СВК “Жарабковічы” выкарыстоўваюцца эфектыўна, выхад кармавых адзінак з 1 га ворыва ў 2010 годзе склаў 82,3 ц, а ў 2009  – 100,3 ц/га, у выдзяленні зямельнага ўчастка Нікіціну А. А. адмовіць”…

Фармалізм чысцейшай вады.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *