А ў ААТ «Шлях новы» палеткі з яравым ячменем сыплюць больш як па 82 центнеры з гектара!
Ячменная поле – вачэй не адвесці! Ніва густая, як шчотка, і шчодрая на збожжа: у каласку дырэктар ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш і намеснік начальніка райсельгасхарчу Наталля Грынкевіч (на здымку) налічылі 26 зярнят – сапраўднае багацце! Сабраць гэтае багацце без страт – галоўная задача аграрыяў.

Тутэйшыя хлебаробы прыступілі да ўборкі яравога ячменю ў сераду, а на раніцу пятніцы на корані заставалася усяго 30 ячменных гектараў са 165.
Дарэчы, сярод лідараў раённага жніва ўсе тры экіпажы – са «Шляху новага». Андрэй Юруць і Іван Царыкаў намалацілі больш за 630 тон збожжа. Малады і заадно сямейны экіпаж Камінскіх – браты Аляксандр і Яўгеній – крыху недабралі да паўтысячы тон. Блізка да іх яшчэ адзін сямейны экіпаж – Аляксандр і Сяргей Цімашкі.

