Зернесушыльная стратэгія. «ЛВ» пацікавіўся, як ідзе дапрацоўка вырашчанага і зжатага ўраджаю на зернеачышчальных комплексах. Завіталі ў ААТ «Жарабковічы»
Уборка ўраджаю – работа камандная. Тоны будучага хлеба, ашчадна абмалочаныя камбайнерамі і беражліва перавезеныя вадзіцелямі, даачышчаюць і дасушваюць аператары зернеачышчальных комплексаў. Сёлета ім адведзены надзвычай важныя ролі ў жніўным сюжэце. Цяжка аспрэчыць словы – ураджай не той, што ў палях, а той, што ў засеках. На сёлетнім жніве, як, дарэчы, і заўсёды, стратэгічная задача – максімальна захаваць ураджай.

У Ляхавіцкім раёне паступова з пэўнай карэкціроўкай пад надвор’е жніўная кампанія набірае абароты. У мінулую сераду, калі дождж не даў шанцаў камбайнам выйсці на жніўныя гектары, «ЛВ» пацікавіўся, як ідзе дапрацоўка вырашчанага і зжатага ўраджаю на зернеачышчальных комплексах. Завіталі ў ААТ «Жарабковічы».

– Усе зернесушыльныя комплексы (а іх у гаспадарцы шэсць), да гарачай жніўнай пары падрыхтавалі загадзя: зроблены капітальны рамонт, чысцілі, дэзынфіцыравалі. З першых крокаў жніўнай кампаніі комплексы працуюць у бесперапынным рэжыме. Няма ў сельгаспрадпрыемстве і праблем з кадрамі – усе ЗСК поўнасцю ўкамплектаваны аператарамі, – расказвае начальнік цэха раслінаводства ААТ «Жарабковічы» Сяргей Каляда.

І рапс патрабуе дапрацоўкі
Як і адзначалі спецыялісты-аграрыі, сёлета амаль усе зерневыя і збожжавыя культуры патрабуюць дапрацоўкі. І рапс не выключэнне. У гаспадарцы на двух ЗСК у Жарабковічах зараз перапрацоўваецца алейнае насенне менавіта гэтай сельгас-культуры. Частка рапсу будзе рэалізавана ў лік дзяржзаказу, астатняе адправіцца ў цэх па перапрацоўцы рапсу.
– Вызначальны фактар – вільготнасць насення. Напрыклад, сёння на «М-819» за восем гадзін давялі да неабходнай кандыцыі 40 тон рапсу. Хаця звычайна пры сухім надвор’і на гэта адводзілася 2-3 гадзіны. Як гаворыцца, адчуйце розніцу. Вось чаму сёння ЗСК – напружаны ўчастак, дзе вырашаецца важная задача, – удакладняе Сяргей Каляда.

На ЗСК работа бесперапынная
Вытворчы працэс на ЗСК не спыняецца: комплексы дзейнічаюць у кругласутачным рэжыме. Кожная аператарская змена доўжыцца па 12 гадзін.
Аператары двух жарабковіцкіх «М-819» Віктар Лойка і Аляксандр Пілецкі разам з калегамі Вадзімам Кудзіным і Мікалаем Халопіцам дзеляць лідарства ў раённым жніўным спаборніцтве сярод аператараў зернеачышчальна-сушыльных комплексаў. Трэба адзначыць, што яны штогод паказваюць сапраўдны майстар-клас у жніўнай справе.
– На гэтым комплексе працую больш за 20 гадоў і амаль увесь час у камандзе з Аляксандрам Пілецкім. Асноўныя абавязкі – граматна выставіць настройкі, уважліва сачыць за працэсам перапрацоўкі. Сёлета збожжа вільготнае, таму перапрацоўка ідзе больш марудна, але галоўнае – якасць, – гаворыць Віктар Лойка.
Канешне, стомленасць пры такіх нагрузках сказваецца. Але аграрыі на яе не звяртаюць увагу, бо разумеюць, што кожнае імгненне жніва вельмі важнае.
– Задача нумар адзін, пра якую гаворыць і Прэзідэнт, – каб усё да апошняга зярнятка было ўбрана з палёў. Гэта і ў інтарэсах сельгаспрадпрыемства. З гэтага складваецца эканоміка: чым большыя атрымаем вал і ўраджайнасць зерня, тым лепшым будзе эканамічны стан гаспадаркі, што адаб’ецца на дабрабыце тутэйшых працаўнікоў, – адзначае Сяргей Каляда.
Па стане на раніцу чацвярга ў гаспадарцы перапрацавалі больш за 6800 тон збожжа.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.







