Как жители Ляховичского района теряют деньги из-за мошенников
Тэлефонны падман
Жыхар раёна 2008 г. н. у адной з сацыяльных сетак знайшоў аб’яву пра продаж тэлефона. Зацікавіўся і ў выніку перапіскі з прадаўцом перавёў таму 600 рублёў. Пасля атрымання грошай прадавец перастаў выходзіць на сувязь. Па факце махлярства РАСК узбудзіў у адносінах да невядомай асобы крымінальную справу па частцы 1 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса.
Два выпадкі – адна схема
Жыхарка раёна наглядзела ў адным з акаўнтаў у сацыяльнай сетцы спартыўны касцюм і напісала прадаўцу паведамленне, а той прапанаваў перайсці па спасылцы ў месанджары. У месанджар пакупніца адправіла і чэк пра аплату рэчы. У адказ прадавец прапанаваў аплаціць за яе дастаўку тры з паловай рублі і скінуў адпаведную спасылку. Калі наша зямлячка ўвяла там даныя сваёй карткі, у яе спісалі больш за 1000 рублёў.
На такую ж махлярскую «вуду» трапіла і 24-гадовая жыхарка раёна. На яе балансе пасля перапіскі з «прадаўцом» адзення – мінус
337 рублёў.
РАСК па фактах крадзяжу маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі ў адносінах да невядомых асоб узбудзіў крымінальныя справы.
Аб’явы з продажам адзення ці іншых рэчаў па прымальным кошце запаланілі сацыяльныя сеткі. Тыя, хто вядзецца на «бясплатны сыр», павінны ведаць, што часцей за ўсё гэта махлярскі развод.
Перш чым набываць у інтэрнэце арэлі ці сукенку, звярніце ўвагу на першую публікацыю ў акаўнце. Павінна насцярожыць адсутнасць адзнак пакупнікоў і каментарыяў пад пастамі. Калі ў раздзеле «Адзнакі» пуста, значыць, што рэальныя пакупнікі ні разу не адзначылі магазін у сябе ў публікацыях, нягледзячы на тое, што ў акаўнта шмат падпісчыкаў. Відавочны фактар фэйкавага магазіна: пры праглядзе пастоў няма ні аднаго каментарыя ці яны зусім абмежаваныя. Таксама трэба звярнуць увагу на месцазнаходжанне акаўнта – на махлярскіх яно, як правіла, адсутнічае. Адразу спыняйце дыялог, калі прадавец паведамляе вам, што аплата ажыццяўляецца толькі па банкаўскай плацежнай картцы і дае спасылку нібыта для аплаты тавару, дзе трэба ўвесці рэквізіты карткі. Ведайце, што прадавец паспрабуе ўсяляк апраўдаць такі спосаб аплаты і знайсці для гэтага мноства прычын.
Не вядзіцеся на прапановы ў «Instagram» пра продаж тавараў па «самых прывабных цэнах»,
не верце гучным заявам, што гэта нібы «сакрэтны распродаж» або «эксклюзіўныя пастаўкі напрамую ад вытворцы».
Мінусавы баланс
Ляхавічаніну 1971 г. н. патэле-фанавалі быццам супрацоўнікі фінансавай міліцыі і напалохалі яго тым, што неўстаноўленая асоба выкарыстоўвае яго пашпартныя даныя і можа завалодаць рэквізітамі банкаўскай карткі. «Добразычлівы» суразмоўца прапанаваў аператыўна заблакаваць картку, каб на яе ўладальніка аферысты «не навесілі крэдытаў», і накіраваў для гэтага неабходную спасылку. Даверлівы ляхавічанін увёў даныя сваёй карткі і развітаўся з сумай больш за 1400 рублёў.
Запомніце, што супрацоўнікі праваахоўных органаў не тэлефануюць насельніцтву з прапановай блакавання плацежнай карткі ці з сакрэтным заданнем паўдзельнічаць у спецаперацыі па выяўленні махляроў.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік РАСК.

