Дзяржаўная падтрымка для саюза родных сэрцаў. Расказваем пра мнагадзетную сям’ю ляхавічан і пра дзяржаўны клопат

Сем’ям, якія выхоўваюць траіх ці больш дзяцей, дзяржава дзякуе шыкоўным падарункам – сямейным капіталам. Фінансавая падтрымка становіцца для сем’яў важкім стымулам для набыцця мнагадзетнага статусу. Памер сямейнага капіталу на сёння складае 33 275 рублёў. У такім памеры ў перыяд з 1 студзеня па 31 снежня 2025 года дапамога прызначаецца сем’ям пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей.
На Ляхавіччыне з 2020 года сямейны капітал прызначаны
508 сем’ям, з якіх 253 сям’і вырашылі датэрмінова выкарыстаць дзяржаўную падтрымку на паляпшэнне жыллёвых умоў,
24 – на атрыманне адукацыі на платнай аснове, а 16 – на стаматалагічныя паслугі.
Сёлета сямейны капітал ужо назначаны 18 сем’ям. Палова з іх вырашылі датэрмінова скарыстацца грашовымі сродкамі: сем –
на паляпшэнне жыллёвых умоў, а дзве сям’і выкарысталі дапамогу на стаматалагічныя паслугі, расказала спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Наталля Юрлевіч.

Мнагадзетная сям’я ляхавічан Уладзіміра і Марты Мацюшкаў (на здымку) з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі павялічыла свае жылыя квадратныя метры. Дапамога, як кажуць, па адрасе – у сям’і падрастаюць трое дзяцей: сын Мацвей, дочкі Ксенія і Мілана.
– Вельмі ўдзячны дзяржаве за фінансавую падтрымку. Гэта як дапамога роднага чалавека. У нашай краіне да мнагадзетных сем’яў увага павышаная і клопат не напаказ. Гэта і бясплатнае харчаванне ў школе, і бясплатныя заняткі ў школе мастацтваў, карыстанне падручнікамі і многае іншае, – пералічвае бонусы мнагадзетнасці мама вялікай сям’і.

Амаль 16 гадоў назад, калі згулялі вяселле, Уладзімір і Марта Мацюшкі планаў на вялікую сям’ю не будавалі. Вельмі радаваліся, калі даведаліся, што будзе сын. Сёння Мацвей закончыў дзевяць класаў і марыць стаць дызайнерам. Мацвей – натура творчая. Вельмі любіць маляваць і пяць гадоў займаўся ў дзіцячай школе мастацтваў. У 14-гадовай Ксеніі з братам год розніцы. Малодшай Мілане сёння
10 гадоў. Калі Ксенія цудоўна робіць прычоскі, то Мілана па-майстэрску гатуе блінчыкі з начыннем. І нават калі не хапае патрэбных прадуктаў, то заўсёды прыдумае, чым іх замяніць. А яшчэ любіць спяваць і радуе родных дамашнімі канцэртамі. Паміж сабой брат і сёстры сябруюць, хаця часам могуць і нешта не падзяліць. Але гэта дробязі.

Марта любіць дзяцей і лічыць, што яны – натхненне і шчасце. І ні ў якім разе не перашкода для працы, якую любіць, – яна настаўнік-дэфектолаг у дзіцячым садзе № 1. Па сцвярджэнні мнагадзетнай маці, пры жаданні можна і справіцца з дамашнімі клопатамі, і вырашыць мноства іншых пытанняў. Так, Марта некалькі гадоў назад на працягу двух гадоў праходзіла перападрыхтоўку і вучылася на настаўніка-дэфектолага. І Уладзімір з дзіцяча-дамашнімі клопатамі справіўся на выдатна. Майстар на ўсе рукі, у кватэры рамонтна-будаўнічыя работы выконваў сам: укладваў плітку і ламінат, клеіў шпалеры і г. д. І ў сына з дочкамі бацькі лічаць важным выхаваць гаспадарскія якасці, уменне спраўляцца з цяжкасцямі. Таксама вучаць быць добрымі, адказнымі, добрасумленнымі, паважаць старэйшых.
У сям’і ўсе паміж сабой звязаны эмацыянальна, і бацькам варта
як мага больш часу старацца праводзіць з дзецьмі. Дзяцінства такое імгненнае, разважае мама траіх дзяцей з дыпломам педагога-псіхолага.
– Для мяне сям’я – саюз родных сэрцаў, дзе кожнага заўсёды зразумеюць і падтрымаюць. У нашай сям’і не прынята дзяліць абавязкі ці вызначаць лідараў. Хто свабодны – той і робіць. Прыйшоў муж раней – ён галоўны па кухні і па чысціні ў кватэры, я дома – значыць, усе клопаты на мне. Зразумела, за мужчынскія бытавыя абавязкі адказвае муж. У сям’і, лічу, важна быць не толькі роднымі людзьмі, але і сябрамі, партнёрамі і саюзнікамі, – падкрэслівае Марта.
У Мацюшкаў нямала сямейных традыцый. Сярод іх завядзёнка збірацца ўсёй сям’ёй у доме любімай бабулі Тамары Іванаўны на Новы год, Каляды і Вялікдзень. А яшчэ палюбілі сямейныя паездкі і прагулкі, у тым ліку і няблізкія. Гасцей у Мацюшкаў заўсёды сус-
тракае іх кот Кузя. Ён любімец усёй сям’і, але перш за ўсё – бацькі. Калі сям’я збіраецца разам, Кузя тут як тут.
Мацюшкі – сям’я з актыўнай грамадскай пазіцыяй, і «ЛВ» ужо не раз пра яе расказваў на сваіх старонках. Прымалі ўдзел у раённым конкурсе мнагадзетных сем’яў і тады атрымалі прыз глядацкіх сімпатый.
Марта дзеліцца, што выхад «у свет» аб’ядноўвае сям’ю. На памяць пра
тую падзею засталося нямала фотакадраў.
І гэта дзякуючы, у тым ліку, раёнцы. Мацюшкі сцвярджаюць, што быць шчаслівымі – гэта мець вялікую, клапатлівую і дружную сям’ю. І яны ведаюць пра гэта як ніхто.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
На Ляхавіччыне з 2020 года сямейны капітал прызначаны 508 сем’ям, з якіх 253 сям’і вырашылі датэрмінова выкарыстаць дзяржаўную падтрымку на паляпшэнне жыллёвых умоў.





