Правілы для ўсіх і кожнага. У Беларусі адкарэкціравалі ПДР

Па дарогах нашага райцэнтра, аграгарадкоў і вёсак Ляхавіччыны ездзіць нямала сродкаў персанальнай мабільнасці. Электрасамакаты і іншыя СПМ сталі запатрабаванымі як у дарослых, так і дзяцей. Але такая папулярнасць мае як плюсы, так і мінусы. І ў першую чаргу яны звязаны з магчымасцю траўмавання тых, хто рухаецца на сродках персанальнай мабільнасці, і пешаходаў.

Па інфармацыі АДАІ Ляхавіцкага РАУС, два ДТЗ з удзелам СПМ зарэгістраваны на тэрыторыі раёна ў чэрвені. Адзін з выпадкаў здарыўся на вуліцы Кастрычніцкай у райцэнтры, дзе аўтамабіль
не саступіў дарогу пешаходу, які на сродку персанальнай мабільнасці перамяшчаўся па праезнай частцы. Яшчэ адна аварыя адбылася ў Мыслабажы, дзе пешаход на СПМ не саступіў дарогу аўто.
Указ № 295, падпісаны Прэзідэнтам, прадугледжвае карэкціроўку Правілаў дарожнага руху. Змяненні своечасовыя і актуальныя, накіраваныя на ўдасканаленне арганізацыі дарожнага руху, зніжэнне аварыйнасці і павышэнне культуры ўдзельнікаў дарожнага руху. Абавязак кожнага пешахода і вадзіцеля – выконваць Правілы дарожнага руху. І толькі ўзаемная павага і дысцыпліна дапамогуць пазбегнуць дарожных здарэнняў.


Супрацоўнікі АДАІ РАУС дзеля забеспячэння дарожнай бяспекі пастаянна праводзяць прафілактычныя акцыі і рэйды, сустракаюцца з працоўнымі калектывамі і навучэнцамі школ, з дашкольнікамі. Тэма такіх размоў – Правілы дарожнага руху для ўсіх без выключэння. Важна ўсвядоміць, што дарога памылак не даруе. Падчас прафілактычных акцый міліцыя нагадвае вадзіцелям і пешаходам пра абавязковую ўважлівасць на дарозе, наступствы парушэння ПДР і адказнасць за гэта.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.