Сонца, паветра і малако. У сельскагаспадарчых арганізацыях Ляхавіцкага раёна пачаўся летне- пашавы перыяд утрымання жывёлы

Ці выганяць жывёльныя гурты на пашу з надыходам цёплай пары? Канчаткова-адназначнага меркавання па пытаннях спецыялісты ўсё яшчэ не выпрацавалі. Плюсы і мінусы знаходзяць як у круглагадовым стойлавым, так і ў пашавым утрыманні.

Па стане на сярэдзіну мая на пашы знаходзіцца ўжо большасць грамадскіх статкаў буйной рагатай жывёлы раёна. У ААТ «Нача»
першы ў гэтым годзе выхад на свежую траву здарыўся, па падліках галоўнага заатэхніка гаспадаркі Рыгора Зубіка, 26 красавіка. З таго моманту прайшло ўжо добрых за два тыдні.
– Па-сапраўднаму вытворча добрых. За гэты час удоі, напрыклад, па малочнатаварнай ферме «Цэнтр» павялічыліся прыблізна на два кілаграмы ад кожнай каровы. І адчуваецца, што гэта яшчэ не ліміт, дынаміка назіраецца ледзь ці не штодзённа. Пазаўчора, да прыкладу, пашы ў жывёлы было на гадзіну больш, што адразу ж станоўча адлюстравалася на паказчыку прадукцыйнасці, – разважае галоўны жывёлавод гаспадаркі.
Агульны малочны статак ААТ «Нача» фарміруюць 1030 кароў. Больш за палову з іх «прапісаны» ў Начы на трох кароўніках МТФ «Цэнтр». Адпаведны расклад і на пашы – у кожнага «кароўніка» сваё месца, свая асобная ад іншых зялёная лакацыя, абсталяваная ўсімі стандартна неабходнымі ў такіх выпадках атрыбутамі. Для жывёлы – соль і васьмікубовая ёмістасць для вады. Каровы, канешне ж, перыядычна падыходзяць і да солі, і да вады. Але чаргі на вадапой не назіраецца.
– Гарачыня пакуль далёка не наступіла, раніцай і ўвогуле адчуваецца даволі свежая прахалода, і бочкі вады хапае на цэлы пашавы дзень. Так і мяняем – раз на дзень. Зусім не тое, што звычайна адбываецца падчас летняй спёкі, калі ваду даводзіцца падвозіць не раз і не два на дзень, – працягвае Рыгор Зубік.
Акрамя сонца, настоенага на водары майскага разнатраўя паветра, што з’яўляюцца відавочнымі бонусамі як для жывёлы, так і для людзей, якія за ёю даглядаюць, у распараджэнні апошніх знаходзіцца «домік на колах». У літаральным сэнсе, які перамяшчаецца штодзённа – у адпаведнасці са схемай змены загонаў для пасьбы.
– Заробак пастухоў прывязаны да малака: чым большыя надоі, тым ён вышэй.
А надой, як ведаем, у каровы на языку. Недакормленая, яна і малака недадасць, адпаведна, людзі недаатрымаюць грошай, – тлумачыць галоўны заатэхнік. – Стараюцца, па меры страўлівання загонаў пераводзяць жывёлу ў другі. Звычайна, за адзін дзень даводзіцца здымацца тройчы – пераводзіць жывёлу з загона ў размешчаны побач. Затым – падкошванне і чаканне новай маладой травы.
Дарэчы, пра траву. Халодныя, як правіла, начныя тэмпературы апошніх тыдняў красавіка – першых тыдняў мая, магчыма,
і не дазволілі травастою выйсці на максімальны рост. Тым не менш, тая з начаўскіх пашаў, на якой атрымалася пабываць у канцы мінулага тыдня, выглядае дастаткова прывабнай, з’яўляецца цалкам функцыянальнай.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.