Работа выбарчых камісій абсалютна празрыстая

Работа выбарчых камісій абсалютна празрыстая. Аб гэтым сказала старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына ў інтэрв’ю часопісу «Беларуская думка».
Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, Беларусь адна з першых на прасторах Еўропы прыняла і замацавала ў заканадаўстве наяўнасць інстытута наглядальнікаў за выбарамі. Нашымі законамі прадугледжаны як нацыянальныя наглядальнікі за выбарамі, так і міжнародныя.
Нацыянальных наглядальнікаў за працэдурай выбараў маюць права накіроўваць тыя ж структуры і калектывы, якія вылучаюць прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій. «Гэта значыць палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадзяне шляхам падачы заявы з дзесяткам подпісаў. Такім чынам пры жаданні, калі ў чалавека сапраўды ёсць гэта імкненне, наглядальнікам можа стаць кожны», – сказала Лідзія Ярмошына.
Акрамя таго, назіраць за выбарамі могуць дэпутаты ўсіх узроўняў і давераныя асобы кандыдатаў у дэпутаты. «А яшчэ на выбарчых участках і на пасяджэннях выбарчых камісій маюць права прысутнічаць прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, – дадала Лідзія Ярмошына. – Прычым не правяраецца, ці накіроўваецца гэты журналіст на асвятленне выбараў, ці працуе ён у СМІ на пастаяннай аснове – кожны, хто мае пасведчанне нават грамадскага карэспандэнта, мае права прысутнічаць на ўчастку і назіраць за работай камісіі».
Старшыня Цэнтрвыбаркама пераканана, што прасачыць за законнасцю выбарчай працэдуры не складана. «Калі грамадзяне чамусьці не давяраюць, яны маюць права самі прыйсці і па-глядзець на выбары ў якасці наглядальнікаў, – сказала Лідзія Ярмошына. – У тым ліку і тое, як падлічваюцца галасы. Таму лічу, што нашу выбарчую працэдуру можна аднесці да катэгорыі найбольш публічных і празрыстых».
БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *