Дараўскі старшыня

Той хлопчык, што пасля ўрокаў бегаў да механізатараў, якія дазвалялі завесці трактар, што-небудзь дапамагчы, даўно стаў дарослым, адбыўся як чалавек, як сем’янін, як працаўнік. Больш таго, ён не здрадзіў дзіцячай мары працаваць на зямлі, вырошчваць хлеб. Перш, чым стаць дараўскім старшынёй, быў шлях сталення, на якім выпускнік школы Уладзімір Пятроўскі ўладкоўваўся ў райсельгасхімію трактарыстам, потым служыў у арміі, вучыўся ў інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі. Дарэчы, яшчэ да арміі ён паступіў у радыётэхнічны, але на заняткі не з’явіўся: “Зразумеў, што гэта не маё”, – успамінае Уладзімір Віктаравіч. Вучыўся ў інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі. А пазней завочна скончыў і Брэсцкі інжынерна-будаўнічы па спецыяльнасці эканаміст-менеджэр, што зусім не лішняе для старшыні Пятроўскага, які па першым інстытуцкім дыпломе – інжынер-механік.
У гаспадарцы трэці дзесятак гадоў, дванаццаты – старшынствуе. Да гэтага прайшоў усе прыступкі прафесіянальнай лесвіцы. Быў брыгадзірам трактарнай брыгады, загадчыкам машыннага двара, галоўным інжынерам, намеснікам старшыні. Не дзіўна, што дасканала ведае вытворчасць і людзей, з якімі працуе, не дзіўна, што вынікі іх сумесных намаганняў важкія. Пятроўскі з самага пачатку перспектыву развіцця гаспадаркі звязваў, у першую чаргу, з развіццём жывёлагадоўлі. Ён не памыліўся, і сёння ў СВК “Дарава” самая высокая шчыльнасць пагалоўя – 100 кароў на 100 гектараў.
Маленькая гаспадарка мае вялікі станоўчы вопыт паспяховага развіцця эканомікі і вытворчасці. Растуць надоі на карову і валавыя, радуе ўраджайнасць, ладзяцца справы ў мясной галіне, з нарыхтоўкай кармоў. Летась па ўраджайнасці зерневых з разліку на бала-гектар дараўцы сталі першымі ў раённым спаборніцтве. Уладзімір Віктаравіч называе і яшчэ адзін паказчык, які робіць гонар сельгаскааператыву: вытворчасць прадукцыі на кожнага работніка гаспадаркі вымяраецца лічбай 48 мільёнаў рублёў у год. Гэта другі ў раёне вынік.
Уладзімір Пятроўскі адчувае адказнасць перад людзьмі, якія выбралі яго старшынёй і дэпутатам райсавета. Ён аказаўся клапатлівым кіраўніком. У гаспадарцы ёсць праграма падтрымкі і дапамогі працаўнікам, у якой прадугледжаны ўдзел СВК у забеспячэнні ўласных падвор’яў кармамі для жывёлы, апрацоўцы бульбяных палеткаў, іншыя льготы і перавагі.
У “Дараве” будуецца шмат жылля, мясцовы аграгарадок вабіць яркімі дахамі ўсіх, хто праязджае па шашы. А для тых, хто жыве ў ім, – гэта мілы сэрцу, утульны, родны дом. Тут шмат моладзі. Даволі прымальная зарплата. Выдатныя перспектывы. Цудоўнае месца знаходжання – рукой падаць і да Ляхавіч, і да Баранавіч.
…Як жа прыкіпеў сэрцам да гэтых мясцін і да гэтых людзей Уладзімір Пятроўскі. А давайце прызнаемся, што ў многім дзякуючы яму, сённяшні СВК “Дарава” такі, які ён ёсць – перспектыўны, стабільны, перадавы. Такое вось узаемнае шансаванне атрымалася ў старшыні і яго каманды.
Вольга СВЯТЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *