Квэст пад назвай «Школьныя зборы». Карэспандэнт «ЛВ» атрымаў заданне прайсціся па гандлёвых кропках Ляхавічаў і пазнаёміцца са школьнай прапановай

Пакуль дзеці адпачываюць на канікулах, у бацькоў зусім іншыя клопаты: закупіць усё неабходнае, каб і партфель быў поўным, адзенне і абутак адпавядалі патрабаванням, каб увогуле дастойна сабраць дзяцей у паход за ведамі.

Для многіх сем’яў зборы пачаліся загадзя, каб усё паспець закупіць,
ды і фінансавае пытанне адыгрывае не апошнюю ролю. Бацькі дастаюць з шафы школьную форму дзяцей – ці не малая яна, парт-
фель новы не лішнім будзе купіць. А яшчэ – сшыткі, вокладкі, ручкі,
пеналы, дзённікі… Карэспандэнт «ЛВ» атрымаў заданне прайсціся па
гандлёвых кропках Ляхавічаў і пазнаёміцца са школьнай прапановай.
Квэст атрымаўся яшчэ той складанасці. Спецыялізаваных гандлёвых кропак па продажы  школьнага адзення і абутку ў нашым райцэнтры няма. І калі па ўсёй краіне запрашаюць школьныя базары, у Ляхавічах пакуль і з гэтым відам гандлю зацішша. У райпо расказалі, што ў бліжэйшы час пачне працаваць павільён спажывецкага таварыства на перадрыначнай плошчы, дзе будуць прадаваць школьныя тавары, у асноўным канцылярыю. Куткі школьніка ўладкаваны ў сельскіх магазінах райпо.


«ЛВ» пабудаваў маршрут за пакупкамі па адрасах, падказаных бацькамі школьнікаў. Імправізаваны шопінг пачнём з магазіна «Марк Фармэль». На адзенне звяртаем увагу з улікам таго, што ў школах дзейнічае свой дрэс-код. Як паведамілі ў аддзеле па адукацыі райвыканкама, ва ўсіх школах Ляхавіцкага раёна патрабаванне да адзення – дзелавы стыль.
Колер выбраны ў асноўным цёмна-сіні і чорны, у некалькіх навучальных установах – бардовы і шэры. Знаёмімся з асартыментам
адзення, і нельга сказаць, што ён шырокі. «Прабяжымся» па мадэлях
і цэнах. Жакет чорнага колеру для дзяўчынкі (указаны ўзрост 6-7 гадоў) – 54,99 і 79,99 рубля, спадніца – 26,99 рубля, сукенка (11-12 гадоў) – 44,99 рубля, блузка (7-8 гадоў) – 29,99 рубля, штаны (8-9 гадоў) – 34,99 рубля, пола ў трох колерах (11-12 гадоў) – 26,99 рубля. Што тычыцца хлопчыкаў, то для іх выбар яшчэ меншы. Кашулі – сінія, блакітныя і белыя па 34,99 рубля, жакеты па 49,99 рубля, пола – 29,99 рубля, світшоты – 49,99 рубля. На гэтым пакуль усё. Як расказала прадавец, чакаюцца яшчэ прывозы.
Яно, канешне, добра, але ж да 1 верасня не так і шмат часу. Акрамя
гэтай крамы школьнае адзенне, а таксама абутак можна купіць у павільёнах у гандлёвых цэнтрах «Этаж» і «Маяк» і на кірмашы.
Цэны прыблізна ў аднолькавым дыяпазоне, як і мадэлі. Купля калготак, шкарпэтак, бялізны – яшчэ адна немалая частка рас-
ходаў для сямейнага бюджэту і важная частка школьнага гардэроба. Тут прасцей. Бо купіць рэчы можна як і ў названых гандлёвых
аб’ектах, так і ў магазінах «Світанак», «Паштавік» і іншых. Рукзакі знайшлі на рынку, у «Этажы», «Маяку».
З чым праблем няма, нават і ў Ляхавічах, гэта са школьнай канцыляркай. Такіх тавараў сапраўды шырокі выбар паўсюдна – у прыватных магазінах, павільёнах «Белсаюздруку», магазіне «БелБланк», на рынку.
Праманітораны ўсе ляхавіцкія гандлёвыя кропкі. Выснова наступная. Мякка кажучы, не пазайздросціш бацькам школьнікаў, бо даволі праблематычна купіць адзенне і абутак для дзяцей. Выбар абмежаваны і яўна не задаволіць нават самага непераборлівага пакупніка. Якое выйсце? Добра, што побач Баранавічы, дзе ёсць спецыялізаваныя магазіны, аддзелы, ды і рынак прываблівае багатым асартыментам і цэнавай разнастайнасцю. А яшчэ сапраўдная палачка-выручалачка – маркетплэйсы і інтэрнэт-магазіны. Таму з настальгіяй успамінаеш былыя часы, калі і ў Ляхавічах у магазіне дзіцячых тавараў «Аліса» не адно пакаленне хлопчыкаў і дзяўчынак апраналася-абувалася ў школу і набывала школьныя прылады. Як не ўзгадаць і магазін адзення і абутку ў Доме гандлю. Чамусьці для райпо продаж такіх тавараў стаў нерэнтабельным. А інтарэсы і запыты пакупнікоў не вельмі ўлічваюцца. Так што, шаноўныя бацькі, не марудзьце, а вязіце грошы ў іншыя гарады ці рабіце пакупкі ў інтэрнэце…
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.