Будаўнічая пляцоўка з камунальным фундаментам. Будаўнічая брыгада КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» робіць капітальны рамонт спартыўнай залы СШ № 2
Кіпіць работа па капітальным рамонце спартыўнай залы СШ № 2.
Гэта адзін з сёлетніх аб’ектаў, дзе працуе будаўнічая брыгада КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».

Далёка не першы год камунгас гаворыць справамі сваё важкае слова ў будаўнічай галіне Ляхавіччыны – удзельнічае ў будаўніцтве не толькі ў якасці заказчыка работ, але і выканаўцы. За некалькі гадоў сіламі камунгаса адрамантаваны дзясятак шматкватэрнікаў у райцэнтры і сельскіх населеных пунктах.

– Капітальны і бягучы рамонт, як і ўвогуле эксплуатацыя жылых дамоў, што знаходзяцца на балансе камунгаса, – зона адказнасці работнікаў участка «Жылфонд» пад кіраўніцтвам старшага майстра Дзяніса Лесніка. Наша будаўнічая брыгада – комплексная, у яе складзе паўтара дзясятка чалавек. Акрамя работнікаў «Жылфонда», гэта і працаўнікі рамонтнага ўчастка. Брыгаду аддзелачнікаў узначальвае майстар жылфонду Пётр Шугаеў, страхароў, плотнікаў, бетоншчыкаў – Дзяніс Леснік. Таксама ўдзел у будаўніцтве бяруць і работнікі ўчастка аварыйна-тэхнічнай службы, участка «Добраўпарадкаванне». Сёлета комплексная брыгада выканала ўвесь комплекс работ па капітальным рамонце дома № 18 па вуліцы Арлоўскага ў Ляхавічах, узвядзенні помніка спаленым вёскам у Марынове, завяршыла другую чаргу будаўнічых работ на Кургане вечнай Славы, – расказвае намеснік дырэктара КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Віталій Калупановіч.

Будаўнічых клопатаў у камунгаса хапае. Напрыклад, сёлета сіламі камунгаса завяршаецца рэканструкцыя цеплавых сетак у вёсцы Ганчары, пачаты работы па рэканструкцыі водаправодных сетак. Такім чынам, станоўча вырашаецца праблема, з якой вяскоўцы звярталіся да ўлады.
Бягучы рамонт аб’ектаў жыллёвага фонду – дахаў шматкватэрнікаў, фасадаў, замена інжынерных сетак, рамонт і абнаўленне абсталявання дваровых тэрыторый шматкватэрнікаў, у тым ліку, дзіцячых гульнявых пляцовак – усё гэта будаўнічы напрамак дзейнасці ляхавіцкіх камунальнікаў.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


