Сын палка

Першыя дні года падарылі казку: шэрань на дрэвах, правадах, агароджы. І дах хаты Фёдара Леваша, і студня, і нават вушы ў Шарыка, які пільна вартуе двор, таксама зіхацелі на сонцы “дыяментамі”. А вось і гаспадары на парозе: Фёдар Аляксеевіч і сын Міхаіл, з якім жыве ветэран, запрашаюць у хату, дзе цёпла напаленая печка, светла і ўтульна.

Так склалася жыццё, што Міхаіл вымушаны быў пакінуць горад і вярнуцца ў бацькоўскі дом. Спачатку хварэла маці, а цяпер на яго руках бацька — ветэран Вялікай Айчыннай вайны і працы. Фёдару Аляксеевічу 90 гадоў, і, як ён жартуе, сабраўся ўжо паміраць, ды сын не дазволіў. Не адышоўся ад ложка Міхаіл – карміў, паіў, а пасля амаль нанава вучыў бацьку хадзіць.

— Ён у мяне варты найлепшага. У Вялікую Айчынную ваяваў, а пасля многа і аддана працаваў, — гаворыць Міхаіл. — Вы толькі паслухайце яго — жывая гісторыя…

А Фёдара Аляксеевіча асабліва і не трэба прасіць, каб расказаў пра вайну.

— Мне ўжо шмат гадоў, і я хацеў бы, каб людзі ведалі і памяталі, што выпала перажыць майму пакаленню.

…Не было і 14 гадоў хлопцу з хутара, што стаяў на Малінавай горцы ля Жарабковіч, як не стала бацькі і маці. Уся сям’я – 2 сястры і старэйшы брат. А тут вайна. Брата забралі на фронт, і Фёдар яму зайздросціў, бо самому вельмі хацелася біць фашыстаў. У вёску і на іх хутар часта наведваліся партызаны. Стаў прасіцца хлопец, каб узялі яго з сабой. Не згаджаліся: малы яшчэ. Падпільнаваў Фёдар камандзіра і пераканаў яго, што ўмее страляць, можа згадзіцца і ў разведку, і па гаспадарцы дапамагчы. Так Фёдар Леваш стаў партызанам.

Зразумела, байцы аберагалі хлопца ад сур’ёзных баявых аперацый, але, здаралася, што і ён хадзіў у засаду. Звычайна танкі і іншую магутную баявую тэхніку партызаны прапускалі – сілы няроўныя. А калі, напрыклад, ішоў абоз з боепрыпасамі, які часцей за ўсё суправаджалі матацыклісты, то нашы хлопцы ўступалі ў бой. Памяць ужо не тая, забываюцца назвы мясцовасці, дзе партызанілі, блытаюцца прозвішчы, даты, нібы шэрай стужкай кінахронікі мільгаюць “кадры” баёў, а ў вушах – тыя аглушальныя выбухі снарадаў. А вось бой пад Бярозай-Картузскай, пасля якога партызаны далучыліся да дзеючай арміі, памятаецца. Малады партызан Фёдар Леваш стаў салдатам 2-га Беларускага фронту, які з баямі ішоў на захад, — не проста салдатам, а разведчыкам.

— Туды не бралі выпадковых людзей, толькі правераных, моцных целам і духам, — успамінае ветэран. – Спецыяльная служба маю кандыдатуру правярала доўга, цікавіліся не толькі роднымі, але і сваякамі, знаёмымі. Мяне зацвердзілі, а вось сябра Васілія, колькі мы ні прасілі, па нейкай прычыне, не ўзялі…

Іх было сямёра – моцных, смелых, адчайных хлопцаў. Задача разведгрупы – ісці наперадзе, дзейнічаць у тыле ворага, пракладваць шлях вайскоўцам.

— Можа таму, што ўсе мы былі маладымі, не адчувалі ніякага страху. Нам шанцавала, лёс быў літасцівы да нас…

Памятае ветэран аперацыю іх разведгрупы на тэрыторыі Германіі. Паглыбіліся ў тыл ворага кіламетраў на сем ад лініі фронту. Куды ішлі – самі не ведалі і не бачылі: незвычайна цёмная ноч надзейна хавала пад сваім покрывам усё наваколле. Насустрач, таксама ўсляпую, ішла група фашыстаў. Пасля хаатычнай страляніны аказалася, што ўсе ворагі знішчаны, а нашы разведчыкі жывыя і здаровыя. Гэтая ўдалая сутычка падбадзёрыла, і хлопцы рушылі далей. Падпалілі вароты склад (пасля пашкадавалі, бо ён аказаўся поўны правізіі) і пайшлі атакаваць салдацкую казарму. Стралялі з дзвюх фашысцкіх гармат, якія стаялі на пазіцыях непадалёку. На лініі фронту пачалася паніка: фашысты сталі адступаць, вырашыўшы, што савецкія салдаты прарвалі абарону… Рызыкавалі сваімі жыццямі разведчыкі яшчэ не раз. За мужнасць, адвагу, кемлівасць разведчык Фёдар Леваш быў удастоены ордэна Чырвонай Зоркі.

Усё бліжэй і бліжэй Берлін. Як жа хацелася маладому байцу дабрацца да гэтага горада! Мроілася, як іх разведгрупа ўвойдзе ў фашысцкае логава, як самааддана яны будуць змагацца, каб дабіць карычневую чуму там, дзе яна зарадзілася. А пакуль іх батальён на прывале.

…На ўзлеску спыніліся некалькі танкаў, аблепленых салдатамі, групы байцоў размясціліся пад кронамі дрэў, сталі даставаць прыпасы. Разведчыкі таксама прызямліліся сваёй сям’ёй, жартавалі, смяяліся. Усе жылі адчуваннем хуткай Перамогі.

Адкуль узяўся той снарад, ніхто не заўважыў, не пачуў характэрнага гуку. Ён разарваўся непадалёку ад разведчыкаў. Аднаму адарвала руку, другому асколкамі пасекла спіну, а Фёдару пакалечыла нагу. Гэта быў канец яго баявога шляху. Шпіталь, аперацыі адна за другой, пагроза гангрэны і перспектыва застацца без нагі — гэта вельмі палохала хлопца. Доўгія месяцы лячэння, радасная вестка – доўгачаканая Перамога. І было яму на той час 18 гадоў.

На далечванне салдата Леваша накіравалі ў Маскву. Але так засумаваў па доме, па родных мясцінах, што не вытрымаў і самавольна пакінуў цягнік, які спыніўся на кароткую стаянку ў Баранавічах. Дома і сцены дапамагаюць: зацягнуліся раны ад душэўнай цеплыні і дабрыні родных людзей.

Былы разведчык Фёдар Леваш неўзабаве пайшоў працаваць у родны калгас. Ажаніўся з дзяўчынай з суседняга хутара – прыгожай і статнай. Дом пабудавалі, сад пасадзілі, сына выгадавалі – добрага і сумленнага.

— Многа я пабачыў у сваім жыцці, многае перажыў. Але лёс мой літасцівым аказаўся, — заканчвае свой расказ ветэран. Я дачакаўся такога жыцця, калі ўсё ў мяне ёсць: яшчэ і сёння сярод людзей, якія шануюць мяне і паважаюць, і хата мая на радасць багатая. Але такога дзяцінства і юнацтва, якое выпала на маю долю, не пажадаю нікому. Трэба, каб дзеці раслі сынамі сваіх бацькоў, а не сынамі палка, і ты гэта абавязкова запішы…

На дзіва рухавы, хуткі, з гумарам, Фёдар Аляксеевіч узяўся праводзіць мяне да веснічкаў, прыгаворваючы, што мала пабыла, яшчэ б крыху пагаварылі пра жыццё-быццё. І тут жа залюбаваўся зімовай прыгажосцю: вось дык дзень сёння выдаўся – хочацца жыць!

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *