Хлеб у жаночых далонях. У Ляхавіцкім раёне ў трох камбайнераў у напарніках прадстаўніцы прыгожай паловы

Жанчыны могуць усё! І сённяшняе жніво таму пацвярджэнне. У Ляхавіцкім раёне ў трох камбайнераў у напарніках прадстаўніцы прыгожай паловы – у аднаго жонка, а ў іншых – дочкі.

У СВК «Ляхавіцкі» сямейнаму экіпажу Генадзія і Марты Граблюкоў давяраюць, іх прыклад натхняе. У жніўнай камандзе Марта дзявяты сезон, і яе працоўная біяграфія сведчыць, што жанчына на хлебнай ніве не выключэнне, а новы стандарт поспеху. Не аднойчы прозвішча Граблюкоў гучала сярод перадавікоў уборачнай кампаніі, мелі статус тысячнікаў. Па-за межамі поля Марта – інжынер па падрыхтоўцы кадраў Ляхавіцкага лясгаса, выдатна спраўляецца з прафесійнымі абавязкамі, а падчас жніва – камбайнер і паўнавартасны партнёр бацькі. Трэба – падменіць старшага камбайнера за рулём, можа і ўхіліць некаторыя няспраўнасці. Марта мае вадзіцельскія правы як на машыну, так і на трактар. І сёння, у працоўным водпуску ў лясгасе, працоўная раніца ў яе пачынаецца з падкручвання, змазкі, праверкі камбайна, а заканчваецца, калі села сонца. Але галоўнае – поплеч з бацькам.
На пытанне пра важнасць жаночых рук у полі Марта адзначае, што гэта падтрымка настрою, а значыць, і тэмпаў уборкі. Генадзій Граблюк, у сваю чаргу, падкрэслівае, што ганарыцца дачкой, якаядома –цудоўная гаспадыня, на працы – прафесіянал, а за рулём – майстар.
– Жніво для мяне – час асаблівы. Як толькі бачу, што поле становіцца залатым, магнітам так і цягне ў кабіну «ДжонДзіра». Канешне, хлебаробская справа няпростая, патрабуе шмат
сіл і энергіі, але вынік таго варты. Адчуваю вялікае задавальненне, што ў хлебе, які будзе на стале маіх землякоў, маецца і часцінка маёй працы, – дзеліцца Марта.

Старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко падкрэслівае, што сямейны
тандэм – гэта сіла. Бацька-прафесіянал навучыў дачку чуць камбайн і майстэрству збору ўраджаю ад коласа да коласа. І калі на караблі жаночая прысутнасць да бяды, то на полі – да поспеху.

Для сямейнага экіпажа ў складзе Аляксандра і Алены Лепяшко з ААТ «Жарабковічы» тры сезоны назад жніво стала выпрабаваннем іх сямейнага саюза. «Экзамен» быў здадзены на высокую адзнаку! Муж цярпліва ўводзіў сваю палову ў курс справы, і сёння Алена, па яго словах, добры памочнік і дарадца.
На жніве Алена – слесар па абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі, у абавязках якога ачыстка камбайна ад раслінных рэшткаў, змазка падшыпнікаў, праверка ўзроўню масла і іншае,а таксама пастаянны маніторынг, каб пасля камбайна заставаўся чысты след. Алена дзеліцца, што пачатак працы быў няпростым, часам хацелася збегчы з поля. Але хлебная навука засвоена, і палеткі сталі любімай лакацыяй і крыніцай натхнення.


– Менавіта з вышыні кабіны камбайна разумееш сапраўдную цану хлеба і той аб’ём працы, старанняў, якія прыкладаюць аграрыі дзеля ўраджаю. Ганаруся, што маю дачыненне да беларускага каравая, – адзначае Алена.
Падчас жніва яна знаходзіцца ў водпуску, а ў звычайным жыцці працуе поварам у Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча. Сын з дачкой ужо дарослыя, і ўвага бацькоў ім не патрабуецца. А сумесная праца з мужам мае толькі плюсы, сярод якіх і папаўненне сямейнага бюджэту. Да таго, і кормяць смачна. Алена Сцяпанаўна як вопытны повар высока ацэньвае смак тутэйшых палявых абедаў і падвячоркаў.

Размову карэспандэнта «ЛВ» з хлебаробам перарываюць сігналы званка – бункер напоўнены. Экіпаж расказвае, што камбайн у іх камфортны і сучасны – гомсельмашаўскаму GS12A1 толькі трэці год, і працаваць на ім адно задавальненне. Дзённы намалот мужа і жонкі залежыць ад ураджаю – пры добрым раскладзе атрымліваецца і да сотні тон. Сямейны тандэм працуе зладжана і дадому адпраўляецца тады, калі ўжо збожжа нельга ўбіраць. У адзін голас адзначаюць, што зараз кожная хвіліна на вагу золата – у любы момант надвор’е можа перакрэсліць уборачныя планы.

На палетках ААТ «Нача» шчыруе экіпаж у складзе Сяргея і Евы Кудраўцоў – бацькі і дачкі. Ева скончыла першы курс Мазырскага дзяржаўнага педуніверсітэта імя І. П. Шамякіна. Будучы трэнер па лёгкай атлетыцы яшчэ вясной вырашыла стаць бацькавым памочнікам на жніве. І, як адзначае дзяўчына, ні кроплі не пашкадавала. А спраўляцца з працоўнай нагрузкай дапамагае фізпадрыхтоўка – Ева кандыдат у майстры спорту, вучылася ў вучылішчы алімпійскага рэзерву.Заробленыя сродкі разлічвае патраціць на спартамуніцыю і, канешне, падарункі родным.
Жаночае аблічча жніва на Ляхавіччыне – працавітае і прыгожае. Няхай хлеб будзе смачным!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.