Галоўнае не колькасць, а жаданне працаваць. У Ляхавіцкім раёне да працы прыступілі маладыя спецыялісты-медыкі
Жнівень адметны для ўстаноў аховы здароўя кадравым папаўненнем. Традыцыйна ў гэты час да самастойнай работы ў якасці маладых спецыялістаў прыступаюць учарашнія выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных медыцынскіх навучальных устаноў.

– З радасцю прымаем у наш вялікі, зладжаны калектыў маладыя сілы – трох ўрачоў і 16 прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу. Пастараемся стварыць для іх спрыяльныя ўмовы, каб новаспечаныя калегі маглі ў поўнай меры прадэманстраваць на практыцы атрыманыя падчас вучобы веды. Першы і важны крок для замацавання маладых спецыялістаў ужо зроблены – вырашаецца важнае жыллёвае пытанне для тых, хто мае патрэбу ў жыллі. Абавязковыя і прадугледжаныя заканадаўствам і калектыўным дагаворам разнастайныя выплаты і даплаты. Для ўдасканалення ў прафесійным майстэрстве за кожным навічком замацаваны вопытны настаўнік, які падкажа, дапаможа, падтрымае, – расказвае галоўны урач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Аляксей Майсей.
З 1 жніўня адлік сваёй працоўнай біяграфіі ў якасці медыцынскіх сясцёр, фельчараў, памочнікаў урачоў у бальніцы, паліклініцы, Крывошынскай, Навасёлкаўскай, Начаўскай амбулаторыях урача агульнай практыкі, загадчыкаў Альхоўскага, Ураджайнінскага, Рачканскага, Сваятыцкага, Русінавіцкага ФАПаў пачалі размеркаваныя выпускнікі Брэсцкага, Пінскага, Слуцкага, Слонімскага медкаледжаў. Дарэчы, сярод іх і пяцёра нашых землякоў. Ляхавічанка Ганна Фірусь узначаліла Рачканскі ФАП, а жыхарка Вялікай Лотвы Надзея Маслоўская – Альхоўскі ФАП. Для яшчэ адной гараджанкі Яны Ракуць першым працоўным месцам стала тэрапеўтычнае аддзяленне райбальніцы, дзе яна будзе працаваць медсястрой. Свяцічанкі Паліна Качура і Яна Страмавус (абедзве – выпускніцы Слуцкага медкаледжа) размеркаваліся медсястрой-анестэзістам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі і медсястрой прыёмнага аддзялення райбальніцы адпаведна.
– Ведала, што буду працаваць на сваёй малой радзіме, бо паступала ў Брэсцкі медкаледж па мэтавым накіраванні па кваліфікацыі «фельчар-акушэр».
Калі прапанавалі ўзначаліць Рачканскі ФАП, згадзілася.
Канешне, хваляванне было, як і думкі, ці ўсё атрымаецца, як прымуць тутэйшыя людзі. Наш ФАП абслугоўвае больш за 150 чалавек. Раз у тыдзень на ФАП прыязджае ўрач з Начаўскай амбулаторыі, які вядзе прыём. Таксама замацаваны і аўтамабіль. Паспяхова вырашылася і транспартнае пытанне, бо жыву ў Ляхавічах. Так што ўмовы працы мяне задавальняюць. Ужо выязджала на дом да пацыентаў, якія па стане здароўя не могуць прыйсці на ФАП, і адразу знайшла з імі агульную мову, – расказвае Ганна Фірусь.
Урачэбнае папаўненне, хоць і ў разы меншае, але істотна важнае, бо калі не ў поўнай меры, то даволі значна вырашае кадравую праблему. Прымаць пацыентаў пачала Марыя Круцько – урач агульнай практыкі ў паліклініцы. Урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг Уладзіслаў Разен першыя самастойныя прафесійныя крокі робіць у аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі. Тухавіцкай АУАП цяпер загадвае Валерыя Радчанкова.
– Першыя дні самастойнай работы запомняцца надоўга.
І не толькі таму, што пачынаць заўжды складана. Вучылася ў медуніверсітэце па мэтавым накіраванні, таму буду адпрацоўваць у Ляхавіцкай ЦРБ пяць гадоў. Працую крыху больш за тыдзень у Тухавічах, і мне тут падабаецца. Канешне, адказнасць у мяне трайная – за сябе, пацыентаў (за Тухавіцкай АУАП замацаваны 1 340 чалавек), за калектыў амбулаторыі. За першы тыдзень работы ўжо было нямала пацыентаў. Рашэнні прымаю самастойна, але ведаю, калі патрэбны кансультацыя, прафесійная парада, заўжды магу звярнуцца да свайго куратара – загадчыка аддзялення ўрача агульнай практыкі паліклінікі Святланы Юнік. Прыемна, што і кіраўніцтва Ляхавіцкай ЦРБ зацікаўлена ў маладых спецыялістах, што было відавочна падчас сустрэчы. Задаволена і тым, што вырашаецца пытанне выдзялення мне арэнднай кватэры, – гаворыць Валерыя Радчанкова.
Дарэчы, кадравае пытанне кіраўніцтва Ляхавіцкай ЦРБ вырашае не толькі дзякуючы прыходу медыкаў-навабранцаў. Практыкуецца і перападрыхтоўка кадраў. Так днямі да прыёму пацыентаў прыступіць колішні ўрач-педыятр, а з нядаўняга часу псіхатэрапеўт Ілья Спірыдонаў. У Ляхавіцкую ЦРБ Ілья размеркаваўся ў
2020 годзе пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, дзе вучыўся па мэтавым накіраванні. Амаль чатыры гады клапаціўся пра здароўе маленькіх ляхавічан. А потым вырашыў паспрабаваць сябе ў іншай медыцынскай спецыялізацыі. Галоўнае, што малады ўрач застаецца працаваць на сваім першым працоўным месцы. Тым больш, што Ляхавічы яму не чужыя, тут нарадзіліся, вучыліся і жылі яго бацькі, бабулі з дзядулямі.
Што ж, кадравае папаўненне – гэта здорава!
Для маладых спецыялістаў асноўная задача – годна стаяць на варце здароўя жыхароў раёна, для гэтага ў іх ёсць веды і жаданне працаваць. Атрыманы дыплом абяцае не толькі новае жыццё, але і накладае адказнасць, у тым ліку, і перад дзяржавай, якая затраціла немалыя сродкі на навучанне.
А задача кіраўніцтва ЦРБ – стварыць такія ўмовы, каб маладыя спецыялісты замацаваліся тут надоўга.
– Кожнаму з маладых спецыялістаў давядзецца шмат працаваць, пераймаць вопыт старэйшых калег, але галоўнае – адданасць высакароднай прафесіі. А працавітасць, мэтанакіраванасць, імкненне ўдасканальвацца, жаданне дапамагаць іншым не застануцца незаўважанымі. Ніколі не спыняйцеся на дасягнутым, з упэўненасцю глядзіце ў заўтра. І тады першае працоўнае
месца стане выдатнай стартавай прыступкай у вялікім прафесійным росце, – наказ ад Аляксея Майсея.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея варановіча.

