Ляхавіцкі раён: камунальныя абноўкі да ацяпляльнага сезона

Сёлета ў лютым у Тальмінавічах падчас сходу грамадзян
па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння найбольш востра абмяркоўвалася тэма рэканструкцыі цепласетак і водаправода ў Ганчарах. Гэта праблема на слыху не першы год і вельмі хвалюе тутэйшых жыхароў. Тады дырэктар КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі агучыў інфармацыю, што выдзелена фінансаванне на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі на азначаныя работы.


З абласнога бюджэту былі выдаткаваны сродкі на рэканструкцыю аб’ектаў цепла- і водазабеспячэння ў Ганчарах.

– Як толькі дазволілі ўмовы надвор’я, пачалі рэканструкцыю цепласетак. Усе будаўнічыя і мантажныя работы ў межах рэканструкцыі сістэмы ацяплення праводзілі сіламі камунгаса. Пракладзена 4,5 кіламетра цепласетак. Цяпер мясцовыя жыхары змогуць карыстацца цэнтральным ацяпленнем ад кацельні ў Ганчарах. Як і планавалася, аб’ект будзе здадзены ў эксплуатацыю яшчэ да пачатку ацяпляльнага сезона 2025-2026 гадоў, – расказвае першы намеснік дырэктара камунгаса Ігар Шырэй.
Гэтым аб’ектам прыемныя абноўкі для жыхароў Ганчароў не абмяжоўваюцца. Для паляпшэння якасці пітной вады пачаты работы па капітальным рамонце сістэмы водазабеспячэння ў Ганчарах. Фінансаванне таксама з абласнога бюджэту.
Аб’екты ў Ганчарах – маштабныя, але далёка не адзінкавыя для Ляхавіцкай ЖКГ у межах падрыхтоўкі да надыходзячага ацяпляльнага сезона. Можна ўжо падвесці пэўныя вынікі і зрабіць адпаведныя высновы. Увогуле, у Ляхавіцкім раёне асноўны участак работ па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона ўскладзены на камунгас.

– Завершаны прафілактычны рамонт абсталявання ўсіх
25 кацельняў, якія знаходзяцца на нашым балансе. У пераважнай большасці яны ў гатоўнасці нумар адзін. Дзяржпрамнаглядам выдадзены пашпарты гатоўнасці на 23 цеплакрыніцы. Усе дамы, якія знаходзяцца на абслугоўванні жылкамунгаса, падрыхтаваны да ацяпляльнага сезона. Для бесперабойнай падачы гарачай вады і цяпла ў шматкватэрныя жылыя дамы ў райцэнтры зроблены прафілактычны рамонт усіх трох цеплавых пунктаў.
Акрамя таго, аналагічныя работы выкананы на 96 цеплапунктах шматкватэрнікаў – уцеплены трубы інжынернага абсталявання. У поўным аб’ёме адрамантаваны запланаваныя дахі ў жылфондзе раёна – на плошчы 5 700 квадратных метраў. Прафілактыка і рамонт закранулі цеплаізаляцыю, зроб-лена гідрапрамыўка сістэм ацяплення ў жылых дамах, прафілактычны рамонт 114 сістэм ацяплення ў дамах, прафабслугоўванне і тэхнічны агляд сетак водазабеспячэння і водаразборных калонак, прамыты сеткі водаправода і сеткі каналізацыі, правераны прыборы ўліку цеплавой энергіі, зроблены іншыя работы, – адзначае Ігар Шырэй.

Канешне, жыхароў Ляхавіччыны хвалюе пытанне, ці будзе цёпла ў кватэрах, дамах, вытворчых памяшканнях ў халодную пару года? У тым ліку размова ідзе пра мясцовыя віды паліва. Ігар Шырэй ўпэўнена заспакойвае:
– Мерзнуць дакладна не будзем. Ужо нарыхтавана і знаходзіцца пад навесамі 4,5 тысячы кубаметраў дроў – большая частка з запланаванага. На ўсіх 16 кацельнях, якія працуюць на мясцовых відах паліва, створаны належныя ўмовы для складзіравання дроў, зроблены спецыяльныя навесы.
Да пачатку ацяпляльнага сезона яшчэ ёсць час, каб праверыць усе аб’екты і, дзе неабходна, завяршыць работы. Не толькі камунальнікі, але і самі жыхары раёна павінны зрабіць усё магчымае, каб у дамах і кватэрах знізіць уцечку цяпла, уцяпліць дзверы і вокны, паставіць заслону скразнякам і г. д. Гэта – абавязак кожнага гаспадара.

Галіна КАНЬКО.