Наш час. Гаворыць гісторыя
Напярэдадні юбілею раёна “ЛВ” паспрабаваў прыгадаць, чым жылі нашы землякі дзесяцігоддзі назад. Мы не бралі за мэту выдаць падрабязную і поўную храналогію падзей і не прэтэндуем на ўсёабдымнасць. За радком, магчыма, засталіся важныя, а для кагосьці і надзвычай важныя падзеі. І, канешне, яны з’яўляюцца неад’емнай часткай нашай агульнай гісторыі. А яна вельмі багатая на радкі і старонкі, таму сёння спынімся толькі на некаторых з іх.
40-я
15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці створаны Ляхавіцкі раён з цэнтрам у г. Ляхавічы. У яго склад увайшлі Мядзведзіцкая, Ляхавіцкая воласці і часткі Дараўскай, Востраўскай і Крывошынскай валасцей Баранавіцкага павету.
Тэрыторыя раёна складала 917,7 квадратнага кіламетра. Насельніцтва ў 185 населеных пунктах перавышала 56000 чалавек, у тым ліку 5600 жылі ў Ляхавічах.
Па звестках справаздачнага даклада Ляхавіцкага РК КП(б)Б ад 9 красавіка 1940 года, прамысловасць у раёне была прадстаўлена электрастанцыяй, 15 млынамі, 3 лесапільнымі заводамі, а таксама шэрагам саматужных прадпрыемстваў. Былі арганізаваны 3 бальніцы (у Ляхавічах, Крывошыне і Востраве), 5 урачэбных участкаў і адзін ФАП, у якіх працавалі 7 урачоў, 2 зубныя ўрачы, 5 фельчараў, 4 акушэркі і 3 медсястры. Мелася 76 школ ( у тым ліку 65 пачатковых), у якіх навучаліся 9500 вучняў і працавалі 187 настаўнікаў (4 з іх з вышэйшай адукацыяй). У тым жа дакладзе згадвалася, што ў раёне арганізаваны 2 калгасы (у вёсках Жарабковічы і Гулічы), а ў Ганчарах – машынна-трактарная станцыя. Пачала стварацца спажывецкая кааперацыя, у вёсках адкрываліся магазіны.
У кастрычніку 1940 г. раён быў падзелены на 18 сельсаветаў: Альхоўскі, Востраўскі, Дараўскі, Жарабковіцкі, Крывошынскі, Куршынавіцкі, Ліпскі, Ляхавіцкі, Малагарадзішчанскі, Мядзведзіцкі, Навасёлкаўскі, Падлескі, Пад’язаўлеўскі, Перахрэсцкі, Сваятыцкі, Тальмінавіцкі, Федзюкоўскі, Цыганскі.

Кіраўнік раёна Аляксандр Цупрык і ганаровы госць ляхавічан пісьменнік Іван Шамякін (на пярэднім плане).
Людзі працавалі, вучыліся – і дзеці, і дарослыя, будавалі ўласныя сем’і і новае жыццё раёна. Але мірным стваральным планам і марам у бліжэйшыя гады не было наканавана збыцца – іх разбіў вераломны напад гітлераўскай Германіі.
Баі на тэрыторыі раёна вяліся ўжо 24 чэрвеня 1941 года – у трэці дзень вайны. З 26 чэрвеня 1941 года па 6 ліпеня 1944 года Ляхавічы былі акупаваны фашысцкімі захопнікамі. За час акупацыі ў горадзе і раёне гітлераўскія карнікі знішчылі 4983 чалавекі, спалілі 13 вёсак. Залужжа, Навасёлкі, Свяціца былі знішчаны разам з жыхарамі, выратаваліся тыя, каго на той момант дома не было.
У верасні 1941 года на тэрыторыі раёна ў ваколіцах вёскі Крывошын пачала дзейнічаць першая партызанская група. На тэрыторыі раёна ў час вайны дзейнічалі партызанскія брыгады імя Молатава і імя Грызадубавай, атрады імя Шчорса, імя Чапаева, імя Варашылава, імя Кірава, “Сокалы” і іншыя.
У верасні 1943 года быў утвораны Ляхавіцкі падпольны райкам КП(б)Б, які ўзначаліў Сцяпан Дзесюкевіч. Базіраваўся райкам у атрадзе імя Лазо (камандзір Аляксандр Астапаў) у Машукоўскім лесе. 24 кастрыч-ніка 1943 года тут выйшаў першы нумар газеты Ляхавіцкага падпольнага райкама “Совецкі патрыёт”.
На франтах вайны загінулі больш як 1500 нашых землякоў. У кнізе “Памяць. Ляхавіцкі раён” названы прозвішчы 416 савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна і пахаваны на яго тэрыторыі.
Адразу пасля вызвалення ад фашысцкай акупацыі ў ліпені 1944 года на тэрыторыі раёна пачало наладжвацца мірнае жыццё. Аднаўлялася вытворчасць, адкрываліся школы і бальніцы, узводзіліся масты і дарогі, будавалася жыллё. Нашы землякі з энтузіязмам збіралі прадукты і грошы, каб дапамагчы фронту, і змагаліся з бандытызмам.
“Совецкі патрыёт” таго часу расказвае пра самыя розныя падзеі з жыцця землякоў. 21 студзеня 1945 года газета паведаміла, што райкам камсамола правёў першы масавы лыжны крос. У сакавіку ў Сваятычах адкрыўся другі ў раёне дзіцячы дом (17 сакавіка). Інвалідам вайны і сем’ям франтавікоў дзяржава аказвае грашовую і харчовую дапамогу (21 сакавіка). Упершыню на зямельныя надзелы сялян выйшлі трактары (22 красавіка 1945 года)…
У жніўні 1945 года ў раёне створаны малочны завод на правах структурнага падраздзялення раймаслапрама Баранавіцкага абласнога маслатрэста. На заводзе перапрацоўвалася 600 літраў малака ў суткі, з якога вырабляліся сыр, масла, вяршкі і тварог.
29 сакавіка 1949 года адбыўся першы з’езд калгаснікаў раёна.
Паступова аднаўлялася сетка культурна-асветных устаноў, адраджалася народная творчасць. У маі 1946 года адноўлена работа дома адпачынку “Савейкі”.
У чэрвені 1949 года ў Ляхавічах пачаў працаваць кансервавы завод (30 снежня 1997 года прадпрыемства пераўтворана ў ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”).
У ліпені 1949 года ў раёне налічвалася 20 калгасаў.

Былыя кіраўнікі раёна і вобласці Аляксандр Бокач, Віктар Бурскі, Анатолій Вайцешык сярод ганаровых гасцей на ўрачыстасцях з нагоды свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі (2006 г.).
50-я

Былыя кіраўнікі раёна і вобласці Аляксандр Бокач, Віктар Бурскі, Анатолій Вайцешык сярод ганаровых гасцей на ўрачыстасцях з нагоды свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі (2006 г.).
14 красавіка 1950 года адкрылася раённая сельскагаспадарчая выстаўка, на якой працаўнікі вёскі прадэманстравалі свае лепшыя набыткі.
24 снежня 1950 года некалькі дробных гападарак аб’ядналіся ў адну – імя Сталіна, якая пазней атрымала назву “Беларусь” (сёння — СВК ”Жарабковічы”).
8 студзеня 1954 года раён увайшоў у склад Брэсцкай вобласці. У 1957 да раёна далучаны Свяціцкі сельсавет Ганцавіцкага раёна, Гутаўскі і Тухавіцкі сельсаветы Быценскага раёна, а ў 1962 годзе – Ганцавіцкі раён (у 1966 ён зноў выйшаў са складу Ляхавіцкага).
У 1956 годзе ў Ляхавічах здадзена ў эксплуатацыю падстанцыя на 180 кВт, праз год яе магутнасць патроілася, што дазволіла поўнасцю электрыфікаваць горад і бліжэйшыя калгасы.
Верасень 1956 года – па закліку партыі і камсамола на вугальныя шахты Данбаса выехала першая партыя добраахвотнікаў.
У жніўні 1957 года ў Ляхавічах утвораны ветэрынарны тэхнікум (з 1969 года саўгас-тэхнікум, з 1996 – сельскагаспадарчы тэхнікум, з 2000 – Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж.
Жнівень 1958 года – у Ляхавічах на вуліцы Баранавіцкай узводзіцца новы будынак двухпавярховага ўнівермага.
У студзені 1958 года ў раёне ствараецца міжкалгасная будаўнічая арганізацыя (пасля яна неаднойчы мяняла шыльду, пакуль у 1986 годзе не стала Ляхавіцкай МПМК-17, а пасля – ПМК-17).
60-я
Гэтыя гады ўвайшлі ў біяграфію раёна як пачатак шырокага наступлення на балоты. Непралазная багна ператваралася ва ўрадлівыя палі і сенажаці.
У 1964 годзе ў Ляхавічах створана дзіцяча-юнацкая спартыўная школа.
У 1965 годзе Падлескі народны хор першым у раёне атрымаў званне народнага.
Звеннявой калгаса імя Ламаносава Вользе Мацюшка ў 1966 годзе прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
У 1967 годзе завершана электрыфікацыя ўсіх населеных пунктаў раёна, пабудавана 470 індывідуальных дамоў. Адкрыліся 5 школ, кінатэатр, магазін паўфабрыкатаў і кафэ. Запрацаваў дрэваапрацоўчы камбінат. Пачалося будаўніцтва льнозавода, хлебазавода, быткамбіната, гасцініцы, Дома Саветаў, вузла сувязі.
Створаны ПМК-46, ДЭУ, ПМК-13, міжраённае ўпраўленне асушальных і арашальных сістэм, БМУ-5.
1967 год – узведзены Курган Славы каля вёскі Завінне, на месцы, дзе 24-25 чэрвеня 1941 года вялі жорсткія баі з фашыстамі байцы 55-й стралковай дывізіі.
70-я
1971 год – званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена трактарысту калгаса “Кастрычнік” Віктару Малышку.
Немілагучныя назвы некаторых населеных пунктаў вырашана было памяняць: вёска Вонькі перайменавана ў Набярэжную, Вошкаўцы – ва Ураджайную.
Наш раён двойчы станавіўся пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва за павелічэнне вытворчасці і нарыхтовак сельскагаспадарчай прадукцыі. У 1974 годзе атрыманы самы высокі ўраджай збожжавых – 31, 7 цэнтнера з гектара (у сярэднім за пяцігодку — 25,6 цэнтнера).
Уведзены ў дзеянне ільнозавод (1971), торфабрыкетны завод (1973), завод жалезабетонных вырабаў (1974) і іншыя прадпрыемствы.
За дзявятую пяцігодку (1971-1975) пабудавана 6 будынкаў школ, у тым ліку Ляхавіцкай сярэдняй школы на 1104 месцы, 7 дзіцячых садоў, 3 дамы культуры, 10 прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, 41 тысяча квадратных метраў жылля.
У 1974 годзе ў Ляхавіцкім раёне створаны калгас “Дружба”. Ён быў адным з больш як 180, арганізаваных для развіцця авечкагадоўчай галіны. Праз некалькі дзесяцігоддзяў гэта гаспадарка застанецца адзінай у рэспубліцы з такой спецыялізацыяй.
У 1978 годзе раён чацвёрты раз быў удастоены пераходнага Чырвонага сцяга ЦК КПСС. Галоўны камітэт ВДНГ за выкананне плана вытворчасці і продажу дзяржаве асноўных відаў сельскагас-падарчай прадукцыі і заданняў па ўкараненні ў калгасна-саўгасную вытворчасць дасягненняў навукі і перадавога вопыту зацвердзіў Ляхавіцкі раён удзельнікам выстаўкі і прысудзіў яму дыплом І ступені. Дыплом І ступені атрымалі калгасы імя Ламаносава і “Беларусь”. Калгас імя Ламаносава ў 1978 і 1979 гадах выходзіў пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва, быў занесены на Усесаюзную Дошку гонару на ВДНГ СССР.
У ліпені 1978 года ў Ляхавічах запрацаваў “Доследны завод металічнай тары” (так пачалася гісторыя ЗАТ “Ляхавіцкі завод “Металапластмас”).
У 1979 годзе ўступіла ў строй першая чарга свінагадоўчага комплексу на 12000 галоў з поўнай механізацыяй і аўтаматызацыяй працаёмкіх працэсаў у калгасе “Новае жыццё”.
80-я
1981 год – запалены агонь Вечнай славы каля помніка ў вёсцы Дарава.
У снежні 1985 года наваселле на вуліцы Камсамольскай у райцэнтры справіў дзіцячы сад на 250 месцаў.
Як паведамляў “Будаўнік камунізму” за 14 чэрвеня 1986 года, тым летам ляхавіцкія рабяты маглі адпачыць у адным з трох стацыянарных піянерскіх лагераў: у “Арляняці” за змену адпачывалі 260 хлопчыкаў і дзяўчынак, у “Лясной казцы” – 125, у “Чайцы” – 60.
У канцы 1986 года ў Ляхавічы прыйшоў прыродны газ.
У 1987 годзе ў раённым Доме культуры створаны ансамбль народнай музыкі і песні “Крыніца”. Праз 5 гадоў (1993) яму прысвоена званне “народны”.
1987 год – у Ляхавічах закончана будаўніцтва бальніцы на 250 месцаў.
Калектыў калгаса імя Ламаносава, якім кіраваў кандыдат сельскагаспадарчых навук Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк, сабраў па 61,4 цэнтнера збожжа з гектара.
У 1989 годзе выдавецтвам “Беларуская савецкая энцыклапедыя” імя Петруся Броўкі выдадзена кніга “Памяць. Ляхавіцкі раён” – гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіччыны ад ХV стагоддзя да 80-х гадоў ХХ стагоддзя. Камісію па яе стварэнні ўзначальваў першы сакратар Ляхавіцкага райкама КПБ Аляксандр Цупрык. Рэдактарам-складальнікам выступіў наш зямляк Віталь Скалабан.
90-я
З 1 студзеня 1991 года раённая газета перайменавана ў “Ляхавіцкі веснік”. З кастрычніка 1943 года яна выходзіла пад назвай “Совецкі патрыёт”, з мая 1962 года – “Будаўнік камунізму”.
У снежні 1995 года Ляхавіцкі малочны завод набыў статус адкрытага акцыянернага таварыства. Са снежня 2002 года прадпрыемства перайменавана ў СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”.
1997 год – у раёне ўведзены пасады старастаў у вёсках. Абраны 101 стараста, сярод якіх 40 жанчын.
Ляхавіцкі лясгас пачаў функцыянаваць як самастойны суб’ект гаспадарання (да гэтага з 1988 года ён знаходзіўся ў складзе Баранавіцкага лясгаса).
У Ляхавічах з’явілася новае прыватнае прадпрыемства – таварыства з абмежаванай адказнасцю “Ляхавічыдрэў”.
Адкрыта Ляхавіцкая школа мастацтваў. У яе склад як аддзяленне ўвайшла і музычная школа, што дзейнічала ў Ляхавічах з 1959 года як філіял Баранавіцкай музычнай школы, а з 1960 – як самастойная ўстанова.
У 1998 годзе ў Жарабковічах пачала дзейнічаць першая ў раёне электронная аўтаматычная тэлефонная станцыя.
У тым жа годзе на раённым вузле электрасувязі адкрыты пункт калектыўнага карыстання інтэрнэтам. “ЛВ” за 27 сту-дзеня 1999 года пісаў: “Пакуль да шасці пастаянных кліентаў сеткі “Іnternet” у Ляхавічах далучаюцца каля паўтара
дзясятка індывідуальных – тых, каму яна патрабуецца толькі ў асобных выпадках”.
3-5 верасня 1999 года абноўлены стадыён “Колас” стаў месцам правядзення абласных сельскіх гульняў. Памерацца сіламі ў Ляхавічы з’ехалася каля 350 спартсменаў-аматараў з усіх раёнаў Брэстчыны. Гаспадарам тады дасталося трэцяе агульнакаманднае месца па выніках усіх спаборніцтваў.
28 кастрычніка 1999 года Свяшчэнны Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы па блаславенні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Алексія ІІ далучыў да ліку мясцовашанаваных святых навамучанікаў зямлі беларускай архімандрыта Серафіма (у міру Рамана Шахмуця, ураджэнца вёскі Падлессе нашага раёна). У жніўні 2000 года Архіерэйскі Сабор рускай Праваслаўнай Царквы ўславіў Серафіма ў Саборы Навамучанікаў і спаведнікаў расійскіх ХХ стагоддзя. Памяць святога Серафіма ўшаноўваецца 6 верасня.
Безумоўна, гэта далёка не ўсё. Потым у нашай з вамі гісторыі быў год 2000-ы і новае тысячагоддзе. Былі адметныя падзеі і што-дзённая праца. Былі перамогі нашых землякоў у самых розных конкурсах і спаборніцтвах. І быў у Ляхавічах абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі” – нават двойчы: у 2000-м і 2013-м. Да такой падзеі рыхтаваліся як след – перабудоўваліся, удасканальваліся, упрыгожваліся.
За апошнія гады на вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры з’явіўся цэлы новы мікрараён. Будаваўся, дарэчы, не толькі горад. 11 вёсак змянілі свой статус на аграгарадскі.
А яшчэ мяняліся шыльды ў прадпрыемстваў і арганізацый. З’яўляліся новыя службы і грамадскія аб’яднанні, арганізоўваліся новыя вытворчасці і гандлёвыя кропкі, развівалася прадпрымальніцтва. Укараняліся сучасныя тэхналогіі і эфектыўныя метады гаспадарання – у кагосьці больш актыўна і паспяхова, а ў некаторых і са скрыпам. Пра ўсё гэта ў свой час пісала наша раёнка.
І яшчэ напіша – пра ўсё, што адбудзецца. Пра сваіх землякоў. Пра іх справы. Пра важныя падзеі – у маштабах краіны і асобна ўзятага населенага пункта, двара ці дома. “ЛВ” заўсёды з вамі!
Экскурс па гісторыі раёна падрыхтавала Святлана БЕЛЬМАЧ.
Пры падрыхтоўцы матэрыяла выкарыстаны гісторыка-дакументальныя хронікі “Памяць.Ляхавіцкі раён” і “Памяць Беларусі”, энцыклапедыя “Гарады і вёскі Беларусі. Брэсцкая вобласць”, архіўныя нумары “ЛВ”.



