Тэлефоны – пад замок. З 1 верасня школы аб’яўлены тэрыторыяй без смартфонаў.Як будзе новаўвядзенне дзейнічаць на практыцы?

З 1 верасня школы аб’яўлены тэрыторыяй без смартфонаў. Новаўвядзенне замацавана ў абноўленым Кодэксе аб адукацыі Рэспублікі Беларусь і азначае, што ў новым навучальным годзе навучэнцы не змогуць карыстацца сваімі гаджэтамі ў сценах школы: клас стане месцам, дзе на час урокаў і перапынкаў тэлефоны будуць забаронены. Як будзе новаўвядзенне дзейнічаць на практыцы?

– Адзначу адразу, што пад абмежаванне трапілі не толькі смартфоны, але і кнопачныя тэлефоны. І не дэталізуеца, мае ўстройства выхад у інтэрнэт ці не. Бацькам за захаванасць гаджэтаў не трэба хвалявацца. У кожнай школе раёна абсталяваны месцы для іх захоўвання, якія зачыняюцца на ключ. Назначаны і адказныя асобы, якія будуць сачыць за захаванасцю гаджэтаў. Зараз установы адукацыі з бацькамі і навучэнцамі праводзяць адпаведную растлумачальную работу. Плануецца, што раніцай хлопчыкі і дзяўчынкі будуць здаваць мабільныя ўстройствы педагогам, а пасля заняткаў атрымліваюць іх назад. Выключэнне зробяць для школьнікаў, якім неабходна мець гаджэт па медпаказаннях, – адзначае начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.

У СШ №1 гатовы да сустрэчы са сваімі навучэнцамі, сцвярджае дырэктар установы адукацыі Надзея Лапіч. Для захоўвання гаджэтаў школа спецыяльна набыла шафу, дзе маюца індывідуальныя ячэйкі,  і кожны адсек зачыняецца на ключ. Знаходзіцца тэлефонны “сейф” у полі зроку відэакамеры.
– Як кіраўнік школы і маці чацвёртакласніцы лічу дзеянне табу на гаджэты ў школах своечасовым і актуальным. Нашы дзеці сталі вельмі залежнымі ад тэлефонаў. І абмежаванне на выкарыстанне смартфонаў, упэўнена, станоўча адаб’ецца і на здароўі дзяцей, і на якасці ведаў. У іх будзе больш часу для зносін з аднакласнікамі. Калі навучэнцу спатрэбіцца камусьці патэлефанаваць, то, канешне, яму выдадуць яго ўстройства. У першую чаргу, дзіця павінна звярнуцца да класнага кіраўніка ці да іншых работнікаў школы. І бацькі ў нейкіх тэрміновых сітуацыях заўсёды змогуць звязацца з класным кіраўніком ці адміністрацыяй школы. Механізм камунікацыі наладжаны, – падкрэсліла дырэктар СШ №1.
Дарэчы, Надзея Лапіч прымала ўдзел у адзіным метадычным рэспубліканскім семінары-нарадзе з удзелам міністра адукацыі Андрэя Іванца. Кіраўнік ведамства адзначыў, што абежаванне на выкарыстанне мабільных тэлефонаў распаўсюджваецца і на вучэбны працэс. Кнігі с QR-кодамі рэкамендуецца выкарыстоўваць дома. У школах у наяўнасці неабходнае абсталяванне, а калі патрэбен выхад у інтэрнэт, то маюцца камп’ютарныя класы , інтэрактыўныя дошкі і тэлевізары з выхадам у інтэрнэт.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.