На мове лічбаў і фактаў. Статыстычнай дзейнасцю на тэрыторыі Ляхавіччыны займаецца зладжаны калектыў аддзела статыстыкі Ляхавіцкага раёна
У эпоху вялікага аб’ёму лічбавай інфармацыі, якая бесперапынна папаўняецца, дзейнасць органаў дзяржаўнай статыстыкі нагадвае своеасаблівы каардынацыйны цэнтр, справаздача якога адлюстроўвае эканамічнае, дэмаграфічнае, сацыяльнае становішча, ацэньвае эфектыўнасць работы народнай гаспадаркі і асобных яе галін і іншае.

Сёлета беларуская статыстычная служба адзначае 105-годдзе
з дня свайго ўтварэння.
Пацверджана фактамі і вопытам, што статыстыка – эфектыўны інструмент для ўліку і кантролю, прыняцця абгрунтаваных рашэнняў, аптымізацыі працэсаў і паляпшэння якасці жыцця.
Статыстычнай дзейнасцю на тэрыторыі Ляхавіччыны займаецца невялікі, але зладжаны калектыў аддзела статыстыкі Ляхавіцкага раёна. 23 жніўня яго супрацоўнікі адзначаюць прафесійнае свята. Збор, апрацоўку, аналіз статыстычных звестак тут вядуць чатыры спецыялісты, і кожны на сваім працоўным месцы – прафесіянал. З лістапада мінулага года аддзел узначальвае Святлана Бузук, якая хутка ўвайшла ў курс справы і спраўляецца з абавязкамі кіраўніка не горш за сваіх вопытных калег. Кампетэнтная і аўтарытэтная ў сваёй справе намеснік начальніка аддзела статыстыкі Іна Скопінцэва. Эканаміст па адукацыі, у статыстыцы яна больш за два дзесяцігоддзі, з якіх сем – у ляхавіцкім аддзеле. Галоўны спецыяліст Аксана Вітко хоць і прыйшла ў аддзел тры гады назад, але ў лічбавым асяроддзі адчувае сябе ўпэўнена і пры неабходнасці можа падмяніць калег. Спецыяліст па абследаванні дамашніх гаспадарак Ганна Біза праводзіць выбарачнае абследаванне асабістых падсобных гаспадарак раёна дзеля вывучэння іх узроўню развіцця, атрымання інфармацыі пра аб’ёмы вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі, памеры пасяўной і ўборачнай плошчы, рух жывёлы і птушкі, аб’ём расходу кармоў. Такім чынам фарміруецца аб’ектыўная карціна вясковага жыцця.
Зараз у полі зроку аддзела статыстыкі Альхоўскі сельсавет. З мэтай вывучэння праблем занятасці насельніцтва тут па дагаворы падраду абследаваннем займаецца Ніна Гаспадарык. Яе дзейнасць накіравана на атрыманне інфармацыі пра колькасць занятых у эканоміцы, вызначэнне структуры рабочай сілы (пол, узрост, адукацыя, прафесія і г. д), працягласць работы, гатоўнасць працаваць, прычыны беспрацоўя.
Для статыстыкі не існуе дробязяў, важныя – дакладнасць і кожная дэталь. Таму работнікі аддзела праводзяць для спецыялістаў арганізацый і прадпрыемстваў навучальныя семінары і індывідуальныя кансультацыі па пытаннях складання і прадстаўлення дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці, праверкі дакладнасці дзяржаўных статыстычных даных.
Па інфармацыі аддзела статыстыкі Ляхавіцкага раёна, па стане на 1 студзеня 2025 года колькасць насельніцтва Ляхавіччыны складае 21 536 чалавек, з якіх 10 537 – гараджане. Сярод насельніцтва Ляхавіччыны колькасная перавага за прадстаўніцамі цудоўнага полу – іх 11 551.
– Напярэдадні прафесійнага свята асаблівыя словы ўдзячнасці і пажаданні здароўя, бадзёрасці і даўгалецця адрасую паважаным ветэранам аддзела статыстыкі Ляхавіцкага раёна: Марыі Набока, Людміле Фаміной, Галіне Жукавай, Сафіі Вельканец, Галіне Сідаркевіч. Дарагіх калег і ўсіх, хто звязаны са статыстыкай, – з прафесійным святам, з Днём работнікаў дзяржаўнай статыстыкі. Шчасця, дабрабыту, спраўджвання жаданняў і дасягнення пастаўленых мэт. Шчыра ўдзячны і ўсім рэспандэнтам дзяржаўных статыстычных назіранняў, насельніцтву, суб’ектам гаспадарання за актыўнае супрацоўніцтва з органамі дзяржстатыстыкі, – падкрэслівае начальнік аддзела статыстыкі Ляхавіцкага раёна Святлана Бузук.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

