Дачакаліся абновак і парадку! Пяцігодка пад знакам развіцця

ФАКТ

125  тысяч квадратных метраў

вуліц і завулкаў заасфальтавана ў Ляхавічах за тры апошнія гады. Менавіта з гэтага часу пачало актыўна выдзяляцца фінансаванне на такія мэты. Як расказалі ў КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», у 2023 годзе ў асфальт «апранулася» 22 тысячы квадратных метраў гарадскіх вуліц, у 2024 годзе – 62 тысячы квадратных метраў, сёлета – ужо 41 тысяча квадратных метраў.

Пасуюць Ляхавіччыне абноўкі. І з’яўляюцца яны ў нашым раёне з зайздросным пастаянствам. Прычым нямала аб’ектаў набывае сучасны прэзентабельны выгляд дзякуючы таму, што раённая ўлада хутка рэагуе на звароты грамадзян. Напэўна, не хопіць газетнай старонкі, каб прыгадаць усе вуліцы і завулкі, дарогі, дзе адноўлена і адрамантавана дарожнае пакрыццё, пакладзены асфальт, уладкаваны абочыны і тратуары, устаноўлены прыпынкі грамадскага транспарту.

Вось некаторыя з нядаўніх гарадскіх абновак. На працягу многіх гадоў марылі пра асфальт жыхары завулка Пугачова ў Ляхавічах, звярталіся ў розныя інстанцыі. Ды і раённая ўлада на сваім узроўні прыклала ўсе намаганні, каб, у рэшце рэшт, стан дарожнага пакрыцця палепшыўся. І вось, калі ласка. Знойдзена фінансаванне, і пытанне вырашана станоўча. Бліскучая асфальтавая стужка раскінулася па ўсім завулку. Ці задаволены тутэйшыя жыхары? Адназначна, так.
«ЛВ» у сацыяльных сетках паведамляў пра ўладкаванне асфальту на вуліцы Радужнай і завулку Радужным. А днямі ў асфальт «апрануліся» вуліцы Спакойная, Спартыўная, завулкі Сонечны, Спартыўны. І гэта не апошнія вуліцы і завулкі райцэнтра, якія стануць асфальтаванымі. Працяг абавязкова будзе.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Вуліца Радужная
Вул. Дружная
Зав. Радужны
Зав. Пугачова