Да школы гатовы! На Ляхавіччыне працягваецца дабрачынная акцыя «Дапаможам сабраць дзяцей у школу»
Да 1 верасня ўсё менш часу. На школьныя зборы засталіся лічаныя дні. Дабрачынная акцыя «Дапаможам сабраць дзяцей у школу» паказала, наколькі нашы землякі нераўнадушныя і гатовыя прыйсці на дапамогу іншым.

Дабрачынная акцыя «Дапаможам сабраць дзяцей у
школу», ініцыяваная ТЦСАН, аб’яднала арганізацыі і прадпрыемствы Ляхавіччыны, неабыякавых землякоў у жаданні дапамагчы сем’ям, якія маюць цяжкасці пры падрыхтоўцы дзяцей да новага навучальнага года.
25 жніўня ў ЦДАДіМ запрасілі мнагадзетныя сем’і, у якіх выхоўваецца дзіця-інвалід. Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз і яго намеснік Алег Траццяк уручылі хлопчыкам і дзяўчынкам школьныя ранцы з канцылярскімі прыладамі.
Кіраўнік раёна адзначыў, што дзеці – гэта наша будучыня, і шчыра павіншаваў рабят і іх бацькоў з надыходзячым Днём ведаў, пажадаў усім здароўя, спраўджання жаданняў і добрых адзнак.
16 партфеляў з 25 былі ўручаны навучэнцам-пачаткоўцам ва ўрачыстай абстаноўцы. Для дзяцей дарослыя арганізавалі цікавую забаўляльна-гульнявую праграму. Гучалі цудоўныя песні, хлопчыкі і дзяўчынкі разгадвалі рэбусы і весела праводзілі час. Сапраўдным сюрпрызам для прысутных стаў майстар-клас ад старшыні валанцёрскага савета абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа і члена Маладзёжнага савета пры Ляхавіцкім райсавеце дэпутатаў Сяргея Лешыка, які падзяліўся сакрэтамі шарамадэлявання. І дарослыя, і дзеці з захапленнем выраблялі з паветраных шароў цудоўныя фігуркі.
Мнагадзетная маці Лідзія Бурымская расказала, што яе сын Мікіта сёлета ідзе ў першы клас, і ёй вельмі прыемна, што школьныя клопаты з сям’ёй раздзялілі зусім чужыя людзі, за што сардэчная ўдзячнасць. Мікіта вельмі рыхтаваўся да свята, і мама ўпэўнена, што падарунак з рук старшыні райвыканкама стане для сына матывацыяй да добрай вучобы.
Школьныя партфелі напаўнялі многія прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Дарэчы, дабрачынная акцыя працягваецца. 1 верасня павінна стаць святам для кожнага дзіцяці-школьніка.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Больш фота тут.


