Чысты чацвер у Навасёлках. Навядзенне парадку на зямлі – тэма чарговай апаратнай нарады ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама

Год добраўпарадкавання паступова падсумоўвае зробленае. На апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама сельвыканкамы здаюць справаздачу пра эфектыўнасць навядзення парадку і выкарыстання земляў.

Навасёлкаўскі сельсавет – гэта 19 населеных пунктаў, 877 двароў і 1 925 жыхароў. Адзін з прыярытэтных напрамкаў у дзейнасці сельсавета – сістэмная работа па прыцягненні насельніцтва да добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі, адзначыў яго старшыня Аляксандр Мацюшэнка. Памочнікі ў важнай справе не толькі старасты вёсак, але і дэпутаты. Сумесныя абследаванні тэрыторый населеных пунктаў дазваляюць выявіць кропкі безгаспадарчасці, несанкцыянаваныя сметнікі.
Тым, хто парушае правілы добраўпарадкавання населеных пунктаў, накіраваны 19 прадпісанняў, складзены два адміністрацыйныя пратаколы, падкрэсліў старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама.
Традыцыйна праводзяцца сходы грамадзян, месячнікі па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі. Эфектыўная форма – суботнікі, у якіх вяскоўцы працуюць талакой. У чыстай справе і ААТ «Шлях новы», ТАА «Фермент» і іншыя. Асобны пункт у плане парадку – абыходжанне з пустуючымі і старымі дамамі. У адзіным рэестры маёмасці зарэгістраваны пяць дамоў, з якіх па трох пададзены заявы ў суд аб прызнанні іх безгаспадарнымі, яшчэ па двух вядзецца пошук нашчадкаў. Сёлета за адну базавую велічыню прададзена чатыры домаўладанні, на знос чатырох з бюджэ-
ту выдаткавана каля 11 тысяч рублёў.
Пад кантролем сельвыканкама і іншых службаў і мэтавае выкарыстанне земляў. Выяўленыя пустуючыя землі плошчай
1,4 гектара ў Пранчаках і Гарбачах, у Навасёлках уцягнуты ў сельгасабарот.
На тэрыторыі сельсавета нямала зроблена дзеля паляпшэння якасці жыцця насельніцтва. Завершана рэканструкцыя ліній электраперадачы ў вёсках Ціткаўшчыне і Краглі, вырабляецца праектна-каштарысная дакументацыя па ўладкаванні вулічнага асвятлення ў вёсцы Ураджайнай па вуліцах Ленінскай, Камсамольскай і часткова Разіна. У Навасёлках будуецца станцыя
абязжалезвання, яе ўвод у эксплуатацыю запланаваны на верасень.
Па словах кіраўніка Навасёлкаўскага сельвыканкама, маюцца ў сельсавеце і праблемныя пытанні, пра якія ведаюць і будуць паступова вырашаць.
Ацэнку добраўпарадкаванню Навасёлкаўскага сельсавета далі прадстаўнікі розных службаў.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз адзначыў, што зроблена нямала, але і шмат яшчэ патрабуе ўвагі. Патрэбна актыўная і мэтанакіраваная дзейнасць па навядзенні парадку. Маюцца ўласнікі земляў, гаспадары аб’ектаў і падведамасных тэрыторый, і яны павінны трымаць адказ за іх стан, рэзюмаваў кіраўнік раёна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.