Рамонт і абнаўленне. Што ў заліку? Да 20 жніўня ўсе без выключэння навучальныя ўстановы павінны мець падпісаныя адпаведнымі службамі пашпарты гатоўнасці да 2026/2027 навучальнага года

Вядомую прыказку пра тое, што сані трэба рыхтаваць летам, можна інтэрпрэтаваць і ў дачыненні да ўстаноў адукацыі: рамонт да наступнага навучальнага года трэба пачынаць яшчэ з мая. Менавіта так многія школы і дзіцячыя садкі, а таксама пазашкольныя ўстановы і робяць. Як заўсёды, дзяржава не пакідае школы сам-насам у вырашэнні рамонтна-фінансавага пытання.

– Як і ў папярэднія гады, сёлета да 20 жніўня ўсе без выключэння навучальныя ўстановы павінны мець падпісаныя адпаведнымі службамі пашпарты гатоўнасці да 2026/2027 навучальнага года. З бюджэту выдаткавана больш за 330 тысяч рублёў на рамонтныя работы. І нямала з запланаванага ўжо зроблена, – расказвае намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Марына Глушко.
Капітальных рамонтаў на гэта лета ў планах няма. А вось бягучыя рамонты ў шэрагу ўстаноў ужо завершаны. «ЛВ» знаёміць з найбольш значнымі пераўтварэннямі.


У дзіцячым садку № 1 у новае пакрыццё апранулася падлога ў спальных пакоях трох груп, а таксама ў музычнай зале
(абноўлена падлога музычнай залы дзіцячага сада № 2).
У межах бягучага рамонту абноўлена пакрыццё падлогі ў душавых дзіцячага сада № 4. Амаль завершаны работы па рамонце санвузлоў і буфетных у пяці групах дзіцячага сада № 1 і ў адной – дзіцячага сада № 3. Значны пералік рамонтна-аднаўленчых работ закранае і школы Ляхавіччыны.
– Працуем згодна з распрацаванымі планамі. Фінансаванне паступае своечасова і ў поўным аб’ёме. У залік можна занесці замену вокнаў у сталоўцы Навасёлкаўскай СШ імя Г. Ф. Нагорнага, часткі вокнаў у Конькаўскай СШ, рамонт часткі даху ў Востраўскай СШ, агароднінасхо-
вішча і казыркоў у Ліпскай СШ імя А.І. Малевіча, агароднінасховішча гімназіі. У Падлескай БШ заменены дзверы ў класах. Пачаты работы па рамонце ганку будынка СШ № 1. І гэта няпоўны пералік школьных рамонтаў, – удакладняе Марына Глушко.
Новы навучальны год школы, дзіцячыя садкі, пазашкольныя ўстановы сустрэнуць не толькі ў новым абліччы, але і з абноўленым абсталя-
ваннем. І зноў спрацавала дзяржаўная падтрымка. Больш
за 200 тысяч бюджэтных рублёў пайшло на абсталяванне. З іх 150 тысяч рублёў пойдуць на перавод васьмі ўстаноў дашкольнай адукацыі на пультавую сістэму аховы. Як вядома, у дзвюх дашкольных установах – дзіцячых садках № 1 і № 3 – адкрываюцца групы для дзетак ва ўзросце да 2 гадоў. Каб малышам было камфортна і бяспечна, набыты спецыяльныя ложкі з борцікамі. Ложкі для малодшых школьнікаў установяць у групах падоўжанага дня СШ № 1 і СШ № 2. Чаканыя абноўкі – абсталяванне для інжынерна-тэхнічнага цэнтра гімназіі і цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
– Зразумела, гэта няпоўны пералік. Немалы аб’ём работ выконваецца дзякуючы спонсарскай падтрымцы. Сярод найбольш значных аб’ектаў, якія абнаўляюцца гэтым летам за сродкі спонсараў, – СШ № 1, актавая зала гімназіі. На рамонтных работах актыўна задзейнічаны і калектывы ўстаноў адукацыі, дапамагаюць бацькі навучэнцаў, ды і самі хлопчыкі і дзяўчынкі не застаюцца ў баку ад навядзення парадку. Справа ж агульная, і тычыцца яна бяспекі, камфорту, здароўя нашых дзяцей. Задача кожнага з 10 дзіцячых садкоў, 14 школ, нашых пазашкольных устаноў – стварыць максімальна камфортныя і бяспечныя ўмовы для вучобы і выхавання, – гаворыць начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.