Акцыя «Ад усёй душы» праходзіць у Ляхавіцкім раёне. Віншаванні з 90-годдзем прымала жыхарка вёскі Альхоўцы Ляхавіцкага раёна

З цёплымі словамі віншавання, кветкамі і падарункамі старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Вольга Бурак, дырэктар ТЦСАН Таццяна Равінская, старшыня Альхоўскага сельвыканкама Вячаслаў Кулак, народны вакальны ансамбль ветэранаў “Сівізна” завіталі ў вёску Альхоўцы, каб павіншаваць з 90-гадовым юбілеем Ганну Страмавус.
Працоўны лёс Ганны Іванаўны звязаны з саўгасам “Альхоўскі”, дзе яна плённа працавала даяркай. І сёння, нягледзячы на шаноўны ўзрост, Ганна Страмавус цікавіцца жыццём і займаецца творчасцю — пляце кручком цудоўныя дыванкі. Але галоўнае багацце, якім валодае доўгажыхарка, — любоў і клопат родных і блізкіх.
У гэты ж дзень віншаванні з навагоднімі і каляднымі святамі, 90-м днём нараджэння прагучалі для ляхавічаніна Іосіфа Бортніка і жыхаркі Гарадзішча Ядвігі Хмары.





















