Жаданне наша – самае ўраджайнае!

Чаму для беларусаў такая важная традыцыя «Зажынак», чаму на пачатак жніва ў поле ляцяць, адклаўшы ўсе справы, кіраўніцтва раёна, гаспадарак, прафсаюзы, хлебаробы – усе,  хто мае дачыненне для хлебнай справы. Гэта традыцыя – не абмяркоўваецца, яна чаканая, усхваляваная, і ў ёй столькі спадзяванняў. Магчыма, ад таго, што працавітыя людзі шчодрай зямлі прывыклі пачынаць нялёгкую справу з Божага бласлаўлення, са свята і добрых слоў. Усіх аб’яднала адно жаданне – і яно самае ўраджайнае. Гэта павага да хлеба, які заўжды ў цэнтры стала беларускай сям’і, да хлебаробскай працы. 

Сёлета зажыначныя хвіліны прымаў СВК «Ляхавіцкі». Імправізаваную сцэну ладзілі ў хлебным полі за вёскай Жарскія, а асноўнымі элементамі інтэр’еру сталі сімвалы жніва – камбайны і саламяныя рулоны. Кожны раз, калі гучыць жніўная песня, калі зажынаецца першы сноп, упрыгожваецца стужачкамі – у душы шчымлівае пачуццё: няхай мары спраўдзяцца, няхай зямелька аддзячыць руплівых працаўнікоў шчодрым ураджаем.
Першы сноп ляціць высока ў неба – няхай ніўка будзе багатая. У кожным абрадавым дзействе столькі сімвалізму заклалі нашы продкі. А ўдзельніцы вакальнай групы Падлескага народнага хору ў імгненне сцерлі часавыя межы і перанеслі на стагоддзі назад, у тыя
зажыначныя хвіліны.
– Свята «Зажынак» – гэта традыцыя нашай памяці. З гэтага пачыналі нашы продкі самую адказную сельскагаспадарчую пару, з гэтага пачынаем і мы. Мы дзякуем зямлі, на якой працуем, нашым хлеба-
робам, чыімі рукамі куецца харчовая бяспека краіны, кожнаму, хто набліжае нас да жніўнай перамогі. Сёння, па аператыўных даных, па ўборцы азімага ячменю Ляхавіччына займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці. Таму планы на ўраджай – вельмі добрыя, спадзяёмся выйсці на свой максімум. Галоўнае, прайсці гэта жніво без страт. Надвор’е гаворыць, што гэта будзе бітва за ўраджай. Таму сіл і здароўя кожнаму на гэтым няпростым шляху!
– адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.
Першы сноп і гаспадару сёлетніх «Зажынак» – старшыні СВК «Ляхавіцкі» Івану Вітко. Хлебны клін гаспадаркі – 1 208 гектараў.
Першыя снапы як абярэг перадалі ў храм Ражства Іаана Прадцечы. Няхай нашы спадзяванні ўмацоўваюцца малітвай і верай.
Заўжды важна адчуваць не толькі момант здаровай канкурэнцыі, але і сяброўскае плячо побач. Але ж самае галоўнае – ісці ў поле з
Богам у сэрцы, з яго дапамогай і падтрымкай. Іерэй Сергій Кузняцоў благаславіў працаўнікоў, тэхніку, шчодрае поле – цяпер на жніво з
Божай дапамогай!
…Пераліваецца золатам поле, колас гатовы аддзячыць хлебаробам за клопат, тэхніка гучыць і рвецца ў бой! Па машынах, паважаныя хлебаробы! Ляхавіччына сочыць за вамі, хвалюецца, вы наш гонар!
Маргарыта
КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Васілій Пыжык, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні:

– Падчас уборачнай кампаніі – 2026 сельгасарганізацыям усіх формаў уласнасці трэба ўбраць 15 289 гектараў збожжавых і зернебабовых культур. З іх 1 758 гектараў складаюць плошчы азімага ячменю, уборка якога ўжо завершана. Ураджайнасць значна вышэйшая за леташнюю – 62,8 цэнтнера з гектара. Практычна 90 цэнтнераў
з гектара – ураджайнасць азімага ячменю ў ААТ «Жарабковічы». Ляхавіцкім аграрыям таксама належыць убраць 4 250 гектараў рапсу. На хлебных палях раёна працуе больш за 60 камбайнаў, якія прайшлі дзяржтэхагляд, укамплектаваны механізатарамі на
100 працэнтаў. На адвозцы будзе задзейнічана больш
як 70 адзінак аўтамабільнай і трактарнай тэхнікі. Практычна ўся тэхніка на ўборцы – айчыннай вытворчасці – нашага «Гомсельмаша».
У СВК «Ляхавіцкі» ў аўтапарку маецца адзін камбайн «Растсельмаш». Нашы камбайны не саступаюць: усе перадавікі свае рэкорды ставілі на тэхніцы беларускай вытворчасці. У поле ў сямейным складзе выйдуць 10 экіпажаў, будуць шчыраваць на жніўных палетках і 4 маладзёжныя экіпажы. На адвозцы зерня будуць задзейнічаны
8 маладых вадзіцеляў.

Прафсаюзны лідар ляхавіцкіх аграрыяў Вольга АНІКЕЙ:

– На палях зашумела тэхніка, наступіў вельмі напружаны для сельскагаспадарчага года этап. Таму прафсаюзы – на перадавой, заўжды побач з працаўнікамі. Паверце, прафсаюзная ўвага – неабходная і адчувальная. Хочацца адзначыць, што на кантролі ў прафсаюзаў дастаўка гарачага харчавання прама ў поле. Зразумела, накормлены работнік – эфектыўны работнік. Акцэнт падчас штодзённых маніторынгаў у полі робім на бяспечных умовах працы. Канешне, хутка пачнецца віншавальная эстафета, і прафсаюз падрыхтаваў нямала сюрпрызаў.