Надзвычай важная тэма – «Забеспячэнне бяспекі жыццядзейнасці: ад кібератак да правілаў на дарогах» – стала асноўнай падчас адзінага дня інфармавання насельніцтва
Бяспека для ўсіх і для кожнага.
Надзвычай важная тэма – «Забеспячэнне бяспекі жыццядзейнасці: ад кібератак да правілаў на дарогах» – стала асноўнай падчас адзінага дня інфармавання насельніцтва, які прайшоў у краіне ў мінулы чацвер. Інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Мікалая Мароза ў Падлескім СДК сустрэлася з жыхарамі Жарабковіцкага сельсавета.

Лічбавая бяспека, правілы паводзін у лесе, на дарогах, на вадзе, у экстрэмальных і надзвычайных сітуацыях, у тым ліку на пажары ці падчас навальніцы – важныя аспекты, на якія звернута ўвага падчас актыўнага дыялогу з насельніцтвам.
Мікалай Мароз адзначыў актуальнасць узнятай тэмы і ў якасці прыкладу прывёў факт: доля кіберзлачынстваў павялічваецца, і на сёння ў краіне трэцяя частка ўчыненых злачынстваў прыпадае на кіберзлачынствы. Вось чаму на першы план выходзіць прафілактычная і растлумачальная работа.
Старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Ляхавіцкага РАУС Уладзіслаў Зубік падкрэсліў, што ў сучасным высокатэхналагічным свеце кіберзлачынцы распрацоўваюць усё новыя і новыя метады атак, і ў іх сеткі па-ранейшаму трапляе больш і больш людзей розных узростаў і сацыяльнага статусу, у тым ліку дзеці і падлеткі. Што тычыцца Ляхавіцкага раёна, то, па словах Уладзіслава Зубіка, сёлета за першае паўгоддзе зарэгістравана значна менш кіберзлачынстваў, чым летась (за шэсць месяцаў 2025 года – 24, у 2026 годзе – 10, і палова з іх раскрыта).
Затрымана 18-гадовая ляхавічанка, якая ў якасці кур’ера забірала ў падманутых пажылых грамадзян грошы і перадавала іх кіберзлачынцам.
Нягледзячы на пастаянную разнапланавую прафілактычную работу, кіберзлачынцы знаходзяць новых ахвяр. Размова ідзе ў тым ліку і пра продаж тавараў праз інтэрнэт. Ляхавічанка знайшла па інтэрнэце аб’яву пра продаж садовых арэляў, жанчыне спадабалася
цана і не засмуціла поўная папярэдняя аплата. Грошы яна перавяла прадаўцам, пасля чаго тыя перасталі адказваць на тэлефонныя званкі, а пацярпелая засталася і без доўгачаканых арэляў, і без грошай.
Вырашыў зарабіць на даверлівых людзях і наш 18-гадовы зямляк. Ён размяшчаў на інтэрнэт-пляцоўках аб’явы пра продаж мабільных тэлефонаў і аўтамабіляў, якіх на самой справе ў яго не было. Пакупнікі знайшліся адразу і па просьбе «прадаўца» пераводзілі яму на банкаўскую картку перадаплату. Прадавец атрымаў грошы, а пакупнікі засталіся ні з чым. «Прадпрымальны» жыхар Ляхавіччыны паўстаў перад судом. Зараз ён адбывае пакаранне
тэрмінам на 2 гады і 3 месяцы ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Кіберзлачынствы – сур’ёзная праблема для грамадства. Каб з ёю змагацца, патрабуецца ўвага і асцярожнасць карыстальнікаў інтэрнэту. Трэба быць уважлівымі, не паддавацца на прапановы набыць недарагі тавар, толькі так можна зменшыць шанс стаць ахвярай махляроў і абараніць ад іх свае грошы.
Уладзіслаў Зубік спыніўся яшчэ на адным важным моманце. Менавіта ў інтэрнэце адбываецца ўцягванне дзяцей у незаконны абарот наркотыкаў, пачынаючы ад вярбоўкі, навучання. Дарослым неабходна прымаць меры і адсочваць актыўнасць сваіх дзяцей у інтэрнэце, ведаць, з кім яны вядуць перапіску, чым цікавяцца ў пошукавых
сістэмах. Для гэтых мэт існуюць спецыяльныя
праграмы бацькоўскага кантролю, якія бясплатна
можна ўстанавіць на мабільны тэлефон ці камп’ютар.
Начальнік РАНС Юрый Буйкевіч праінфармаваў пра аператыўную сітуацыю па лініі МНС у краіне, вобласці і на Ляхавіччыне. Што тычыцца пажараў, то з пачатку бягучага года ў нашым раёне зарэгістравана 19 пажараў, летась за аналагічны перыяд – 16, загінулі адпаведна 3 і 1 чалавек. Зараз разгар лета, дзеці на канікулах, таму бацькам трэба быць больш уважлівымі і пільнымі, каб не дапускаць дзіцячага свавольства з агнём. Юрый Буйкевіч звярнуў увагу дарослых на тое, што дзіцячыя гульні з агнём могуць стаць прычынай узгаранняў і прывесці да самых страшных наступстваў. Неабходна зноў і зноў нагадваць дзецям простыя, але жыццёва важныя правілы паводзін. Напрыклад, пры паху дыму ці ўзгаранні трэба адразу клікаць дарослых, тэлефанаваць па нумары 101 ці 112 і не хавацца. Задача дарослых не толькі растлумачыць правілы, але і паказваць іх на практыцы, каб у крытычны момант дзейнічаць правільна.
Яшчэ адна небяспечнасць летам – вада. Разам з прахалодай адпачынак на рэках і сажалках можа прынесці нямала бяды, падкрэсліў начальнік РАНС. Вада – небяспечная стыхія для дарослага, а для дзяцей – у разы больш небяспечная. Дзеці вядуць сябе самаўпэўнена, не адчуваюць небяспекі. Таму дарослыя абавязаны быць пільнымі і ні ў якім разе не пакідаць дзяцей без нагляду.
Абмяркоўваліся і іншыя пытанні, якія хвалююць вяскоўцаў і аграгараджан.
У гэты ж дзень ІПГ працавалі ў райбальніцы, раёне газазабеспячэння, лясгасе, ТЦСАН, ТАА «ЛяхавічыдрэўЭкспарт» і іншых калектывах.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

