Дзякуй, «Каласок», за цудоўны адпачынак

Праз пару дзён – у школу. А пакуль хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўсю дзеляцца ўражаннямі, атрыманымі падчас адпачынку на летніх канікулах. Дарослыя пастараліся і прапанавалі разнастайныя арганізаваныя формы адпачынку для юных ляхавічан. Каторы год зайздроснай папулярнасцю ў адпачывальнікаў карыстаецца спартыўна-аздараўленчы лагер «Каласок» з дзённым знаходжаннем, які традыцыйна размяшчаецца ў ДЮСШ.

– На працягу дзвюх змен (кожная па 15 дзён) – у чэрвені і жніўні – у нас адпачывалі, займаліся спортам, іншымі цікавымі справамі 155 спартсменаў – навучэнцаў з розных школ Ляхавіччыны. Праграма кожнай змены даволі разнастайная і насычаная: трэніроўкі і спаборніцтвы, лекцыі і кіналекторыі, экскурсіі і вандроўкі, сустрэчы і віктарыны, спартландыі і гульні. У тым, што адпачынак быў цікавым, заслуга выхавальнікаў, у ролі якіх трэнеры – выкладчыкі на чале з дырэктарам летніка Валянцінай Ганчар. Наладжана плённае супрацоўніцтва з райпо –нашы выхаванцы атрымлівалі трохразовае харчаванне ў рэстаране «Ластаўка», – расказвае дырэктар ДЮСШ Валянціна Русакевіч. Не толькі хлопчыкі і дзяўчынкі, але і іх бацькі задаволены тым, як арганізаваны адпачынак у «Каласку», пра што сведчаць і водгукі.

Валерыя КАТКО, 12 гадоў, СШ № 2:

– У лагеры я адпачывала трэці год запар. Тут заўжды супер! І гэта лета не выключэнне. Здорава, што і на канікулах можна праводзіць вольны час з нашай дружнай гандбольнай камандай і разам з нашым любімым трэнерам Аксанай Лойка. За два тыдні было шмат чаго і новага, і цікавага. Асабліва запомніўся паход на Курган вечнай Славы. Мы пешшу прайшлі з Ляхавічаў да гэтага гістарычнага месца, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны праходзілі жорскія баі. Там мы ўшанавалі памяць пра герояў вайны. А потым правялі спартландыю. Збіраюся і на наступны год запісацца ў «Каласок».

Лізавета ШАДУРА, 12 гадоў, гімназія:

– Наш «Каласок» самы суперскі! Мне падабаецца тут усе – трэніроўкі, спартландыі, экскурсіі, конкурсы. На гэтай змене найбольш спадабаліся экскурсіі ў раённы адзел па надзвычайных сітуацыях, а яшчэ ў бібліятэку. Дарэчы, некаторыя з хлопчыкаў загарэліся ідэяй у будучым атрымаць прафесію выратавальніка. Захапілі і мультфільмы, якія мы хадзілі гля-дзець у кінатэатр «Кастрычнік». Я вельмі люблю займацца гандболам, і цудоўна, што ў лагеры трэніроўкі прадаўжаліся. У летніку адпачываюць рабяты з іншых секцый, а гэта зна-чыць – новыя знаёмствы і магчымасць дружна праводзіць вольны час.

Наталля МАСЛОЎСКАЯ:

– Мой 13-гадовы сын у захапленні ад лагера. Дарэчы, я таксама вельмі задаволена. Галоўнае, што і летам не спыняецца трэніровачны працэс –сын займаецца дзюдо пад кіраўніцтвам вопытнага трэнера Віктара Богуша. Акрамя таго, для падлеткаў арганізавана настолькі цікавая праграма, што дома толькі і паспявае дзяліцца ўражаннямі. Не менш важна і тое, што рабяты увесь час заняты справай, а мы, бацькі, спакойны і ўпэўнены, бо нашы дзеці з карысцю бавяць вольны час. Нельга не сказаць пра харчаванне, сын заўжды расказваў, што гатуюць у рэстаране смачна. Калі ўлічыць той факт, што бацькоўская аплата за 15 дзён знаходжання ў лагеры абышлася для сямейнага бюджэту ў 60 рублёў, то адпачынак не толькі камфортны для дзяцей, але і эканамічна выгадны для бацькоў.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.