Змоўклі маторы, гучалі віншаванні. У ААТ «Жарабковічы» Ляхавіцкага раёна адбылося свята новага ўраджаю

У мінулую пятніцу ў самым маштабным сельгаспрадпрыемстве раёна адбылося свята новага ўраджаю


БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Каравай-2025 у ААТ «Жарабковічы» атрымаўся вялікім. Бункерны збор збожжавых і зернебабовых склаў 23 132 тоны, што на 1 552 тоны перавышае аналагічны паказчык мінулага года і больш як на трэць фарміруе агульнараённы вал хлеба Ляхавіцкага раёна. Варта прыгадаць факт намалоту без малога 2 500 тон алейнага насення рапсу, якое для ўласнага перапрацоўчага цэха і прадпрыемства ў цэлым з’яўляецца больш чым «хлебам».
Дажыначнай сцэнай на гэты раз стаў машынны двор з адпаведным антуражам: плакат-віншаванне, густыя і свежыя, быццам толькі з поля, снапы пшаніцы, дзяржаўная сімволіка на камбайнах і аўтамабілях – нядаўніх збожжавозах, якія фарміравалі контур «глядзельнай залы».
У збожжаўборачных работах – 2025 на палетках ААТ «Жараб-
ковічы» было задзейнічана13 камбайнаў – «Гомсельмашы» розных тэрмінаў эксплуатацыі і вытворчых магутнасцяў. Былі сярод машын і новая гомельская «васьмісотка», і куды больш сціплы агрэгат пад індэксам «КЗС-10». А сярод экіпажаў – і звычайныя тандэмы механізатараў, і экіпажы ў складзе аднаго механізатара, і сямейныя, і маладзёжныя. Аднак агульнае, што вызначае мясцовых хлебаробаў, – тое, што ўсе 13 камбайнавых экіпажаў ААТ «Жарабковічы» пераўзышлі 1 000-тонны намалот. А некаторыя з іх перавысілі гэту мяжу ўдвая, а то і ледзь ці не ўтрая.
Прамова дырэктара акцыянернага таварыства Андрэя Новіка была кароткай, шчырай, са словамі віншаванняў і падзякі за добрыя вынікі. Менавіта кіраўнік быў першым адораны хлебным караваем з новага ўраджаю.
«Новых караваяў», падзяк, віншаванняў, шчырых апладысментаў у той дзень было многа. Свой каравай і поўны набор прызначаных у даным выпадку дадатковых, у тым ліку, матэрыяльных бонусаў атрымалі, склалася такое ўражанне, усе, хто прымаў удзел у фарміраванні на працягу сезона, уборцы, дасушцы-дапрацоўцы вялікіх тысяч тон новага жарабковіцкага хлебнага ўраджаю: спецыялісты гаспадаркі, кіраўнікі яе асобных падраздзяленняў,
камбайнеры, вадзіцелі шматтонных зернявозаў і аператары ачышчальна-сушыльных комплексаў.
Жніво гэтага года было дадаткова няпростым яшчэ і з прычыны дажджлівага надвор’я на першым этапе ўборачнай эпапеі. А прывесці вільготнае зерне да складскіх паказчыкаў з’яўляецца задачай ЗСК. Такіх комплексаў у гаспадаркі аж шэсць, працавалі яны круглымі суткамі і фактычна на поўную магутнасць. Можна ўявіць сабе, які груз адказнасці і ўвогуле груз выпаў на аператараў зернесушылак. Справіліся!
А што да матораў, то яны ў бягучым годзе канчаткова змоўклі толькі для часткі камбайнаў акцыянернага таварыства. На асобных з іх пачаліся ўжо рэгламенты па пастаноўцы машын на міжсезон-
нае захоўванне. У той жа час для чатырох-пяці камбайнаў з
завяршэннем збожжаўборкі сезон не заканчваецца.
– Сезон уборкі кукурузы на зерне не за гарамі. Вясной і нават на
пачатку лета ў адносінах да гэтай культуры былі вялікія хваляванні. Але вільгаць і цяпло некалькіх жнівеньскіх тыдняў зрабілі для цеплалюбівай сельгаскультуры сваю справу. Сёння кукуруза выглядае зусім нядрэнна. Аддаць пад уборку на зерне плануем 600 гектараў плошчы. Ёсць таксама крупяныя палі. А значыць, і работа для некалькіх адзінак камбайнавай тэхнікі, – тлумачыць блізкі перспектыўны палявы расклад Андрэй Новік.
Патрэбна аддаць належнае вакальнаму гурту СДК «Падлессе» – за выканальніцкае майстэрства па музычным суправаджэнні свята новага ўраджаю ў ААТ «Жарабковічы».
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ