Пятая змена рыхтуе пытанні. Жнівеньскім госцем рэспубліканскай акцыі «Крок да поспеху» стала дэлегат УНС
Летнія канікулы ў ляхавіцкай «Чайцы» – гэта шанц на класны здаровы адпачынак, цікавыя знаёмствы, а яшчэ дзякуючы шматлікім акцыям гэта сустрэчы з людзьмі, якія могуць падзяліцца цікавым вопытам грамадскай дзейнасці, расказаць пра свае працоўныя будні і не толькі. Гэта лета працягнула добрую традыцыю рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Крок да поспеху». Жнівеньскім госцем пятай змены стала дэлегат Усебеларускага народнага сходу Маргарыта Кухта-Маслоўская.

Некалькі хвілін пра сябе, працу і захапленні – у рабят быў свой сцэнарый сустрэчы.Пытанні дарослыя і часам усё ж «заганялі ў кут» няхай і ў дэкрэтным водпуску, але ў недалёкім мінулым галоўнага рэдактара раёнкі.
– У вас творчая праца. Што натхняе на творчасць?
– Перш за ўсё гэта людзі, якія прадстаўляюць нашу краіну ў розных сферах. Людзі, якія па-сапраўднаму любяць працу, з якой выбралі ісці па жыцці. Калі сустракаешся з такімі апантанымі людзьмі, тады радкі ўзнікаюць самі, пішацца лёгка, і часцей за ўсё матэрыял знаходзіць водгук у сэрцах чытачоў. Летам маё натхненне – людзі жніва. Не ўяўляю лета без выездаў у поле, віншаванняў тысячнікаў, нашых «Зажынак» і «Дажынак». У гэтым ёсць вялікі зарад бадзёрасці і натхнення.
– У дэлегаты УНС вас вылучыў БРСМ? Як вы
бачыце моладзь у кантэксце развіцця краіны?
– Варта адзначыць, што менавіта БРСМ – маладзёжная структура, ад якой у склад УНС было вылучана 80 дэлегатаў. Гэта гаворыць пра многае. Моладзі ў нашай краіне давяраюць важныя дзяржаўныя справы, і праз членства ў такіх арганізацыях моладзь можа прадставіць свае планы і ідэі на самым высокім узроўні, і меркаванні будуць пачуты.
– Якія самыя яркія падзеі з працоўнага жыцця?
– Безумоўна, магу сказаць, што гэта ўдзел у Форуме медыйнай супольнасці Беларусі ў Магілёве ў маі 2024-га. Яркая і як заўжды напоўненая змястоўнымі тэзісамі прамова беларускага лідара пра нашу беларускую журналістыку і не толькі пакінула шмат водгукаў у сэрцы. Канешне, самы дарагі ўспамін – выступленне падчас форуму, дзе прэзентавала сумесны праект «ЛВ» і аддзела па адукацыі райвыканкама «Школьны дзённік». Дзякуй за магчымасць быць пачутай! А яшчэ, грэе душу той факт, што раёнка – уладальнік Гран-пры ў Нацыянальным конкурсе «Залатая Ліцера» менавіта за гэты праект.
– Чым запомнілася першае пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу?
– Маштабам, новым статусам УНС, прамовай Прэзідэнта. Гэту падзею па праве можна называць гістарычнай для суверэннай Беларусі. УНС упершыню сабраўся ў новым канстытуцыйным статусе. Словы Кіраўніка дзяржавы, здаецца, былі адрасаваны кожнаму беларусу і ўсяму свету! Усё было раскладзена па паліцах: геапалітычная сітуацыя ў свеце і наша міралюбівая пазіцыя, нашы дасягненні, гаварылася шмат пра ролю і месца УНС. Было шмат кранальных момантаў, адчувалася еднасць і моц народа. Для мяне важным прагучаў пасыл, што мы не будуем «сродкі» для вайны – мы дэманструем, як стваральна можа жыць народ у міры! І дзякуючы такой палітыцы наша краіна застаецца астраўком сапраўднага міру. Беларусь – тэрыторыя стабільнасці і стваральнасці. Хвалююча тое, што маю магчымасць асабіста датыкнуцца да працэсу ўмацавання нашай незалежнай Беларусі, быць часткай гэтай падзеі. Убачыла, што наша краіна – гэта столькі розных людзей, якія прадстаўляюць усе сферы жыцця,і ўсе яны гатовы на многае дзеля дабрабыту нашага народа. УНС – гэта гонар і адказнасць!
– Вы дэпутат раённага Савета дэпутатаў. У чым бачыце асноўную місію гэтага статусу.
– Дэпутаты – гэта народныя выбраннікі. Таму галоўнае – чуць выбаршчыкаў, ведаць, чым яны жывуць і што іх хвалюе,
прадстаўляць і абараняць іх інтарэсы. Шмат пытанняў гучыць падчас прамых ліній, сустрэч з грамадзянамі… Канешне, аднаму вырашыць многія пытанні немагчыма, таму да вырашэння той ці іншай праблемы заўжды падключаюцца дэпутацкі корпус, службы
раёна.
– Што самае складанае ў прафесіі журналіста?
Магчыма, заўсёдная залежнасць ад інфармацыйнага наплыву?
– Для мяне заўжды складана спраўляцца з эмоцыямі. Любы матэрыял ты прапускаеш праз сябе, часам прымяраеш тую ці іншую сітуацыю на сябе. Заўжды хочацца трапіць у сэрца чытача, шмат сіл аддаеш, каб атрымаць вынік. А вынік не заўжды такі, на які разлічваеш. Наконт інфармацыйнага наплыву. З гэтым жывеш, у гэтым інфармацыйным віры становіцца камфортна, і без яго ўжо немагчыма. Хутчэй прысутнічае страх, што нешта ўпусціў.
– Якія пажаданні будучым абітурыентам, якія яшчэ не вызначыліся з прафесіяй?
– Самае галоўнае, выбраць сваю справу, якая не стане штодзённымі пакутамі, а падорыць крылы. Знайсці сваё – гэта шчасце! І гэта тычыцца ўсяго: сямейных зносін, працы, хобі… Наша краіна дорыць тысячы шанцаў рэалізаваць сябе і да паступлення, і калі прымерыце статус студэнтаў, калі атрымаеце дыпломы спецылістаў.
Не ўпусціць ніводнага шанцу, каб стаць лепш.
– Пажаданні ад дэлегата УНС…
– Апошнія гады пажаданні напоўніліся большым сэнсам у кантэксце міру. Гэта катэгорыя жыцця стала неабходнай. І мы гэта зразумелі, калі ўбачылі, што адбываецца з суседнімі краінамі. Таму хочацца не пажадаць, а папрасіць кожнага ўкладвацца ў гэты мір. А для гэтага ў нас усё ёсць – вучыцеся, развівайцеся, плённа працуйце, умацоўвайце эканоміку краіны, стварайце шчаслівыя сем’і, дзе нараджаюцца маленькія беларусы-патрыёты! У нас, як у народа, шмат багацця, за гэта і варта трымацца.

