Ваш выхад, інжынер! Жыве ў Ляхавіцкім раёне Міхаіл

Сын і бацька ў гэтай сям’і – поўныя цёзкі. Папрасі да дамашняга тэлефона Міхаіла Міхайлавіча Пятроўскага, абавязкова пачуеш пытанне: старэйшага ці малодшага? Адыграла гэта “цёзачная” акалічнасць (у дадатак да роднасці) нейкую ролю ці не, але ж і натуры ў абодвух падобныя – дружалюбныя і добразычлівыя. У гэтым паспелі пераканацца і ў СВК “Жарабковічы”, дзе Пятроўскія працуюць: старэйшы – спецыялістам па маркетынгу, малодшы – інжынерам па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка.

Сёння слова – пра маладога спецыяліста, станаўленне якога адбываецца ў трывалай, моцнай гаспадарцы і, што не менш важна, у згуртаваным калектыве. “Жарабковічы” – гэта гучыць выразна.

Тэхніка тут як на падбор і ў зайздроснай колькасці, таму справы хапае і інжынернай службе, і абслугоўвай, і механізатарам. Міша Пятроўскі з дыпломам Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта прыйшоўся ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве вельмі дарэчы. Гэта пацвердзяць і галоўны інжынер Вячаслаў Буцько, і загадчык майстэрняў Іван Грыгаровіч, і начальнік пункта тэхнічнага абслугоўвання Васілій Панічаў, і брыгадзір трактарнай брыгады Георгій Жук. Тым больш, што Міхаіла тут ведалі значна раней: студэнтам у час канікул ён уладкоўваўся папрацаваць то на трактары, то на камбайне. На жніве ў складзе маладзёжнага экіпажу быў сярод перадавікоў. Праверылі, як гавораць, у справе. Апошнія паўтара гады, калі стаў тутэйшым інжынерам, толькі ўмацаваліся ў меркаванні: добры хлопец, граматны спецыяліст, надзейны чалавек.

Міша шчырай усмешкай падмацоўвае ўласную выснову: “Гэта ж так цікава і захапляльна – працаваць з сучаснай тэхнікай і з класнымі майстрамі, якія гэтую тэхніку ведаюць ад “а” да “я”.

У кожным плюсіку гаспадаркі ёсць і інжынернае дачыненне, часам – ці не вырашальнае. Вось з гэтага, адпаведна – з разумення асабістай адказнасці за справу і зыходзіць малады спецыяліст. Ён жа – актыўны бээрэсэмавец, аматар спорту, прыхільнік здаровага ладу жыцця, душа кампаніі, проста добры чалавек Міхаіл Пятроўскі.

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Ваш выхад, інжынер! Жыве ў Ляхавіцкім раёне Міхаіл

  • 11/02/2015 в 22:08
    Permalink

    Знаю Мишку с детства. Очень доброжелательный и замечательный человек. Всегда стремится помочь другим.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *