Наш абавязак – наша памяць
На тэрыторыі Ляхавіцкага раёна больш за паўсотню помнікаў, брацкіх магіл і пахаванняў ахвяр і герояў Вялікай Айчыннай вайны. І пра кожны землякі ведаюць, помняць, да кожнага свая сцяжынка памяці, якая ні ў якім разе не павінна зарастаць няведаннем і абыякавасцю. Гэта наша памяць, наша гісторыя, нашы продкі. І мы, сённяшнія пакаленні, абавязаны захаваць гэту памяць для нашых нашчадкаў.

У Ляхавіцкім раёне склалася добрая традыцыя – за кожнай брацкай магілай і нават адзіночным пахаваннем замацаваны школы, прадпрыемствы, установы, якія падтрымліваюць там парадак. За сродкі арганізацый рознай формы ўласнасці, грамадскіх аб’яднанняў, неабыякавых землякоў рамантуюцца і абнаўляюцца помнікі, у тым ліку тыя, якія былі ўстаноўлены шмат дзесяцігоддзяў назад.
Да старшыні раённага Савета дэпутатаў Юрыя Чаранкевіча звярнуўся ветэран Ляхавіцкага РАУС Міхаіл Ільюкевіч з просьбай добраўпарадкавання на гарадскіх праваслаўных могілках пахавання Яўгенія Ландава, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, які пасля яе заканчэння і да смерці ў 1948 годзе працаваў загадчыкам сектара кадраў Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў працоўных. З захаваўшыхся архіўных даных вядома, што 18-гадовага Яўгенія Ландава, як толькі пачалася Вялікая Айчынная вайна, прызвалі ў Чырвоную Армію. Са жніўня па лістапад 1942 года гвардыі старшына тэхнічнай службы, механік-вадзіцель танка Т-34 Яўгеній Ландаў змагаўся супраць фашыстаў на Сталінградскім фронце, пры абароне Сталінграда быў моцна паранены. Узнагароджаны медалямі «За абарону Сталінграда» і «За перамогу над Германіяй», у 1951 годзе пасмяротна – ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені за актыўны ўдзел у барацьбе з фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
– Абавязак пакаленняў, якія жывуць пад мірным небам у свабоднай краіне, – зрабіць усё магчымае, каб захаваць сапраўдную памяць і пра тыя далёкія гераічныя падзеі, і пра людзей, дзякуючы каму Беларусь атрымала незалежнасць, хто не шкадаваў сіл дзеля яе вызвалення, аднаўлення і далейшага росквіту. І не толькі ў год юбілею Перамогі, а заўсёды павінны клапаціцца пра тое, каб помнікі, абеліскі былі ў парадку, каб сюды заўжды прыходзілі людзі аддаць даніну павагі і пашаны, – адзначае Юрый Чаранкевіч.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса Юрый Чаранкевіч, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Ларыса Юшкевіч аб’ядналі намаганні, былі знойдзены спонсары, дзякуючы каму праведзены работы па бягучым рамонце помніка на магіле, дзе пахаваны Яўгеній Ландаў, а таксама добраўпарадкавана тэрыторыя вакол пахавання. Добрая справа на рахунку ТАА «ВАЛІЯНЗ» (кіраўнік Сяргей Варановіч), работы выконваў і жыхар раёна Эдуард Свянтэцкі.
– Удзячнасць нашчадкаў – гэта абавязак сумлення, годнасці, чалавечнасці. Ні ў якім разе нельга дапусціць, каб сцерлася памяць пра тых, хто набліжаў Перамогу, хто ўступіў у барацьбу з ворагам у гады вайны. Удзячнасць і павага тым, хто сёння надзейна захоўвае мір і спакой, хто абараняе краіну ад замахаў як унутры Беларусі, так і на яе межах. Захаваць гэту памяць – самае меншае, што мы можам зрабіць. У цэнтры ўвагі нашай арганізацыі – пытанні будаўніцтва, рэканструкцыі і рамонту помнікаў і абеліскаў, утрымання месцаў пахавання. Такога кшталту акцыя па добраўпарадкаванні індывідуальных пахаванняў праводзіцца не ўпершыню. Так, пры фінансавай падтрымцы ТАА «Фермент» некалькі гадоў назад добраўпарадкавана воінскае пахаванне ўраджэнца вёскі Малышы Іосіфа Канцылярчыка, які ў гады вайны быў партызанскім сувязным і загінуў. Была добраўпарадкавана, у тым ліку з фінансавай дапамогай
ААТ «Шлях новы» і «Ляхавіцкі льнозавод», магіла Сяргея Свянтэцкага, ураджэнца вёскі Крывошын, які ў 1997 годзе падчас тэрміновай воінскай службы цаной уласнага жыцця папярэдзіў уцёкі асабліва небяспечных злачынцаў са спецвагона на чыгуначным вакзале ў Баранавічах, – расказвае Ларыса Юшкевіч.
Наша жыццё мяняецца, але памяць застаецца нязменнай. Яна жыве ў сэрцах наступных пакаленняў і ў іх добрых справах.
Галіна КАНЬКО.



