Цукровы бурак расце клопатам. Першы дзень каляндарнай восені супаў з пачаткам уборкі салодкага караняплода ў гаспадарках Ляхавіцкага раёна

Цукровыя буракі няпростыя ў вырошчванні, на кожным з этапаў патрабуюцца дакладнасць і выкарыстанне адмысловай тэхнікі. Пачынаючы з сяўбы, якую трэба выконваць спецыяльнай «бурачнай» сеялкай, і да ўборкі-пагрузкі ўраджаю, што ў стане ажыццявіць толькі складаныя ўборачныя і пагрузачныя комплексы. Зразумела, што на выхадзе атрымліваецца прадукт дастаткова высокага сабекошту. З іншага боку, гэты ж прадукт няблага прадаецца і дае добры прыбытак. Канешне ж, апошяе магчыма пры дасягненні пэўных вынікаў: высокім цэнтнеры гектарнага збору і прымальным паказчыку цукрыстасці.


У параўнанні з мінулым годам плантацыя цукровага бурака ў раёне некалькі страціла ў плошчах і складае 1 780 гектараў. Свае гектары маюць дзве фермерскія гаспадаркі, СУП «Ліпнянка»,
ЗАТ «Фораланд», ААТ «Шлях новы» і «Жарабковічы». Апошняя гаспадарка з’яўляецца самым маштабным у раёне вытворцам салодкага кораня, які сёлета займае тут 740 гектараў.
З пачаткам каляндарнай восені
на «салодкія» палеткі «Жарабковічаў» выйшла буракаўборачная тэхніка. Параўнальна новы – каля пяці гадоў эксплуатацыі – камбайн, якім вельмі спрактыкавана суткамі напралёт кіруюць вопытныя механізатары Іван Касміна, Юрый Славута і Віктар Клемяня. Вытворчыя суткі дзеляць на тры роўныя часткі, да месца змены працоўнага каравула дабіраюцца на спецыяльна замацаваным аўтамабілі, у выпадку пазаштатных сітуацый збіраюцца ўсёй брыгадай, каб максімальна хутка і якасна правесці рамонтна-аднаўленчыя работы.
Другі дзень верасня на размешчаным на мяжы з Мінскай вобласцю 180-гектарным жарабковіцкім «цукровым» палетку выдаўся па-сапраўднаму гарачым. На змене знаходзіўся Віктар Клемяня, які, дарэчы сказаць, стаў адным з лепшых у раёне камбайнераў па выніках нядаўняй збожжаўборкі. Віктар таксама адзначыўся і на уборачных палетках гаспадаркі тым, што ў якасці машыніста самаходнага апырсквальніка зрабіў вельмі шмат для сёлетняга ўраджаю цукровага бурака.


– Такая, як сёння, сухая гарачыня з’яўляецца не лепшым спадарожнікам у нашай рабоце. Кажу не пра сябе, паколькі ў кабіне камбайна ёсць усё неабходнае, каб адрэгуляваць патрэбнае табе «лакальнае» надвор’е. Падымаюцца сапраўдныя хмары сухога дробнадысперснага пылу, які пранікае, здаецца, ва ўсе вузлы і механізмы камбайна. Дзейнічае на іх паверхні, як «наж-
дачка», і тым самым правакуе іх знос і ненарматыўна хуткія выхады агрэгатаў са строю. А гэта і цана, і работа, і час. Што да поля, то буракі даволі-
такі чыстыя. Так што капаць не асабліва напружана, – разважае механізатар. За няпоўны першы дзень і другія поўныя суткі работы цукровы бурак у «Жарабковічах» быў выцераблены на прыкладна трох дзясятках гектараў. Рэкорднай ураджайнасці пакуль не здарылася. Але і паказаныя 500 сярэдніх цэнтнераў на круг уяўляюцца неблагой масай. Тым больш, відавочна, яны працягваюць ісці як у рост, так і ў плане набору цукрыстасці.
Аб тым, што фарміраванне караняплода канчаткова не спынілася, можа гаварыць той факт, што бацвінне да гэтай пары працягвае заставацца жывым і зялёным. Пажоўклыя плямы таксама сустракаюцца, але з’яўляюцца рэдкімі, не псуюць агульную зялёную карціну і надзеі на больш высокі, чым летась, ураджай жарабковіцкага салодкага караняплода.
Накапанае багацце на той момант яшчэ знаходзілася ў доўгіх буртах на ўскрайку поля. Аднак ужо на наступны дзень чакаліся першыя адгрузкі і вываз прадукцыі на буракапрыёмны пункт.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.