Размова з урачом-гінеколагам
Рак шыйкі маткі – адно з найбольш распаўсюджаных злаякасных новаўтварэнняў. Даволі часта ён выяўляецца ў трэцяй або чацвёртай стадыях, калі прагноз не аптымістычны. У Беларусі кожныя два дні захворваюць пяць жанчын, і кожны дзень гэта хвароба забірае жыццё адной жанчыны. Усяго ў краіне колькасць хворых ракам шыйкі маткі, якія стаяць на ўліку ў анкалагічных установах, складае каля 11 тысяч чалавек.
У большасці выпадкаў прычынай гэтага віду раку з’яўляецца працяглае інфіцыраванне жанчын вірусам папіломы чалавека. Існуе больш за 100 тыпаў гэтага віруса. ВПЧ – інфекцыя вельмі распаўсюджаная сярод людзей, але рак узнікае не заўсёды.
«Спрыяльнымі» фактарамі з’яўляюцца курэнне, інфекцыі, што перадаюцца палавым шляхам, лішняя вага, сямейная схільнасць да анкаўтварэнняў, нялечаныя фонавыя захворванні шыйкі маткі (эрозія, лейкаплакія, эндаметрыёз і іншыя). Найбольш «небяспечны» ўзрост – 45–55 гадоў. Першае захворванне перад з’яўленнем раку – дысплазія шыйкі маткі, калі адбываюцца рознай ступені змяненні клетак шыйкі, падобныя да раку, але гэта яшчэ не рак.
Для выяўлення перадракавых станаў у нашай краіне праводзіцца некалькі відаў скрынінгу раку шыйкі маткі. Скрынінг – абследаванне фармальна здаровых людзей пэўных узроставых груп з мэтай выяўлення паталагічных змяненняў, што папярэднічаюць развіццю раку. Увядзенне ў краіне скрынінгавых методык у сістэму дыспансерызацыі дазволіла павысіць выяўленне дысплазій і ранняга раку шыйкі маткі ў 14 разоў.
Раз у тры гады праводзіцца агляд жанчын да 40 гадоў урачом-гінеколагам з заборам мазка на анкаклеткі (анка-
цыталогія), ад 40 гадоў і старэйшых – штогадова. Ва ўзросце 21, 24 і 27 гадоў робіцца ПАП-тэст – той жа мазок з шыйкі маткі на анкаклеткі, але даследаванне выконваецца па тэхналогіі вадкаснай анкацыталогіі, адчувальнасць якой 71–95 працэнтаў (традыцыйная тэхналогія дае адчувальнасць 60–89 працэнтаў). Даследаванне шыечнага мазка на наяўнасць ВПЧ з прымяненнем тэхналогіі ПЛР праводзіцца ва ўзросце 30, 35, 40, 45, 50, 55, 60 гадоў. Такія аналізы бяруцца ў жаночай кансультацыі ці акушэркамі ў амбулаторыях урача агульнай практыкі.
Пры атрыманні паталагічных рэзультатаў пацыентцы выконваецца
кальпаскапія (агляд шыйкі маткі ў спецыяльным апараце з функцыяй павелічэння выявы) і праводзіцца забор біяпсіі. У залежнасці ад вынікаў біяпсіі назначаецца дадатковае абследаванне і лячэнне або спецыяльнае медыцынскае назіранне.
Анатолій ПАНЬКО,
загадчык паліклінікі
Ляхавіцкай ЦРБ.

