І самая высокая планка – дасягальная. Трэба працаваць! На гэтым акцэнтаваў увагу старшыня аблвыканкама Пётр Пархомчык падчас прэс-канферэнцыі

Асноўнай падзеяй на інфармацыйным полі Брэстчыны на гэтым тыдні стала вялікая прэс-канферэнцыя старшыні аблвыканкама Пятра Пархомчыка, што прайшла ў межах форуму медыйнай супольнасці. На працягу дзвюх гадзін губернатар адказваў на пытанні журналістаў рэгіянальных СМІ і блогераў. Тэмы – самыя розныя, ад глабальнага да глыбока асабістага.

Фармат – менавіта той, што стварае атмасферу зацікаўленасці і даверу, – жывы дыялог.
Пра што хацелі пачуць журналісты? Пра ацэнку зробленага і перспектывы вырашэння праблем, пра планы па далейшым развіцці Першага рэгіёна і асобных раёнаў, пра падтрымку ініцыятыў, добраўпарадкаванне, жыццёвыя каштоўнасці… На ўсе пытанні, у тым ліку даволі вострыя і не самыя «зручныя», – прамыя і шчырыя адказы.



Год назад Пётр Пархомчык узначаліў Брэстчыну.
– Як імгненне, як адзін дзень праляцеў гэты год, – прызнаўся кіраўнік вобласці, адказваючы на пытанне, чым адзначыўся гэты час. – Мінулы год для Брэстчыны быў паспяховым. Мы дасягнулі небывалых вышынь у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, многія вынікі сур’ёзна ўражвалі. І я разумеў, што да гэтых вынікаў, якія мы атрымалі ў 2024-м, трэба дадаць, патрэбна станоўчая дынаміка. На гэтым была засяроджана ўся работа з кіраўнікамі раёнаў. Давялося пераконваць, што трэба рухацца з іншай скорасцю. Вызначылі новыя мэты, на працягу года дакладна кантралявалі іх выкананне. І змаглі зрабіць нават больш, чым планавалі, літаральна па ўсіх напрамках эканомікі. У нас захоўваецца станоўчая дынаміка, мы інвесціруем, будуем, ствараем новыя працоўныя месцы, павышаем заработную плату.
Нагода для гонару – дасягненні Брэстчыны ў аграрнай сферы. Пётр Пархомчык расказаў, што задача намалаціць 100 тысяч тон збожжа ставілася пяці раёнам, а па факце такую планку пераадолелі восем, некаторыя дадалі па 20–30 тысяч тон да ўзроўню мінулага года.
Сёлета вобласць намалаціла паўтара мільёна тон збожжа – плюс 180 тысяч тон да леташняга ўзроўню.
– Гэтую планку мы ўжо не апусцім, – падкрэсліў губернатар. – Таму скрупулёзна сочым за падрыхтоўкай ураджаю 2026 года.
Брэсцкая вобласць ужо некалькі гадоў абсалютны лідар у краіне па валавой вытворчасці малака і паказвае лепшую дынаміку ў адносінах да іншых абласцей. За мінулы год удой на карову склаў у сярэднім 7 731 кілаграм.
– І гэта не мяжа. Ставім перад сабой задачу сёлета атрымаць не менш за восем тысяч кілаграмаў малака на карову, – агучыў планы кіраўнік Брэстчыны.
У Брэсцкай вобласці вырошчваецца 64 працэнты плодаагародніннай прадукцыі. І гэты вынік атрыманы ў паспяховай канкурэнцыі паміж дзяржаўнымі прадпрыемствамі і фермерамі.


На Брэстчыне людзі ўмеюць працаваць, хочуць працаваць і дабіваюцца вынікаў. Дарэчы, менавіта такія людзі – працавітыя і сумленныя – дастойныя быць у цэнтры ўвагі СМІ, неаднойчы за сустрэчу падкрэсліць губернатар.
Зацікавіла журналістаў нядаўняе новаўвядзенне – рэйтынг раёнаў вобласці, які адлюстроўвае эфектыўнасць работы ўлады на месцах. Такая сістэма сябе апраўдвае, лічыць Пётр Пархомчык. У яе аснове 13 асноўных паказчыкаў, якія фарміруюць эканоміку.
– У аснове кожнага паказчыка тэмпы росту. Сістэма арыентавана на тое, каб паказаць, наколькі эфектыўна спрацаваў кожны раён. Вы павінны ведаць сваіх герояў. Па выніках сямі месяцаў у тройцы лідараў у нас Драгічынскі, Ганцавіцкі і Іванаўскі раёны, – назваў самыя рэйтынгавыя рэгіёны кіраўнік Брэстчыны.
Сярод тэм, якія абмяркоўваліся, – маштабная работа па рэалізацыі праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся (за год у межах яе асвоена больш за 265 мільёнаў рублёў, а сумарныя інвестыцыі да 2030 года запланаваны ў памеры 3,6 мільярда рублёў).
На прэс-канферэнцыі ішла размова і аб рэалізацыі на Брэстчыне планаў пяцігодкі якасці.
– У першую чаргу гэта павышэнне якасці жыцця нашых людзей. Размова ідзе аб якасці дарог, паслугах аховы здароўя, адукацыі, стварэнні нармальных, камфортных умоў, якія дазваляюць чалавеку жыць і працаваць. Гэта і якасць прадукцыі: спажывецкіх тавараў, мяса-малочнай прадукцыі, хлеба. Калі мы, кожны на сваім месцы, будзем рабіць якасна – будзем жыць зусім па-іншаму, – падкрэсліў Пётр Пархомчык.
Заўвага відавочна датычыла не толькі стаўлення да выканання працоўных абавязкаў. Убачыўшы непафарбаваную лаўку, адзін задасць пытанне, чаму яна непафарбаваная, а другі знойдзе фарбу і возьме ў рукі пэндзаль – прывёў прыклад канструктыўнай ініцыятывы Пётр Пархомчык.
Дарэчы, ініцыятыўнасць і ўменне вынікова працаваць патрэбны не толькі ў пытаннях навядзення парадку. Кіраўнік Брэстчыны анансаваў змены ў падыходах да стварэння кадравых рэестраў, што існуюць сёння. Адно з асноўных патрабаванняў і да кіраўнікоў, і да маладога рэзерву – нават у складанай сітуацыі дзейнічаць максімальна эфектыўна, а не шукаць прычыны, каб апраўдаць бяздзейнасць.
Асаблівая ўвага на прэс-канферэнцыі – развіццю малых гарадоў Брэстчыны. Старшыня аблвыканкама падкрэсліў неабходнасць стварэння новых працоўных месцаў і паляпшэння інфраструктуры ў гэтых населеных пунктах, каб забяспечыць камфортнае жыццё для насельніцтва.
Дарагога вартыя словы ўдзячнасці, якія губернатар адрасаваў за работу СМІ вобласці і блогерам, якія, расказваючы пра Брэстчыну, пашыраюць яе турыстычны патэнцыял. Пётр Пархомчык адзначыў, што, нягледзячы на шчыльны працоўны графік, знаходзіць час не толькі перагарнуць старонкі раёнак, але і зазірнуць на іх электронныя рэсурсы. Аб’ектыўнае інфармаванне насельніцтва – адна з важнейшых задач для СМІ, падкрэсліў губернатар.
Форум медыйнай супольнасці Брэстчыны адбыўся на баранавіцкай зямлі і стартаваў па традыцыі з урока гістарычнай памяці, што прайшоў каля вёскі Бярозаўка на месцы пахавання больш як 57 тысяч вязняў фашысцкага канцлагера.
Мітынг на месцы масавага знішчэння савецкіх ваеннапалонных, хвіліна маўчання, кветкі да манумента на брацкай магіле –мы памятаем! І гэта памяць аб’ядноўвае пакаленні.
У цырымоніі ўскладання кветак і высадкі дрэваў памяці прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Рафаловіч і начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Гагакава.
Прэс-канферэнцыя завяршылася прыемным акцэнтам – СМІ і журналістам былі ўручаны ўзнагароды за перамогу ў абласным спаборніцтве. «Ляхавіцкі веснік» прадставіў у конкурсе сваіх юных памочнікаў з Начаўскай СШ. Іх школьная газета і тэлеграм-канал перамаглі ў намінацыі «Лепшы юнкар Брэстчыны»!
Святлана СТЫКУЦЬ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

