Лазня спатыкнення. Дзе памыцца чалавеку, у якога няма цэнтралізаванага водазабеспячэння?

Дзе памыцца чалавеку, у якога няма цэнтралізаванага водазабеспячэння? Дзе папарыцца з венічкам? Адказ просты: схадзіць у лазню. Калі няма ўласнай, то ў грамадскую. Аднак вось ужо некалькі месяцаў жыхары аграгарадка Жарабковічы такой магчымасці не маюць. Аграгараджане звярнуліся на гарачую лінію «ЛВ» з пытаннем, чаму закрылі лазню ў Жарабковічах. Маўляў, столькі гадоў гэты аб’ект працаваў, а тут ў першы дзень лета на будынку лазні павесілі замок. Для пэўнай часткі не толькі жыхароў Жарабковічаў, але і бліжэйшых вёсак «намалявалася» праблема з гігіенічным ухілам.

Раёнка разбіраецца ў сітуацыі. Высветлілася, што лазня ў Жарабковічах знаходзіцца на балансе ААТ «Жарабковічы». Таму першы тэлефонны званок – дырэктару сельгаспрадпрыемства Андрэю Новіку.
– Працавала лазня штотыднёва па пятніцах і суботах. Наведваць яе мог кожны жадаючы, прычым бясплатна. Колькасць наведвальнікаў паступова змяншалася. Але, нягледзячы на зніжэнне запаўняльнасці, лазня абслугоўвалася, выплачвалася зарплата работнікам, гас-
падарка несла іншыя выдаткі на ўтрыманне аб’екта. У маі супрацоўнікі райЦГіЭ падчас маніторынгу выявілі парушэнні ў лазнях Жарабковічаў і Сваятычаў. Лазні ўведзены ў эксплуатацыю ў 1964 годзе. У сувязі з аварыйным станам будынкаў і нездавальняючымі ўмовамі ў іх для наведвальнікаў было прынята рашэнне закрыць лазні для правядзення капітальнага рамонту. Але пасля больш дэталёвага разгляду прыйшлі да высновы: закрыць без далейшага аднаўлення іх работы па прычыне немэтазгоднасці, – пракаментаваў дырэктар Андрэй Новік.
Ён расказаў, што кіраўніцтва «Жарабковічаў» хадайнічала перад КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» аб магчымасці перадачы лазні ў Жарабковічах на баланс камунгаса. Аднак камунгас адмовіўся ў прыёмцы будынкаў на свой баланс па прычыне таго, што аднаўленне работы аб’ектаў патрабуе значных фінансавых укладанняў.
Эканоміка эканомікай, але нельга забываць і пра не менш важны сацыяльны аспект. Няма ніякай праблемы спыніць работу лазні: павесіў замок і ўсё. А дзе ж мыцца-парыцца вяскоўцам? Напрыклад, у аграгарадку Жарабковічы зарэгістравана 513 чалавек, у Сваятычах – 167. Не ва ўсіх дамах тут ёсць цэнтральнае водазабеспячэнне і свая ванна. А большасць сельскіх жыхароў – людзі сталага ўзросту, і не вельмі наносішся вады з калодзежа.
Так, у ААТ «Жарабковічы» клапоцяцца пра стварэнне бытавых умоў для сваіх працаўнікоў: жывёлагадоўчыя фермы і рамонтна-тэхнічныя майстэрні абсталяваны бытавымі і санітарнымі памяшканнямі, для працаўнікоў створаны санітарна-гігіенічныя ўмовы. Але і астатнія жыхары таксама хочуць хадзіць чыстымі…
Дарэчы, «ЛВ» неаднойчы звяртаўся да тэмы лазневага абслугоўвання насельніцтва. Каля 10 гадоў назад у адным з артыкулаў узгадвалася і лазня ў Жарабковічах. Тады і мясцовыя жыхары, і колішняе кіраўніцтва «Жарабковічаў» гаварылі пра важнасць і запатрабаванасць гэтага аб’екта сацыяльнага прызначэння, у выхадныя дні наведвалі лазню да 40 чалавек. Зразумела, прайшло нямала часу, многае змянілася, але наўрад ці людзі сталі менш мыцца.

«ЛВ» звярнуўся і ў райЦГіЭ, спецыялісты якога маніторылі лазні.
– Падчас маніторынгу выяўлены шэраг парушэнняў. У прыватнасці, не праводзілася вільготнае прыбіранне з прымяненнем дэзынфіцыруючых сродкаў, недастаткова інвентару для прыбірання, адсутнічаюць дэзынфіцыруючыя сродкі, раздзявальні не абсталяваны індывідуальнымі шафамі. А самыя значныя парушэнні тычацца рамонту, які патрабуецца ўсім памяшканням, неабходна і замена абсталявання. Нямала праблем і на тэрыторыі аб’екта. Санітарная служба не ставіла пытанне аб закрыцці лазняў у Жарабковічах і Сваятычах.
Дадзены рэкамендацыі на ўхіленне парушэнняў і ўказана на неабходнасць навесці і падтрымліваць элементарны парадак, – тлумачыць памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Данута Багдановіч.
Вернемся да ўзнятай праблемы. Што ж у канчатковым выпадку рабіць вяскоўцам, якія страцілі магчымасць мыцца-парыцца ў грамадскай вясковай лазні? Як адзін з разглядаемых варыянтаў – арганізацыя калектыўнага падвозу у тыя населеныя пункты, дзе ёсць лазні. Напрыклад, у аграгарадок Падлессе ці ў Ляхавічы. Дарэчы, кіраўніцтва ААТ «Жарабковічы» прадугледжвае і такі варыянт.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.