Адзінства ў каштоўнасцях, адзінства ў мэтах. Ляхавічане дзеляцца меркаваннямі наконт важнасці, неабходнасці, значнасці свята


Дзень народнага адзінства – самае маладое дзяржаўнае свята суверэннай Беларусі. У сучасных рэаліях з кожным годам важнасць свята толькі ўзрастае. Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пра падзеі верасня 1939 года, «не было б гэтага яднання, не было б у нас ні Дня Перамогі, ні Дня Незалежнасці. Нас бы не было. Таму што не было б той зямлі, на якой продкі нашы нарадзіліся і якую апрацоўвалі». У Дзень народнага адзінства мы, сённяшнія пакаленні беларусаў розных узростаў і сацыяльнага статусу, веравызнання і месца жыхарства, гаворым дзякуй і ўшаноўваем тых, хто адстаяў наша права жыць на роднай зямлі ў адзінай дзяржаве. Дзень народнага адзінства – нагода для гонару, бо мы разам захавалі суверэнітэт Беларусі і робім усё, каб краіна станавілася яшчэ больш квітнеючай і заможнай. Сёння, калі мы разам пяты раз святкуем Дзень народнага адзінства, ляхавічане дзеляцца меркаваннямі наконт важнасці, неабходнасці, значнасці свята.
Дзмітрый СКАКУН, дырэктар ААТ «Ляхавіцкі льнозавод»:
– У беларусаў ёсць адметная якасць – наш народ адзіны перад любымі цяжкасцямі і выклікамі. Якія толькі выклікі, у тым ліку і эканамічныя, ні стаялі перад краінай: каранавірус, шматлікія санкцыі. Але ўсё гэта не толькі не зламала беларусаў, а наадварот аб’яднала нас, дало штуршок для новых здабыткаў і дасягненняў. І мы не проста выстаялі, а пачалі пакараць новыя вяршыні. У кожным з рэгіёнаў Беларусі рэалізуецца праект «Адзін раён – адзін праект».
І прыемна, што на Ляхавіччыне гэты праект рэалізоўвае наш ільнозавод. Удзячны нашым партнёрам з Кітая, якія не толькі паставілі спецыяльнае абсталяванне для вытворчасці катанізаванага льновалакна, але і цяпер 70 працэнтаў гэтай інавацыйнай прадукцыі ідзе на экспарт у Кітай. Новая вытворчасць – гэта і новыя працоўныя месцы. Але мы не збіраемся спыняцца на дасягнутым. Наш калектыў адзіны ў памкненні развіваць вытворчасць, шукаць новыя рынкі збыту, усё гэта станоўча ўплывае на дабрабыт працаўнікоў. І перспектывы для росту ёсць – радуе сёлетні ўраджай ільну. А яшчэ разумеем, што патрабуецца мадэрнізацыя тэхнічнага парка прадпрыемства, над чым зараз і працуем.
Толькі ў адзінстве мы зможам захаваць і прымножыць тое, чым па праве ганарыцца Беларусь.
Андрэй ВАЛУЙ, камандзір ваенна-патрыятычнага клуба «Фарпост», член пошукава-даследчага атрада «Следапыты» СШ № 2:
– І для нас, маладых, Дзень народнага адзінства – важнае свята. Мы нізка схіляем галовы перад подзвігам мінулых пакаленняў і ведаем кошт міру. Кожны трэці беларус загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Моладзь вучаць захоўваць гістарычную праўду і быць гатовымі, калі гэта спатрэбіцца, абараняць сваю Радзіму. А сёлета,
у Год 80-годдзя Вялікай Перамогі, усё гэта асабліва сімвалічна. Моладзь павінна ведаць і шанаваць гісторыю, бо мы – будучыня краіны.
Дзякуючы Дню народнага адзінства мы асэнсоўваем каштоўнасць мець сваю Радзіму, свой дом, вучыцца, развівацца, прымаць удзел у творчых конкурсах, жыць і ствараць пад мірным небам. Усяго гэтага былі пазбаўлены нашы продкі, якія да верасня 1939 года жылі ў Заходняй Беларусі пад уладай панскай Польшчы. У памяць пра падзеі 17 верасня 1939 года мы праводзім экскурсіі ў музеі баявой і працоўнай славы, які дзейнічае ў нашай школе, займаемся пошукава-даследчай работай. Мы патрыёты, і ўпэўнены, што памяць пра гістарычныя падзеі верасня 1939 года будзе назаўжды ў сэрцах беларусаў. А мы, у сваю чаргу, абяцаем быць дастойнымі прадаўжальнікамі добрых і слаўных спраў на карысць Радзімы.
Уладзімір ПОГАС, настаўнік гісторыі, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Начаўскай СШ:
– У гісторыі Беларусі нямала падзей, падчас якіх народ дэманстраваў адзінства. Калі ў 2020 годзе перад краінай з’явілася пагроза расколу, спатрэбілася тэрміновае ўмацаванне і кансалідацыя беларускага грамадства. Тады сапраўдныя патрыёты аб’ядналіся вакол нацыянальнага лідара – Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і выстаялі – захавалі краіну і яе здабыткі.
7 чэрвеня 2021 года ўказам Кіраўніка дзяржавы 17 верасня ўстаноўлена дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства. Чаму менавіта гэта дата? 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія пачала вызваленчы паход, вынікам якога стала лёсавызначальная падзея – Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР. У рэшце рэшт,
адбыўся акт гістарычнай справядлівасці – адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць краіны, і беларускі народ стаў адзіным цэлым.
Адной краінай, адным народам мы выстаялі ў Вялікай Айчыннай вайне, разам аднаўлялі народную гаспадарку ў пасляваенны час, будавалі мірную і незалежную Рэспубліку Беларусь.
Калі сёння гаворым пра дату 17 верасня, то павінны памятаць і разумець, што гэта падзея – вызначальны момант у фарміраванні адзінай дзяржавы і нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Народ аб’яднаўся, паверыў у свае сілы, выстаяў, перамог і прадаўжае прагрэсіўнае развіццё. Напэўна, самае важнае, што неабходна перадаваць з пакалення ў пакаленне, што любы раскол грамадства – гэта пагроза дзяржаўнасці, а адзінства – магутны і бясконцы рэсурс для ўстойлівага развіцця. Беларускі народ – адзіны, непараможны і дастойны павагі.
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

