Хлеб жывёлагадоўлі. Разам са стартам уборкі кукурузы на зерне сельгаспрадпрыемствы Ляхавіцкага раёна працягваюць актыўнічаць на работах па яе сіласаванні

Механізатар СВК «Ляхавіцкі» Валерый Ракашэвіч.

Гэты від травяністага корму можна разглядаць у якасці ці не асноўнага хлеба для жывёльных статкаў. Мала сіласу ў кармавых запасніках гаспадарак азначае невялікую прадукцыйнасць галіны, якая, між іншым, ці не на тры чвэрці «корміць» іх эканоміку. І, адпаведна, рэгулюе ў плюс-мінус дабрабыт сельскіх працаўнікоў. Апошнія стараліся, працавалі на кукурузу ўвесь раслінаводчы сезон і нават больш.

Сёння кукурузныя палі Ляхавіччыны дадаюць аптымізму. Убраныя першымі зерневыя гектары аддзячылі ледзь ці не сотняй цэнтнераў янтарнага ўраджаю. А яе сярэдні па раёне зялёны гектар дае 340–350 цэнтнераў сіласнай масы. Для параўнання адзначым, што на аналагічную леташнюю дату не было і трохсот.
І ў плане важкасці зялёнага гектара, і што тычыцца ўборачных тэмпаў, раённым маяком сёлета выступае СВК «Ляхавіцкі».

Скамбайнавана прыкладна палова планавых плошчаў, зялёнаўраджайныя здабыткі пры гэтым склалі больш за 420 цэнтнераў на кожным гектары.
– Палёў у нас многа, і на большасці з іх кукуруза вырасла нядрэнна, выглядае больш-менш роўна, – адзначыў намеснік старшыні сельгаскааператыва па жывёлагадоўлі Уладзімір Ксёнжык. Спецыяліста мы сустрэлі на мыслабажскім полі, дзе ў факце высокай роўнасці кукурузы «Ляхавіцкага» маглі ўпэўніцца на ўласныя вочы. Як і ў высокіх тэмпах сіласанарыхтоўчых работ.
Нягледзячы на адносна сціплае плячо дастаўкі сіласнай масы (а закладка ажыццяўлялася на размешчанай на ўскрайку вёскі ферме па вырошчванні рамонтнага маладняку буйной рагатай жывёлы) і салідны караван адвозачнага транспарту, магутнаму камбайну-корманарыхтоўшчыку пад кіраваннем Валерыя Ракашэвіча даводзілася час ад часу на імгненні прыпыняцца. Трактарныя ПЗМ запаўняліся хутка-поўна.
Марк Міхайлік – адзін з механізатараў, занятых на адвозцы зялёнай масы, працуе ў «Ляхавіцкім» каля паўгода. Тут ён па размеркаванні пасля заканчэння Клецкага сельскагаспадарчага каледжа.
– Праходзіў вытворчую практыку, пазнаёміўся, прыгледзеўся, вырашыў уладкавацца на працу. За працоўны дзень паспяваю зрабіць больш як паўтара дзясятка рэйсаў. Учора, напрыклад, іх у мяне было 20.
Работа пачынаецца ў восем раніцы і заканчваецца каля сямі вечара, – расказвае малады механізатар.
– Плёнка і на дне траншэі, з бакоў і зверху. Належная ашчадная трамбоўка. На закрыццё адной траншэі, незалежна ад яе аб’ёмнай масы, патрабуецца не больш трох дзён. А звычайна дастаткова і двух. Працуем выключна з выкарыстаннем кансервантаў. Адзін з іх вытворчасці ляхавіцкага ТАА «Фермент», – падсумоўвае размову Уладзімір Ксёнжык.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.