У пагоні за доказам. 5 кастрычніка адзначаецца Дзень утварэння падраздзяленняў крымінальнага вышуку МУС Рэспублікі Беларусь

Яны не носяць кожны дзень міліцэйскую форму, і іх імёны рэдка мільгаюць у прэсе, а служба не падобная на захапляльныя серыялы. Размова пра супрацоўнікаў крымінальнага вышуку.
Іх прафесійная дзейнасць – збор звестак, вышук і затрыманне злачынцаў, аднаўленне карціны падзеі па нязначных дэталях і сведках і бяссонныя ночы ў пагоні за доказам.
5 кастрычніка адзначаецца Дзень утварэння падраздзяленняў крымінальнага вышуку МУС Рэспублікі Беларусь.

У аддзяленні крымінальнага вышуку Ляхавіцкага РАУС прафесійнае свята сустракаюць з паказчыкамі, што сведчаць пра плённую работу. З учыненай сёлета ў раёне сотні злачынстваў 36 зарэгістраваны па лініі крымінальнага вышуку. З іх вінаватыя не ўстаноўлены толькі ў пяці выпадках, і чатыры з іх датычаць крадзяжу маёмасці. Працэнт раскрывальнасці перавысіў 86.

Калектыў аддзялення крымінальнага вышуку – малады, але кампетэнтны і не раз праяўляў прафесійныя якасці ў справе. Таму пацвярджэнне – нядаўняе раскрыццё крадзяжу, якое стала даволі рэзанансным у Ляхавічах: з дома пры незразумелых абставінах зніклі грошы і залатыя вырабы. Каб затрымаць злодзеяў, ляхавіцкія аператыўнікі працавалі ў звязцы з супрацоўнікамі Брэсцкага абласнога ўпраўлення крымі-нальнага вышуку і галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС. Зачэпкай, якая дапамагла разблытаць клубок пытанняў, стаў сілуэт чалавека, які выявілі супрацоўнікі аддзялення крымінальнага вышуку на камеры відэаназірання аднаго з прадпрыемстваў райцэнтра. Дзякуючы напружанай рабоце, што не спынялася круглыя суткі, удалося цалкам устанавіць траекторыю перамяшчэння зло-дзея з моманту яго прыбыцця на чыгуначную станцыю ў Ляхавічы. У райцэнтры ён выбіраў сабе дом-ахвяру. Назіраў, дзе ў двары стаіць машына, адчынены дзверы… За адным з дамоў назіраў некалькі гадзін. І калі ўбачыў, што гаспадары паехалі, зайшоў у двор, убачыў пакінутыя ключы… Міліцыя нейкі час «вяла» злодзея і затрымала яго разам з падзельнікам у Баранавічах пры сілавой падтрымцы АМАП УУС. На рахунку злодзеяў яшчэ два крадзяжы, у тым ліку і ў Расіі.

Аддзяленне крымінальнага вышуку займаецца таксама раскрыццём злачынстваў, звязаных з махлярствам. Аферысты пастаянна ўдасканальваюць спосабы падману, і нашым землякам трэба быць больш асцярожнымі пры зносінах з незнаёмцамі. Нядаўна ляхавічанін ледзьве не страціў дзве тысячы рублёў, якія прасіла перавесці пад рознымі прычынамі яго «каханая» з сайта знаёмстваў. Калі зразумеў, што яго падманваюць, то звярнуўся ў міліцыю. І аператыўнікі змаглі заблакіраваць карт-рахунак. На гэты раз зламыснікам не пашанцавала…
У якасці дзейснага інструмента раскрыцця крымінальных спраў, акрамя нязменных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, і сучасныя тэхналогіі, у тым ліку рэспубліканская сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі, дзякуючы якой можна па фота распазнаць і адсачыць перамяшчэнне любога чалавека, знайсці і
транспартны сродак па яго
нумары.
– Аддзяленне крымінальнага вышуку – зладжаная праца-здольная каманда, якая гатова да аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў нават ноччу. Злачынства можа здарыцца ў любы час, і тады па трывозе падымаецца ўвесь асабовы склад, – падкрэслівае начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Дзмітрый Котаў, які з чэрвеня ўзначальвае падраздзяленне. Тры гады назад ён быў прызнаны ў вобласці лепшым супрацоўнікам крымінальнага вышуку. Актыўны і ініцыятыўны, з развітай інтуіцыяй і пачуццём абавязку, ён паспявае і паспяхова займацца спортам. Выступае на абласных спаборніцтвах па самаабароне без зброі і займае пераможныя месцы.
У штаце аддзялення старшы оперупаўнаважаны Мікіта Біза і оперупаўнаважаныя Уладзіслаў Зубік, Максім Плошчанка і Эдуард
Чаранкевіч. Да прафесійнага свята Мікіта Біза ўзнагароджаны нагрудным знакам «За прафесій-ныя поспехі». Сёлета папоўніў
каманду прафесіяналаў малады спецыяліст Кірыл Шклянік. Падчас вучобы ў Акадэміі МУС ён праходзіў практыку ў вышуку і паспеў сярод аператыўнікаў стаць сваім. Дзмітрый Котаў гаворыць пра яго як супрацоўніка нераўнадушнага і прынцыповага, які не лічыцца з асабістым часам.
Аператыўнікі дастойна працягваюць традыцыі і па праве ганарацца прафесіяналамі вышуку, якія ў розны час неслі службу ў падраздзяленні. Сярод іх сённяшні намеснік начальніка УУС аблвыканкама Андрэй Студзянічнік, цяперашні намеснік начальніка РАУС Віталій Давідоўскі, ветэраны службы Аляксандр Бурбіцкі, Генадзій Савасцюк, Анатолій Ушко, Вадзім Зубік, Алег Урбановіч і іншыя.
– Шчырыя віншаванні з Днём утварэння падраздзяленняў крымінальнага вышуку калегам і ветэранам. Няхай у працы заўсёды будзе парадак, у справах –
яснасць, а ў жыцці – дабрабыт, –
адрасуе пажаданні Дзмітрый Котаў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.