Школы многа не бывае. Востраўская СШ – гэта два ў адным: школа плюс дзіцячы сад
Шэсць дзясяткаў пар вачэй, 60 лёсаў і надзей. У аграгарадку Востраў па вуліцы Школьнай яны перасякаюцца – і гэта мясцовая ўстанова адукацыі. Тут кіпіць жыццё, а педагогі кожнага свайго навучэнца і выпускніка ведаюць, як родных дзяцей. Навучыць і даць веды, выхаваць патрыёта і падрыхтаваць вучняў да жыцця – задачы, якія стаяць перад педкалектывам, агульнавядомыя, а вось атмасфера тут – асаблівая.
Невялікая аграгарадская школа поспехамі даказвае, што якасць адукацыі вымяраецца не маштабамі ўстановы і колькасцю абсталявання, а цяплом і ўвагай да дзяцей.


Востраўская СШ – гэта два ў адным: школа плюс дзіцячы сад. Не падлічыць, колькі за час існавання ўстановы адукацыі адсюль выйшла выпускнікоў, якія сталі выдатнымі спецыялістамі і дастойнымі грамадзянамі сваёй Бацькаўшчыны. Важкі след у іх станаўленні належыць менавіта мясцовым педагогам і выхавальнікам.

– Будучыня дзяржавы будуецца ў школьных класах. Настаўнік – гэта той, хто фарміруе асобу будучага інжынера, урача, аграрыя, ваеннага і проста сумленнага чалавека і патрыёта. І гэта не гучныя словы, а адказнасць, ускладзеная на педагога. Ад настаўніка залежыць, якім будзе пакаленне, якому давядзецца кіраваць краінай, развіваць эканоміку, трымаць абарону, – разважае дырэктар школы Віктар Буцько. На чале ўстановы адукацыі ён пяты год, а яго першыя памочнікі – намеснікі Наталля Северчукова і Яна Сокал.

Пра кожнага з настаўнікаў, якія працуюць у Востраўскай СШ, адміністрацыя расказвае з гонарам і павагай. Педагогі ведаюць, як улюбіць навучэнцаў у свой прадмет. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Людміла Сахон ганарыцца сёлетнім паступленнем выпускніц школы Крысціны Петуховай і Марыі Калько ў ВНУ на педспецыяльнасць і менавіта на вывучэнне роднай мовы. Гэта той выпадак, у якім можна гаварыць пра ўплыў асобы настаўніка на вучняў. Навучэнцы Людмілы Аляксандраўны традыцыйна вызначаюцца на прадметных алімпіядах. Так, зялёным святлом на залічэнне Марыі Калько ў лік студэнтаў БарДУ стала яе перамога ў дыстанцыйнай алімпіядзе па беларускай мове. На прапанову падзяліцца сакрэтам поспеху педагог заўважае, што для выніку важны тандэм настаўніка і вучня і іх двухбаковая зацікаўленасць. Педагог вядзе ўрокі роднай мовы з пятага па 11-ы клас і заўсёды ў пошуку новых і эфектыўных формаў і метадаў у рабоце з дзецьмі. Немалое значэнне мае і тое, што з мужам яны – калегі. На дваіх у іх 75 гадоў педагагічнай дзейнасці. Аляксандр Сахон – настаўнік фізічнай культуры і выхавання, 46 гадоў дэманструе хлопчыкам і дзяўчынкам важнасць свайго прадмета, мае ў арсенале стос перамог, спартыўных дасягненняў сваіх вучняў. Сёння ён займаецца з пачаткоўцамі, і ўрокі фізкультуры яны чакаюць з нецярпеннем.

Матэматыкі многа не бывае, лічыць педагог Таццяна Котава, якая больш за тры дзесяцігоддзі развівае ў востраўскай дзятвы на сваіх уроках матэматычную логіку, здольнасць выбудоўваць прычынна-выніковыя сувязі, рабіць высновы і абагульняць. Майстэрства Таццяны Аляксееўны дапамагае навучэнцам станавіцца дыпламантамі алімпіяд.

Фішка Востраўскай СШ – школьнае лясніцтва «АстравОК», створанае ў мінулым годзе. Яго кіраўнік Алена Батвінка, якая да ўсяго яшчэ і настаўнік інфарматыкі і класны кіраўнік пяціклашак. Разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі яна садзіць дрэвы, вучыць «чытаць» лясныя знакі і быць з камп’ютарам на «ты».
Цікава і пазнавальна на ўроках абслуговай працы ў настаўніцы Наталлі Някруты. Таленавітая і творчая, яна дапамагае дзяўчынкам самавыразіцца і авалодаць практычнымі навыкамі ў стварэнні канкрэтных вырабаў. А яшчэ як педагог сацыяльны яна абараняе правы і вучыць сваіх выхаванцаў адказваць за свае ўчынкі.
Прыклад адданасці педсправе – 75-гадовы настаўнік тэхнічнай працы Сцяпан Вашчула, для якога настаўніцтва стала прызваннем. Майстар на ўсе рукі, ён па-бацькоўску рыхтуе хлопчыкаў да самастойнага жыцця і прывівае любоў да працы.

Патрыятызм – гэта не зборка-разборка аўтамата, сцвярджае кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Юрый Дземід і арганізоўвае для школьнікаў спаборніцтвы, паходы і экскурсіі па роднай Беларусі і гістарычных мясцінах, у воінскія часці і сустрэчы з ваеннаслужачымі, разам яны даглядаюць брацкія магілы. Па меркаванні Юрыя Дземіда, важна навучыць дзяцей любіць прыроду і родны край, паважаць бацькоў і старэйшае пакаленне.

Наталля Лабажэвіч, Людміла Зелянеўская, Людміла Юнік і Тамара Май – настаўніцы пачатковых класаў. Гэта іх пачаткоўцы называюць мамамі і прызнаюцца ім у любві. Кожная з настаўніц ужо больш за два дзесяцігоддзі сваё сэрца аддае дзецям.

Алена Батвінка.
У Востраўскай СШ шмат традыцый, здабыткаў, новых ідэй і праектаў. Павага і ўдзячнасць дарагім ветэранам педагагічнай працы: Ліліі Вашчула, Марыі Козел, Ніне Прыхач, Таццяне Петрашэвіч, Лідзіі Шыбут, Ніне Лукашэвіч, Ганне Сцепанчук, Галіне Гоўша і іншым – актыўным удзельнікам школьных святаў і сустрэч.
…Зайдзіце ў школу ў аграгарадку Востраў і адразу стане зразумелым, чаму яе выпускнікі ўзгадваюць альма-матар з цеплынёй і настальгіяй.
Сёлета Востраўская СШ занесена на раённую Галерэю славы як лепшая ўстанова адукацыі па выніках 2024 года.
– Сёння Востраўская СШ – установа адукацыі ўзорнага ўтрымання. Педкалектыў уяўляе адзіную каманду, на чале якой аўтарытэтны кіраўнік – Віктар Буцько. Тут кожны ўрок і размова з вучнем – важкі ўклад у заўтрашні дзень нашай Айчыны. І настаўнікі добра разумеюць гэту адказнасць і пачэсна нясуць званне педагога, – падкрэслівае начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.



