І педагог, і ветурач.Разам з калегамі – педагагічным калектывам Ляхавіцкага аграрнага каледжа – Дзень настаўніка адзначае выкладчык ветэрынарных прадметаў
Разам з калегамі – педагагічным калектывам Ляхавіцкага аграрнага каледжа – Дзень настаўніка адзначае выкладчык ветэрынарных прадметаў Ала Філічкіна. Шлях у прафесію для яе пачаўся з вучобы ў Ляхавіцкім сельска-гаспадарчым тэхнікуме.

– Пасля заканчэння Зубелевіцкай школы атрымала накіраванне ў Баранавіцкае педвучылішча, але ў апошні момант перадумала і вырашыла прадоўжыць сямейную дынастыю – паступіла ў сельгастэхнікум, выбрала прафесію ветэрынара. Заўжды з павагай і пашанай успамінаю куратара Івана Петуха, выкладчыкаў Івана Татарыновіча, Лідзію Лузяніну, Яўгенія Макарэвіча, Тамару Яраш, Уладзіміра Павядайлу і многіх іншых. Яны не толькі па-майстэрску ператваралі ўчарашніх школьнікаў у спецыялістаў-аграрыяў, але і вучылі нас самастойнаму даросламу жыццю. Для мяне яны былі і застаюцца прыкладам адносін да моладзі, адданасці справе, уменню наладжваць кантакт з навучэнцамі.

Цяпер сама як выкладчык імкнуся бачыць у кожным навучэнцы перш за ўсё асобу са сваім характарам, – адзначае Ала Філічкіна.
Падчас вучобы ў тэхнікуме яна ўпэўнілася, што зрабіла правільны выбар, а каб замацаваць і пашырыць веды стала студэнткай Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, потым амаль 10 гадоў працавала ветурачом на жывёлагадоўчым комплексе ў ЗАТ «Белпрампрыбор» і была па-сапраўднаму захоплена сваёй прафесіяй. Але лёс на Алу Філічкіну меў свае планы. Калі ў 2014 годзе атрымала прапанову працаваць выкладчыкам у агракаледжы, вырашыла, чаму б не прыняць выклік паспрабаваць новае.
– Бязмежна люблю сваю прафесію. З таго моманту, як тут вучылася, і цяпер столькі ўсяго змянілася. Дзякуючы дзяржаўнаму клопату, кіраўніцтву ЛАКа, нашу ўстанову не пазнаць. Сучаснае абсталяванне, у тым ліку ў лабараторыях, дазваляе праводзіць самыя разнастайныя практычныя даследаванні, якія дапамагаюць павысіць зацікаўленасць будучай прафесіяй, пашырыць веды, удасканаліць навыкі. Радуе, што расце прэстыж сельскагаспадарчай
прафесіі, а вучыцца сюды прыходзіць усё больш мэтанакіраваных юнакоў і дзяўчат, – разважае выкладчык ЛАКа.

Ала Анатольеўна, якая зараз з’яўляецца куратарам 41 «вет» групы, з гонарам расказвае, што тэлефануюць кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў з падзякай за добра падрыхтаваных навучэнцаў, якія праходзілі практыку ў гаспадарках Брэстчыны. Падкрэслівае, што заўжды атрымлівае асалоду, калі бачыць зацікаўленасць патэнцыяльных ветурачоў падчас дзён адчыненых дзвярэй, што ладзяцца ў каледжы.
– Наша задача як педагогаў не толькі даць спецыяльныя веды, каб навучэнцы змаглі рэалізавацца ў прафесіі, але выхаваць сапраўднага грамадзяніна сваёй краіны, які будзе прадаўжаць традыцыі мінулых пакаленняў і плённа працаваць дзеля будучых пакаленняў. У нашым каледжы гэтаму надаецца значная ўвага, – падкрэслівае Ала Філічкіна.
Вопытны педагог, ветурач-прафесіянал, Ала Філічкіна яшчэ і аўтар спецыяльнай літаратуры – вучэбных дапаможнікаў, рабочых сшыткаў з грыфам Рэспубліканскага інтстытута прафесійнай адукацыі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


