У авангардзе добрых спраў. 35 гадоў спаўняецца Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі
І ў нашым раёне прафсаюзы ў авангардзе добрых спраў на карысць землякоў.
Як паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, на Ляхавіччыне дзейнічае 81 арганізацыйная структура прафесійных саюзаў, з якіх 4 – раённыя арганізацыі (аграпрамысловага комплексу, адукацыі і навукі, Ляхавіцай ЦРБ, дзяржаўных органаў) і 77 прафсаюзных пярвічак.
2 550 членаў прафсаюза – 99 працэнтаў ад усіх работнікаў, задзейнічаных у сферы АПК раёна, 20 пярвічак – гэта раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў АПК. Сёлета ў маі ў яе склад увайшла новая пярвічка, створаная ў ЗАТ «Фораланд».
Прафсаюзная арганізацыя ўстаноў адукацыі раёна – адна з самых масавых на Ляхавіччыне, у яе радах 1 719 чалавек (1 096 – работнікі ўстаноў адукацыі, 224 – навучэнцы аграрнага каледжа, 623 – ветэраны працы), аб’яднаных у 24 пярвічкі.
– Кожная з нашых пярвічак мае індыві-дуальны падыход у грамадскай рабоце, сваю адметнасць і сваіх лідараў. Самыя актыўныя прафсаюзныя лідары – Таццяна Абражэвіч (СШ № 1), Людміла Трыбухоўская (СШ № 2), Наталля Дуброўская (Дараўская СШ). Маладзёжны савет пры прафсаюзе ўзначальвае малады ініцыятыўны настаўнік Малагарадзішчанскай СШ Сяргей Лешык, ветэранскі савет – актыўная Таццяна Петух, – расказвае старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Хмарук.
Стапрацэнтнае членства ў прафсаюзе медыкаў. Усе 587 работнікаў розных падраздзяленняў райбальніцы ўваходзяць у склад аднаго з самых масавых грамадскіх аб’яднанняў краіны.
– Імкнёмся, каб кожны з працаўнікоў быў ахоплены цікавымі, карыснымі справамі, ініцыяванымі прафсаюзамі. У многіх пытаннях актыўна ўзаемадзейнічаем з адміністрацыяй ЦРБ. Важную ўвагу надаём аздараўленню работнікаў. Так, значную частку (прыкладна 75 працэнтаў) кошту пуцёўкі ў санаторый аплачвае прафсаюз. Плюс даплата ад арганізацыі. Тычыцца такая прафсаюзная падтрымка і аплаты пуцёвак для дзяцей работнікаў у аздараўленчыя лагеры. Сумесна ладзім і святочныя мерапрыемствы да Дня медыцынскіх работнікаў і тыдня бацькоўскай любві, дапамагаем «збіраць дзяцей у школу». А колькі цікавых гістарычных і культурных мясцін за апошнія гады наведалі нашы работнікі! – расказвае старшыня прафсаюзнай пярвічкі ЦРБ Сяргей Памазанскі.
Прафсаюзная пярвічка камунгаса ўваходзіць у пяцёрку лепшых сярод амаль 130 пярвічак абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў.
Гэта актыўная пярвічка, якая з гатоўнасцю удзельнічае ў разнастайных мерапрыемствах, дабрачынных і працоўных акцыях, конкурсах, у тым ліку прафесійнага майстэрства, ініцыяваных галіновымі прафсаюзамі Брэстчыны і краіны. Значная ўвага надаецца грамадскаму кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы. На высокім узроўні пастаўлена работа з ветэранамі арганізацыі, моладдзю, спартыўна-аздараўленчая і культурна-масавая работа. Узначальвае пярвічку з 2012 года Іна Смаршчок. Сёлета КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» стала лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне працы сярод прадпрыемстваў і арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі і бытавога абслугоўвання насельніцтва.
Галіна КАНЬКО.

