Зіму Масленіцай правялі ў Ляхавічах /фота/
У мінулую суботу на стадыёне “Колас” у Ляхавічах панаваў святочны настрой. Зазывалы-скамарохі, Лявон і Лявоніха прыпеўкамі, гумарыстычнымі заклікамі запрашалі ляхавічан і гасцей горада на народнае гулянне — зіму Масленіцай правесці і вясну сустрэць.
Самадзейныя артысты з гарадскіх і сельскіх устаноў культуры танцамі і песнямі, гульнямі і забавамі, вырабамі народнай творчасці радавалі гасцей. Конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, загадкі прыйшліся даспадобы многім. Нямала жадаючых было прадэманстраваць спрыт, вытрымку, сілу – пакарыць высокі слуп з падарункамі.
А якая ж Масленіца без бліноў! Імі частавалі гасцей самадзейныя артысты і кулінары. Дарэчы, сёлетні сцэнарый Масленіцы выгадна адрозніваўся ад, напрыклад, мінулагодняга, а шматлікія тэатральна-гульнёвыя фрагменты стварылі радасны настрой усім. Ва ўсякім разе такую «ацэнку» агучвалі многія з гасцей свята.
Вясна пачула прыгожае запрашэнне і ўжо робіць першыя крокі цёплым надвор’ем і ласкавым сонейкам.
Масленічны тыдзень завяршыўся Даравальнай нядзеляй. У праваслаўных вернікаў у панядзелак пачаўся сямітыднёвы пост перад Вялікаднем.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.