«Рыбны» дзень у Ляхавічах адкладваецца

Распараджэннем кіраўніка райвыканкама ад 19 лютага 2015 года часова забаронены выхад грамадзян на лёд вадаёмаў, размешчаных на тэрыторыі горада і раёна. Гэта звязана з узросшай небяспекай знаходжання людзей на вадаёмах з-за нетрывалага лядовага пакрыцця, у мэтах папярэджання надзвычайных сітуацый і ў адпаведнасці з патрабаваннямі правілаў аховы жыцця людзей на вадзе, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад  11 снежня 2009 г.

Раённаму аддзелу ўнутраных спраў гэтым распараджэннем дадзена даручэнне патруляваць ля вадаёмаў, каб не дапусціць парушэння мер бяспекі.

Зусім вясновае надвор’е напрыканцы лютага: снегу ўжо амаль няма, на вадаёмах растае лёд. Гэты перыяд самы небяспечны для аматараў падлёднай лоўлі, бо праваліцца ў ваду пры такіх умовах зусім лёгка. Але гэта некаторых рыбаловаў не палохае. Побач праталіна, вецер гоніць халодныя хвалі, а рыбак сядзіць сабе, чакае бяды. Бывае, яшчэ і ў падпітку. Сёлета на вадаёмах вобласці загінулі 9 рыбакоў-аматараў, пяці шчасліўчыкам пашанцавала – непадалёку былі пасты выратавальнікаў. Асвод звяртаецца да ўсіх грамадзян: устрымайцеся ад выхаду на лёд у такі небяспечны перыяд. Беражыце сваё ўласнае жыццё і жыццё сваіх блізкіх. Часта не адчуваюць небяспекі і дзеці, якіх так і цягне да вадаёмаў, таму патрэбен пастаянны нагляд і напамін бацькоў і настаўнікаў: забавы на лёдзе забараняюцца.

Марыя ЦІТКО,

старшыня раённай арганізацыі Асвод.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *