Кукурузныя шматкі для рагулі. У гаспадарках Ляхавіччыны вырашчана больш за тры тысячы гектараў каралеўскай культуры

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

На сельскагаспадарчых палетках – гарачая восень. Не ў плане надвор’я, хоць на яго таксама апошнімі днямі скардзіцца не выпадае. Размова пра разнастайную інтэнсіўнасць палявых работ у сельгаспрадпрыемствах раёна: толькі-толькі завяршылася сяўба азімых культур на зерне, працягваецца ўборка цукровых буракоў, і ўжо каля тыдня, як аграрыі пачалі папаўняць хлебныя запасы за кошт зерня кукурузы.

З улікам факта, што на гэтыя мэты ў гаспадарках Ляхавіччыны вырашчана больш за тры тысячы гектараў каралеўскай культуры,
можна сказаць, што асноўныя работы ў даным напрамку
яшчэ наперадзе. Найбольш маштабныя плошчы кукурузы ў СУП «Ліпнянка» – 1 235 кукурузна-зерневых гектараў. Плантацыяй у шэсць соцень гектараў валодае ААТ «Жарабковічы», у «Белазем’і» іх усяго на сотню менш. І, па стане на пачатак тыдня, першае прадпрыемства да ўборкі ўвогуле
не прыступала, а другое скамбайнавала менш дзясятка гектараў.
У адрозненне ад таксама буйнога іграка на раённым кукурузным зерневым полі ААТ «Шлях новы». Гаспадарка першай пачынала і паспела ўжо выйсці на сур’ёзныя плошчы зробленага і поўныя поліэтыленавыя рукавы нарыхтоўкі кукурузных шматкоў у якасці корму для статкаў буйной рагатай жывёлы.
У «Шляху новым» належыць убраць 450 гектараў кукурузы на зерне. І тое поле, на якім зараз працуе камбайн, па словах галоўнага агранома
Кірыла Бясшапашнікава, з’яўляецца не самым лепшым. Але нават і не лепшае поле прадпрыемства сыпле больш за 75 цэнтнераў кукурузнага зерня з гектара.
Па выніку лічба павінна атрымацца больш выйгрышнай.
«Гомсельмашам», абсталяваным адмысловай жняяркай-адаптарам, кіруе вопытны механізатар і ўмелы камбайнер. Толькі на ўборцы кукурузы Аляксандр Пінчук правёў каля паўтара дзясятка сезонаў. А яшчэ збожжаўборка, шматлікія іншыя палявыя сельскагаспадарчыя падрады. Намалочаныя Аляксандрам тоны зерня трапляюць у аб’ёмныя кузавы МАЗаў і размяркоўваюцца ў адпаведнасці з прызначэннем. Меншая частка зерня дастаўляецца на сушыльны
комплекс, дзе дапрацоўваецца-дасушваецца да працэнта складской вільготнасці, закладваецца на захоўванне з перспектывай быць перапрацаванай і выкарыстанай у фуражных мэтах. Большая ж частка свежасабранага кукурузнага ўраджаю накіроўваецца да месцаў закладкі поліэтыленавых рукавоў, шчыльна поўных кукурузным плюшчаным зернем (гэта, як правіла, «першая лінія» тэрыторый малочнатаварных фермаў). Усё з той жа мэтай – стаць у бліжэйшай перспектыве далікатэснай часткай кармавога стала дойных статкаў.
Прыгадваецца вытворчая сітуацыя прыкладна чатырохгадоўвай даўнасці, калі на «паказ» тэхналогіі плюшчэння кукурузнага зерня на адну з МТФ «Шляху новага» сабраліся кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў раёна. Нядаўна набытая і толькі прыступіўшая да работы плюшчыльная машына айчыннай вытворчасці выклікала тады дастатковую цікавасць. Той агрэгат служыць прадпрыемству і зараз. І, як паведамілі, без сур’ёзных паломак пры ўмове рэгулярнага тэхнічнага абслугоўвання і, канешне ж, правільнай эксплуатацыі.
Ужо сёлета праз плюшчыльны агрэгат прайшло амаль 500 тон кукурузнага зерня. Вынікі яго работы ў выглядзе доўгіх поліэтыленавых рукавоў, шчыльна напоўненых кукурузнымі фуражнымі «шматкамі», мы маглі назіраць на МТФ «Сакуны». А брыгадзір жывёлагадоўчай фермы Таццяна Карповіч расказала, у тым ліку, што кукурузны складнік у рацыёне рагуль – гэта энергія, пратэін, большыя кілаграмы і лепшы якасны ўзровень атрыманага малака.
Зернеўборка кукурузы ў раёне працягваецца. Як і прыгатаванне з яго фуражных шматкоў у ААТ «Шлях новы».
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.