Мая чараўніца

Няма прыгажэйшага месца ў свеце,
Чым мілы і родны мой кут.
Жніво васільковае грэе мне сэрца,
Як шчасна і вольна жывецца мне тут.

Такім прыгожым вершам пачалося свята вёскі Востраў, якое чакалі і рыхтавалі ўсе жыхары. І не дзіўна. Няма для чалавека лепшага месца, чым родныя мясціны, дзе ён зрабіў першы крок, дзе прайшло яго дзяцінства, юнацтва, дзе трывала стаў на ногі.
Свята адкрыла сакратар сельвыканкама, дэпутат Наталля Жанкевіч. Шчырая пашана, словы падзякі былі адрасаваны ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія адстаялі мір і за ваявалі перамогу.
Сама Маці-Вёска завітала на ўрачыстасць. Яна дзякавала вяскоўцам за добрыя справы, за іх працавітыя рукі, а сем’ям вастраўчан пажадала шчодрага хлебнага караваю, каб ён заўсёды ганарова ўзвышаўся на стале.
Шаноўнымі гасцямі на свяце былі старэйшыя жыхары Вострава, якім ужо больш за 90 гадоў. Ветэраны вайны Канстанцін Здановіч, Іван Рагацэвіч – людзі вядомыя і паважаныя, як, дарэчы, і іх зямлячкі Клаўдзія Сегень і Марыя Чэшка.
Побач з людзьмі шаноўнага ўзросту — іх дзеці, унукі, праўнукі. Самы маленькі жыхар нашай вёскі, правільней жыхарка — дачушка Івана і Ніны Навумчыкаў, якой бацькі далі прыгожае імя Маргарыта. На свяце вёскі ў яе адрас гучалі пажаданні шчырыя, ад душы, каб расла на радасць бацькам здаровенькай і вясёлай.
У народзе кажуць, што жыццё пражыць — не поле перайсці. Сапраўды, каб спадарожнічала шчасце, патрэбна сустрэць чыстае і светлае каханне. У гэтым годзе ў нашай вёсцы стварыліся новыя сем’і. Віншаванні прымалі Галіна і Аляксандр Чырта, Яўгенія і Дзмітрый Мокаты, Вера і Аляксандр Сельмановічы, Юлія і Дзмітрый Зазуля, Вольга і Дзмітрый Кудзіны, Юлія і Дзмітрый Гаўрыльчыкі. Так хочацца верыць, што на сваім залатым вяселлі яны праз паўстагоддзе зноў скажуць адзін аднаму словы кахання.
Непаўторная наша вёска. Складаецца яна з асобных падворкаў, кожны з якіх мае свой твар. Гаспадары сядзіб імкнуцца зрабіць свае двары прывабнымі, утульнымі і прыгожымі. Самым лепшым сёлета прызнаны двор Таццяны і Уладзіміра Рунёвых, на другім месцы – Наталлі і Уладзіміра Зубікаў, на трэцім – Ніны і Івана Навумчыкаў. Усе яны атрымалі граматы і падарункі. Стараста вёскі Таццяна Горбік назвала прозвішчы гаспадароў, якія заўсёды пад-трымліваюць парадак. Граматы за гэта ўручаны Ганне Сцепанчук, Надзеі Жыгар, Ганне Рагацэвіч, Святлане Гарон, Ірыне Войцік, Аляксандры Столяр, Галіне Здановіч, Алене Дыдышка, Марыі Аліевай.
Шмат цёплых слоў прагучала ў адрас хлебаробаў. Хлебам-соллю ўраджаю-2010 сустракалі старшыню СВК «Востраў-Агра» Уладзіміра Мароза, пераможцу спаборніцтва сярод удзельнікаў жніва ў гаспадарцы Максіма Горбіка, лепшага шафёра Дзмітрыя Бародзіча.
Святочная атмасфера панавала на плошчы ля сельскага Дома культуры. Назвы выстаў, якія экспанаваліся тут, гавораць самі за сябе: «Вёска ў мінулым», «Сучаснае жыццё вёскі», «Гаспадынька-2010», выстава дзіцячага малюнка «Вёсачка мая, мая чараўніца», «Дары зямлі сваімі рукамі», «Горад майстроў», «Парад кветак». Працавала спартыўная пляцоўка. Вуліцы Вострава віталі Маці-Вёску. Дзеці бавіліся на надзіманай горцы. Шматлюдна было ў гандлёвых радах. Многія вяскоўцы былі ўзнагароджаны падарункамі. А вясёлы настрой ствараў для вастраўчан цудоўны калектыў Дабромысльскага Дома культуры Івацэвіцкага раёна.
Дапамогу ў арганізацыі свята вёскі мы атрымалі ад старшыні гаспадаркі Уладзіміра Мароза, старшыні сельвыканкама Уладзіміра Тадры, ляснічага Востраўскага лясніцтва Сяргея Амбражэя, ад Ірыны Лук’янчык і Міхаіла Жарскага, настаўніцы Наталлі Петуховай і моладзі нашай вёскі. Былі кветкі, сюрпрызы, песні і радасць ад сустрэчы, за шчырую размову, за сем’і, вялікія і зладжаныя, якія жывуць у Востраве. І былі добрыя пажаданні:
Калі ў нашай вёсцы нарадзіліся,
То каб весяліліся;
Калі ажаніліся,
То каб любіліся;
Калі пасварыліся,
Каб памірыліся.
Каб заўсёды ў шчасці, міры і згодзе жылі, і каб цвіла наша вёсачка, наша чараўніца.

Валянціна ГОЎША, дырэктар Востраўскага СДК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *