80! Раёнка: ёсць што ўспомніць. 24 кастрычніка 2023 года – юбілейная дата ў календары «Ляхавіцкага весніка»! 80-годдзе адзначае наша любімая раёнка

Сёлета не толькі юбілей у нашай раёнкі, але і мой асабісты – прафесійны. Паўстагоддзя назад я прыйшла на практыку лінатыпісткай у ляхавіцкую друкарню, якая была адным цэлым з раённай газетай «Будаўнік камунізму».

У калектыве прыжылася, таму і быў адпраўлены запыт на маё размеркаванне ў Ляхавічы. Вось і пачалася мая самастойная праца: у друкарні набірала газету на лінатыпе. Колішні рэдактар «Будаўніка камунізму» Вікенцій Шталь прапанаваў працаваць машыністкай непасрэдна ў газеце. Згадзілася! У нас заўжды быў добры, зладжаны калектыў. Тон сярод журналістаў задавалі Аляксей Пятух, Уладзімір Бацкалевіч, фатографам быў Уладзімір Гурыновіч, карэктарам – Лілія Гілеп. Таленавітымі былі і маладыя кадры, якія потым сталі паспяховымі журналістамі, – Вольга Барадзіна, Аліна Лапіч, Ала Якубец. Напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў рэдакцыю прыйшлі Вольга Дашына, Валянціна Сарока, Святлана Бельмач, потым Іван Каваленка, Галіна Канько, Наталля Перапечка і іншыя. Мне давялося працаваць пры трох рэдактарах: Вікенціі Шталю, Іосіфе Карпызе, Вользе Барадзіной. І кожны з іх шмат зрабіў і для калектыву, і для развіцця газеты. Завяршыла сваю працоўную дзейнасць у «Ляхавіцкім весніку» спецыялістам па рэкламе.
Нам, ветэранам, прыемна, што нас не забываюць сённяшнія работнікі «Ляхавіцкага весніка», віншуюць са святамі, запрашаюць на мерапрыемствы. Вельмі важна адчуваць сябе незабытымі, патрэбнымі.
Віншую родную раёнку з 80-гадовым юбілеем! Жадаю і газетчыкам,
і чытачам моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.
Ала БУРВЕЛЬ,
ветэран працы рэдакцыі.