Поўныя шохі радуюць вока. Сёлета Ляхавіцкі льнозавод нарыхтаваў рэкордную колькасць сыравіны
Раслінаводчы сезон падыходзіць да завяршэння. У сельскагаспадарчых палях раёна працягваюць заставацца толькі кукуруза і цукровыя буракі. Ды і ўборка названых культур перасягнула ўжо экватар. А, напрыклад, з асабліва працяглай па часе, многаэтапнай уборачнай кампаніяй ільну-даўгунцу нашы прадпрыемствы паспяхова завяршылі.

Так званая тэрыторыя сыравіннага двара ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» выглядае вельмі аптымістычна, з прэтэнзіяй на бязбедную
забяспечанасць асноўнай вытворчасці льнотрастой на, як мінімум,
бліжэйшы год работы. Усе капітальныя складскія нішы запоўнены аб’ёмнымі прэс-рулонамі трасты, што называецца, пад завязку.
У «перакладзе» на масавыя паказчыкі гэта азначае, што толькі з уласных палеткаў сабрана больш за 11 тысяч тон ільнотрасты. Але ж варта ведаць, што ў сыравінную базу нашага перапрацоўшчыка ўваходзяць ільнопалеткі Ляхавіцкай міжраённай ільнонасенстанцыі і Баранавіцкага райаграсэрвіса. І калі льнозавод і насенная станцыя ўборку вырашчанай прадукцыі ўжо завяршылі, то на льнопалях Баранавіцкага райаграсэрвіса ўборачныя работы па стане на сярэдзіну кастрычніка яшчэ працягваюцца. Траста з суседняга раёна ўсё яшчэ працягвае паступаць у «засекі» нашага акцыянернага таварыства. Адпаведна, пакуль няма і дакладнай агульнай лічбы льнонарыхтовак сезона-2025.
– Ёсць падставы спадзявацца, што яна, калі не перавысіць, то наблізіцца да 15 тысяч выніковых тон трасты, – асцярожнічае ў праг-
нозах вядучы аграном ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Мікалай Герасімовіч.
Дарэчы, да гэтага года рэкордная колькасць ільнотрасты – 12 тысяч тон – была нарыхтавана ў 2022-м. Сёлета рэкорд відавочна будзе пабіты.
Мікалай Герасімовіч нагадвае, што мінулы вытворчы сезон нельга
назваць асабліва льноспрыяльным.
Маўляў, яшчэ не «выветрыліся» з памяці зваротныя веснавыя зама-
разкі, з-за чаго дзясяткі льногектараў былі вымушаны перасейваць. А гэта дадатковая страта і без таго напружанага палявога часу і немалыя матэрыяльна-фінансавыя ўкладанні. Можна таксама ўзгадаць і пра недахоп вільгаці на першых этапах вырошчвання тэхнічнай культуры. І наадварот, сур’ёзны дождж і моцны вецер на этапе, калі лён ужо ці не поўнасцю вырас-падняўся і стаў асабліва ўразлівым да палягання пад уздзеяннем кліматычных фактараў.
– На момант пачатку цераблення прыкладна 70 працэнтаў нашых ільнопалёў былі пакладзены, зблытаны пад уздзеяннем дажджу і ветру поўнасцю ці часткова. Гэта адчувальна запаволіла
тэмпы цераблення: каб падняць і выцерабіць участкі з палегліцай, машыны павінны былі працаваць на паніжаных абаротах, часцей звычайнага спыняцца, вяртацца і пачынаць наноў. Хоць, калі ацэньваць уборачны цыкл-2025 у цэлым, то ўсё склалася нядрэнна. Дажджы здараліся, але не працяглыя. Была магчымасць працаваць планава, тэхналагічна, атрымалася выйсці на, лічу, нядрэнную ўраджайнасць сярэдняга гектара і, як вынік, багаты агульны валавы збор ільнотрасты, – працягвае размову спецыяліст і пры гэтым не ўпускае магчымасці яшчэ раз пахваліць асноўных сваіх механізатараў.
Што да ўраджайнасці заводскай ільняной нівы, то сёлета з кожнага
з 2 200 гектараў атрымалася падняць больш за паўсотні цэнтнераў трасты. Вынік упаўне сабе важкі, на 10 цэнтнераў перавысіў паказчык мінулага года.
– Ураджайнасць і адпаведна валавы збор любой сельскагаспадарчай культуры грунтуецца, па-першае, на тэхналогіі і, па-другое, паспяховасці дзеянняў насуперак неспрыяльным фактарам надвор’я. Напрыклад, у мэтах барацьбы з наступствамі замаразкаў у гэтым годзе наша прадпрыемства скарысталася новымі прэпаратамі. Назаву іх антыстрэсавымі, якія працуюць на ўмацаванне імунітэту нашай расліны. Але ж аснова – тэхналогія, без чаго ніякая «хімія» ўраджайнасць не выцягне, – акцэнтуе галоўны раслінавод
ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Мікалай Герасімовіч.
На будучы год заводскія вытворцы даўгунцу адступаць ад сваіх сёлетніх паказчыкаў не збіраюцца. Пачалі ўжо рэалізоўваць канкрэтныя мерапрыемствы, каб палявы сезон-2026 пераўзышоў сёлетні. Пасяўныя плошчы застануцца такімі ж – 2 200 гектараў. Палі ўжо вызначаны, больш таго, па стане на 15 кастрычніка, на больш як
1 700 будучых ільногектарах праведзена суцэльная апрацоўка гербіцыдам з утрыманнем гліфасаткампанентаў. І адразу за спрацоўкай гербіцыду завадчане прыступяць да зяблевага ўздыму будучых пасяўных плошчаў.
– І прыкладна ва ўнісон з зяблевымі работамі пачнецца падрыхтоўка льнонасення на будучы сезон. Па сартах, якога і колькі гектараў мяркуем сеяць, пакуль канчаткова не вызначыліся. Але магу сказаць, што ў гэтым годзе вельмі нядрэнна паказаў сябе «рубеж» айчыннай селекцыі, – адзначыў Мікалай Герасімовіч.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

