Жыхар Ляхавіцкага раёна злавіў рыбку коштам … 5000 рублёў

Залатая рыбка

Напрыканцы красавіка РАСК узбудзіў крымінальную справу ў адносінах жыхара Ляхавіцкага раёна 1953 г. н., які на Шчары ў перыяд дзеяння забароны рыбнай лоўлі вудзіў рыбу з выкарыстаннем забароненых сродкаў – пад’ёмных сетак. «Ураджай» – 44 асобіны рачной рыбы. Шкода, нанесеная навакольнаму асяроддзю, склала каля 5 000 рублёў. Па выніках расследавання рыбак-парушальнік кампенсаваў нанесеную шкоду, таму было прынята рашэнне аб вызваленні яго ад крымінальнай адказнасці з прымяненнем мер адміністрацыйнага спагнання.

Гарэлка і бяда – сінонімы

Вясковец пабіў свайго знаёмага пасля сумеснага распіцця спіртных напіткаў.
2 мая пацярпелы ад атрыманых цялесных пашкоджанняў, памёр. Падазроны заключаны пад варту. РАСК узбудзіў крымінальную справу па факце прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці.

Пад гіпнозам?

Райаддзел СК узбудзіў крымінальную справу па факце замаху на махлярства ў буйным памеры.
Падзеі адбываліся 14 красавіка. Патэлефанавалі на дамашні тэлефон ляхавічаніна 1989 г. н. – званіла быццам маці, якая са слязамі і крыкам расказвала, што трапіла ў ДТЗ і знаходзіцца ў бальніцы. Жанчына перадала трубку «доктару», пасля «галоўнаму ўрачу», якія паведамілі сыну, што «маці» патрабуецца тэрміновая аперацыя, а для яе – немалыя грошы. У выніку наш зямляк адправіўся ў банк для абмену 6 000 долараў ЗША. «Добразычліўцы» знаходзіліся на сувязі ўжо па сотавым тэлефоне і прасілі не класці трубку. Пасля абмену валюты ляхавічанін пачаў спрабаваць адправіць грошы праз інфакіёск на патрэбны рахунак. Калі не атрымалася, звярнуўся за дапамогай. А яму ў адказ, што, пэўна, цябе папросту разводзяць. Толькі пасля гэтага мужчына прыйшоў у сябе і патэлефанаваў у міліцыю і маці. На шчасце, махляры ў гэтай сітуацыі засталіся ні з чым.
Райаддзел СК праводзіць расследаванне.
Каб не стаць ахвярай махляроў, варта ў выпадку падобнага тэлефанавання адразу для высвятлення сітуацыі перазваніць сваім родным.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік РАСК.