Пад гіпнозам? Ляхавічанін мог пазбавіцца 6000 долараў ЗША, ці як не стаць ахвярай зламыснікаў

Райаддзел СК узбудзіў крымінальную справу па факце замаху на махлярства ў буйным памеры.
Падзеі адбываліся 14 красавіка. Патэлефанавалі на дамашні тэлефон ляхавічаніна 1989 г. н. – званіла быццам маці, якая са слязамі і крыкам расказвала, што трапіла ў ДТЗ і знаходзіцца ў бальніцы. Жанчына перадала трубку «доктару», пасля «галоўнаму ўрачу», якія паведамілі сыну, што «маці» патрабуецца тэрміновая аперацыя, а для яе – немалыя грошы. У выніку наш зямляк адправіўся ў банк для абмену 6 000 долараў ЗША. «Добразычліўцы» знаходзіліся на сувязі ўжо па сотавым тэлефоне і прасілі не класці трубку. Пасля абмену валюты ляхавічанін пачаў спрабаваць адправіць грошы праз інфакіёск на патрэбны рахунак. Калі не атрымалася, звярнуўся за дапамогай. А яму ў адказ, што, пэўна, цябе папросту разводзяць. Толькі пасля гэтага мужчына прыйшоў у сябе і патэлефанаваў у міліцыю і маці. На шчасце, махляры ў гэтай сітуацыі засталіся ні з чым.
Райаддзел СК праводзіць расследаванне.
Каб не стаць ахвярай махляроў, варта ў выпадку падобнага тэлефанавання адразу для высвятлення сітуацыі перазваніць сваім родным.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік РАСК.