На вудзе ў зламыснікаў. Нягледзячы на шматлікія папярэджанні, жыхары Ляхавіччыны ўсё ж трапляюць на вуду кібермахляроў
Супрацоўнікі РАСК узбудзілі крымінальную справу па частцы 1 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса па факце замаху на крадзеж
маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі.
Падзеі развіваліся па звычайным сцэнарыі. Ляхавічанцы 1964 г. н. патэлефанавалі і прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі. Свой званок суразмоўца патлумачыў тым, што на імя жанчыны невядомы хоча аформіць крэдыт. І каб вывесці махляроў на чыстую ваду, ёй самой патрэбна аформіць крэдыт.
«Міліцыянер» быў вельмі пераканаўчым, і жыхарка райцэнтра адправілася ў банк, аформіла заяўку на атрыманне крэдыту. Ёй была адобрана сума, якая склала каля 6 000 рублёў. Жанчына расказала сваім «добразычліўцам» пра афармленне крэдыту,
а ёй прапанавалі пакласці грошы на картку. Што яна і зрабіла і паведаміла зламыснікам патрэбныя рэквізіты.
На шчасце, грошы на карт-рахунак прыйшлі не адразу. Пра сітуацыю даведалася дачка пацярпелай, якая зразумела, што гэта падман,
і пераканала маці звярнуцца ў міліцыю.
Яшчэ адзін выпадак махлярства зарэгістраваны ў райцэнтры. Невядомая асоба ў месанджары і пад маркай дэкларавання
грашовых сродкаў пераканала ляхавічаніна 1973 г. н. прадаставіць ёй рэквізіты банкаўскага рахунку. Выкананне «парад» каштавала мужчыне больш за 700 рублёў.
Ляхавічанін 1987 г. н. павёўся на падман невядомай асобы, якая паведаміла, што на яго імя прыйшла пасылка, і каб яе атрымаць, неабходна аплаціць перасылку міжнароднага паштовага адпраўлення. Кошт «паслугі» абышоўся ў 2 000 рублёў.
Жаданне ляхавічаніна набыць кветкі па аб’яве ў адной з сацыяльных сетак каштавала яму 140 рублёў. Калі ён перавёў авансавы плацеж, то прадавец перастаў выходзіць на сувязь.
Жыхарка Навагрудка 2004 г. н. знаходзілася ў нашым раёне і вырашыла прадаць шубу са штучнага меху. Размясціла аб’яву на адной з гандлёвых пляцовак у інтэрнэце. Хутка і пакупнік аб’явіўся, які захацеў атрымаць рэч праз «Еўрапошту». Каб аплаціць ўсе
расходы, ён пераслаў спасылку, у выніку пераходу па якой з рахунку жанчыны спісана больш за 1 000 рублёў.
Супрацоўнікі РАСК папярэджваюць, што праваахоўныя органы не телефануюць насельніцтву з прапановай аформіць крэдыт.
Важна не перадаваць нікому рэквізіты банкаўскіх картак. Перад афармленнем крэдыту кансультавацца з блізкімі, а пры падазроных званках звяртацца ў міліцыю. Нікому не паведамляйце рэквізіты банкаўскіх карт (нумар, тэрмін дзеяння, CVV-код), коды з SMS (нават калі званок ідзе ад «банка»), паролі ад інтэрнэт-банкінгу, персанальныя даныя, у тым ліку ідэнтыфікацыйны нумар.
Памятайце, што супрацоўнікі банка і міліцыі ніколі не просяць пералічыць грошы на «ахоўныя рахункі», паведаміць рэквізіты банкаўскай карткі, устанавіць незнаёмыя праграмы і г. д.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік РАСК.

